Беларуская Служба

У Польшчы набірае папулярнасць кулінарны турызм. Яго аматарам ёсць у чым выбіраць

30.04.2024 17:56
Падчас паездкі можна не толькі наведваць гістарычныя помнікі, але і каштаваць смачныя стравы.
Аўдыё
  • Кулінарны турызм у Польшчы.
 -     .
Май - добры час на кулінарныя падарожжы.Фота: Pixabay.com/RitaE

Пачатак мая – папулярны час адпачынку. Палякі па традыцыі пачынаюць сезон барбекю, але гэта не адзіная страва, з якой можна пазнаёміцца падчас вясенніх падарожжаў.

Калі хтосьці выбірае падарожжа па Польшчы, ён можа знаёміцца з асаблівасцямі розных рэгіёнаў краіны з рознага пункту гледжання. Гэта значыць, не толькі наведваць гістарычныя помнікі, але таксама каштаваць смачныя стравы, характэрныя для дадзенага рэгіёну. Карэспандэнтка Польскага радыё запытала жыхароў Польшчы, якія стравы яны хацелі б спрабаваць пры нагодзе падарожжа па краіне.

- Дзесьці каля Беластока – я чуў пра так званую юрту. Я хацеў бы спрабаваць татарскую кухню. Даведацца пра нешта новае.

- Рыбка – гучыць прыемна. Свежая, з лімонам. І каб есці ў месцы з відам на мора.

-Я вельмі люблю Мазуры, а там трэба абавязкова пакаштаваць рыбу з мясцовых азёр.

- Сілезія, там багатая кухня. Мучныя стравы, а таксама мясныя.

- А я раю паехаць у горы Бяшчады. Там вельмі цікавыя рэгіянальныя прадукты. Я асабіста люблю вегетарыянскую кухню, паколькі сама не ем мяса. Напрыклад, перогі па-лэмкаўску.

- Гэта вельмі складанае пытанне. Я нядаўна ўлюбіўся ў горы, усім раю паехаць. І спрабаваць мясцовую кухню. Рэбрышкі, свіная рулька з півам. Геніяльна. Я гэта еў дзесьці недалёка ад Бялкі Татшаньскай. Сыр асцыпэк – гэта класіка. Вельмі смачны сыр.

У Польшчы 1 і 3 мая – свабодныя ад працы дні. Сёлета гэтыя даты выпадаюць на рабочыя дні, і таму доўгія выходныя атрымліваюцца выключна доўгімі. Дастаткова ўзяць два дні водпуску, каб атрымаць дзевяць свабодных дзён. І можна ехаць адпачываць. Не ўсе могуць сабе дазволіць даўжэйшае падарожжа за мяжу, можна выбраць Польшчу. Праўда, цэны падарожжаў унутры краіны пастаянна растуць, але кароткая паездка абыдзецца хутчэй за ўсё танней, чым замежнае падарожжа.

Дырэктар дэпартаменту падтрымкі развіцця турызму Польскай турыстычнай арганізацыі Яцэк Яноўскі (Jacek Janowski) кажа, што, паводле апытання, праведзенага яшчэ перад святамі, амаль палова палякаў сказалі, што яны плануюць падарожжа. І многія ахвотна каштуюць падчас паездкі новыя стравы.

- 43% палякаў казалі, што яны намераны выехаць на майскія святы. Гэта на 10% больш, чым летась. У тым ліку кожны чацвёрты падарожнічае па Польшчы. Прапанова на столькі шырокая, што можна выбіраць тэматычныя падарожжы. Я прапаную пацікавіцца кулінарнымі асаблівасцямі. Кулінарны турызм узбагачае культуру, узбагачае культурную спадчыну. Кожны рэгіён мае багатую кулінарную прапанову, існуе шмат кулінарных напрамкаў падарожжа. Сярод самых цікавых – гэта Сілезскія смакі. Калісьці Сілезія атаясамлівалася толькі з прамысловасцю, а цяпер гэта стаў цікавы турыстычны напрамак. Усё часцей турысты едуць ад рэстарана да рэстарана, ад карчмы да карчмы, каб скаштаваць мясцовыя стравы, звязаныя з дадзеным рэгіёнам.

Паездкі, звязаныя не толькі з азнаямленнем з гістарычнай спадчынай, але таксама і з кулінарнымі традыцыямі, гэта ўжо сусветны трэнд. Сусветная турыстычная арганізацыя паведамляе, што больш за палову турыстаў, а дакладна 53%, шукае падчас падарожжаў цікавыя рэгіянальныя стравы. Нездарма такой папулярнасцю карыстаецца рэйтынг кампаніі Мішлен, якая ацэньвае рэстараны і дае ім “зоркі”. Гэта вельмі прэстыжны рэйтынг, хоць і ладзіць яго фірма, якая вырабляе аўтамабільныя шыны. У Польшчы ёсць гарады, якія маюць ацэнку ад Мішлен.

- На дадзены момант ёсць ужо тры гарады, якія маюць “зорачкі” Мішлен. Акрамя таго, 49 рэстаранаў атрымалі рэкамендацыю ад кампаніі. Гэта вельмі прэстыжная адзнака, якая паказвае, што ў нас ёсць вельмі добрыя рэстараны, якія адказваюць сусветным кулінарным трэндам.

Кулінарны турызм можна, канешне, спалучаць з іншымі формамі адпачынку, найлепш актыўнага, калі турысты любяць пад’есці. А на актыўны адпачынак ідэальна падыходзіць роварны турызм. Аматары двухколавых машын знойдуць у Польшчы ідэальныя ўмовы для язды. Напрыклад, прапануем выбраць Усходні роварны маршрут (Green Velo). Яго працягласць - амаль 2000 кіламетраў. Гэта самы доўгі роварны маршрут у Польшчы. Ён праходзіць праз пяць ваяводстваў: Вармінска-Мазурскае, Падляскае, Люблінскае, Падкарпацкае і Сьвентакшыскае. Канешне, за некалькі дзён майскіх свят цяжка праехаць яго ад пачатку да канца, але можна выбіраць яго адрэзкі, а іншыя пакінуць на больш доўгі водпуск.

I Pr. Polskiego Radia/нг