Беларуская Служба

Вікторыя Фёдарава пра інспекцыю ў рэчыцкай калоніі: Гэта экскурсія, на якой членам камісіі прапануюць суп, кампот і булачкі

30.04.2024 17:05
26 красавіка рэспубліканская камісія «праверыла» жаночую калонію, дзе, паводле праваабаронцаў, здзекваюцца над палітвязнямі.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:ErikaWittlieb/CC0 Public Domain/pixabay.com

Міністэрства юстыцыі Беларусі 26 красавіка адправіла рэспубліканскую камісію ў жаночую папраўчую калонію № 24 у Рэчыцкім раёне. Там адбываюць пакаранне некалькі палітвязняў беларусак, якія скардзіліся на самавольства з боку адміністрацыі.

Прадстаўнікі камісіі „пазнаёміліся з умовамі побыту асуджаных, арганізацыяй іх вольнага часу, умовамі арганізацыі працоўнай дзейнасці, медыка-санітарнага забеспячэння, правялі гутаркі з асуджанымі", а таксама іх анкетаванне. Паводле выніковай справаздачы, інспектары ніякіх парушэнняў не знайшлі.

Старшыня «Прававой ініцыятывы» Вікторыя Фёдарава заявіла Беларускай рэдакцыі Польскага радыё, што яна абсалютна не здзіўлена такім вынікам праверкі:

- Нават, калі б у складзе гэтай камісіі былі самыя добрасумленныя і незалежныя людзі, то яны таксама не змаглі б нічога зрабіць. На сістэмных узроўні, паводле заканадаўства, яны не маюць права размаўляць з вязнем без прысутнасці прадстаўніка адміністрацыі калоніі. Зразумела, што у такой сітуацыі яны не атрымаюць ніякай сапраўднай інфармацыі. Яны не маюць права наведваць такіх месца ШЫЗА, памяшканняў камернага тыпа, не могуць рабіць здымкаў ці запісваць відэа. Яны не могуць наведаць калонію без папярэджання. Такая інспекцыя нагадвае экскурсію, на якой членам камісіі прапануюць суп, кампот і булачкі. Падчас іх ніякіх парушэнняў звычайна не знаходзяць.

- кажа кіраўнічка «Прававой ініцыятывы» Вікторыя Фёдарава.

У сваю чаргу «Люстэрка» нагадае, што ў Папраўчай калонія №24 адбываюць пакаранне некалькі палітвязняў беларусак, сярод іх Паліна Шарэнда-Панасюк і Вікторыя Кульша.



Летам мінулага года праваабаронцы паведамілі, што Паліну Шарэнда-Панасюк збілі ў калоніі іншыя асуджаныя. На яе таксама завялі справу «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы».

Вікторыя Кульша ў той жа калоніі падвяргалася псіхалагічнаму і фізічнаму ціску. Яе таксама судзілі па артыкуле аб злосным непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі.

аз