Беларуская Служба

Эксперт: Калі б Польшча не ўступіла ў ЕС, то была б па ўзроўні развіцця крыху вышэй за Беларусь

30.04.2024 11:06
Польшча за 20 гадоў сяброўства ў ЕС зрабіла эканамічны скачок – лічбы ўражваюць.
Polacy boją się wpływu wojny w Ukrainie na sytuację gospodarczą
Polacy boją się wpływu wojny w Ukrainie na sytuację gospodarcząShutterstock/Mike Mareen

За 20 гадоў сяброўства ў Еўрасаюзе Польшча зрабіла эканамічны скачок. Гэта пацвярджае статыстыка – разрыў з наймацнейшымі эканомікамі Захаду ўсё меншы. Паводле экспертаў, вынікі не былі б такімі добрымі, калі б дзяржава не ўвайшла ў ЕС. Польшча з'яўляецца членам Еўрасаюза з 1 мая 2004 года.

ВУП на душу насельніцтва, вымераны па парытэту пакупніцкай здольнасці, з'яўляецца паказчыкам, які лепш за ўсё ілюструе скарачэнне адрозненняў у развіцці, таму што ён улічвае дыспрапорцыі ў цэнах на тавары і паслугі параўноўваемых эканомік. Дадзеныя статыстычнай службы ЕС Еўрастат сведчаць, што цягам апошніх 20 гадоў Польшча паступова даганяе «старыя» краіны Еўрасаюза і нават робіць гэта лепш, чым некаторыя краіны рэгіёну.

Паводле гэтай статыстыкі, у 2023 годзе ВУП на душу насельніцтва паводле парытэту пакупніцкай здольнасці ў Польшчы склаў 80% ад сярэдняга па Еўрасаюзу. У Партугаліі гэты паказчык склаў 83%, у Іспаніі – 89%, у Італіі – 97%, у Францыі – 101%, у Нямеччыне – 115% і ў Нідэрландах – 130%. Для параўнання, у 2004 годзе гэты паказчык для Польшчы быў на ўзроўні 51% ад сярэдняга па ЕС.

Рост ВУП

Паводле экспертаў Польскага эканамічнага інстытуту (PIE), калі б не сяброўства ў Еўрасаюзе і ўдзел у адзіным рынку, ВУП Польшчы на душу насельніцтва паводле парытэту пакупніцкай здольнасці сёння складаў бы прыкладна 60% ад сярэдняга па ЕС. У Польшчы з 2004 года гэты паказчык павялічыўся больш чым у два разы (у абсалютных лічбах). Сярод краін ЕС такі вынік зафіксавала толькі Літва.

Прэзідэнт і галоўны эканаміст Форуму грамадзянскага развіцця Марцін Зялінскі ў інтэрв'ю PAP падкрэсліў, што, паводле розных аналізаў, польскі ВУП на душу насельніцтва цяпер ад дзясятка да 50 працэнтаў вышэйшы, чым быў бы, калі б Польшча не далучылася ЕС. «Гэта азначае, што калі б мы не ўступілі ў Еўрасаюз, мы былі б па ўзроўні развіцця крыху вышэйшы за Беларусь. Сёння мы паступова набліжаемся да сярэдняга еўрапейскага ўзроўню, няма ўжо такога разрыву паміж узроўнем жыцця палякаў і грамадзян заходнееўрапейскіх краін, як гэта было ў часы Польскай Народнай Рэспублікі ці нават у 1990-я гады. Пакупніцкая здольнасць польскіх заробкаў расце прыкладна такімі ж тэмпамі, што і рэальны ВУП. Дадзеныя паказваюць вялікі эканамічны скачок Польшчы», – адзначыў ён.

Рэформы

На яго думку, уступленне ў ЕС было таксама гарантыяй працягу ўнутраных рэформаў. «Калі б не перспектыва ўступлення ў ЕС у пачатку гэтага стагоддзя, рэформы, пачатыя ў Польшчы ў канцы 1980-х – пачатку 1990-х гадоў, магчыма, не былі б працягнуты або нават адменены. Сёння мы былі б на ўзроўні краін, якія не мелі такіх перспектыў, напрыклад, Беларусі ці Украіны», – мяркуе Марцін Зялінскі.

Як кажа Зялінскі, перавагі сяброўства Польшчы ў ЕС велізарныя. У прыватнасці, польскія кампаніі маюць доступ да агульнага вялікага рынку, а польскія спажыўцы маюць доступ да больш таннай прадукцыі.

Для Польшчы сяброўства ў Еўрасаюзе азначала падвышэнне канкурэнтаздольнасці прадпрыемстваў, павелічэнне прытоку замежных інвестыцый і перадачу інавацый з Захаду.

«Заходнія кампаніі скарысталіся магчымасцямі, і краіны, якія ўступілі (у ЕС) у 2004 годзе, атрымалі вялікія замежныя інвестыцыі», – кажа аналітык брусельскага аналітычнага цэнтра Bruegel Зсолт Дарвас (Zsolt Darvas).

Уплыў сродкаў Еўрасаюза на эканоміку новых краін ЕС з'яўляецца дыскусійным пытаннем.

«Некаторыя даследаванні паказваюць, што гэтыя фонды вельмі добра працуюць і адказваюць за рост, нават у доўгатэрміновай перспектыве. Іншыя даследаванні больш скептычныя. Таму роля фондаў ЕС спрэчная. Аднак прамыя замежныя інвестыцыі і ўнутраны рынак з'яўляюцца ключавымі фактарамі, якія дазволіла Польшчы хутка расці», – сказаў ён.

Дэмаграфічны выклік

На думку Дарваса, выклікам для Польшчы ў бліжэйшыя гады будзе дэмаграфія, таму што статыстыка нараджальнасці нізкая, што будзе азначаць недахоп працоўнай сілы. «Працэс канвергенцыі польскай эканомікі будзе працягвацца, і адрозненні ў параўнанні з найбольш развітымі эканомікамі ЕС будуць змяншацца. Крытычным пытаннем будзе тое, як Польшча і іншыя краіны будуць развіваць (эканамічную) дзейнасць з высокай дабаўленай вартасцю, таму што толькі гэта будзе у стане гарантаваць далейшае збліжэнне», – падкрэсліў эксперт.

forsal.pl/вх