Беларуская Служба

Выбары ў Еўрапарламент і Алімпіяда — мэты для дэзінфармацыі ў Еўропе

30.04.2024 19:06
Перад выбарамі ў Еўрапарламент усё часцей з’яўляецца інфармацыя пра дзеянні Расіі ў інфармацыйным полі. Сучасныя тэхналогіі даюць вялікія магчымасці для маніпуляцый грамадскай свядомасцю.
Аўдыё
W czasie kampanii wyborczej zagrożenie dezinformacją i fake newsami jest szczególnie duże
W czasie kampanii wyborczej zagrożenie dezinformacją i fake newsami jest szczególnie dużeshutter/Bits And Splits

У сучасным інфармацыйным свеце менавіта інфармацыя ва ўсіх яе праявах лёгка становіцца аб’ектам для маніпулятыўных захадаў. Гэта тычыцца і палітычных кампаній, і звычайнага махлярства з мэтай атрымаць лёгкія грошы.

Бліжэйшыя месяцы на тэрыторыі Еўрасаюза будуць рэалізаваныя дзве вялікія кампаніі — адна ў палітычным полі, другая — у спартыўным. Размова пра выбары  ў Еўрапарламент — гэта буйнейшая ў свеце электаральная кампанія, права голасу ў ёй маюць каля 400 млн чалавек. Летам у Парыжы пройдуць Алімпійскія гульні — найбольшыя спартыўныя спаборніцтвы свету. І гэта ў суме дае аграмаднае поле для інфармацыйных маніпуляцый, скіраваных на мільёны чалавек.

Еўракамісія распачала праверку Meta — падазраюць у распаўсюдзе дэзінфармацыі з Расіі

Еўрапейская камісія распачала справу супраць кампаніі Meta, якой належаць Facebook і Instagram, за дэзінфармацыю з Расіі. Камісія падазрае, што папулярныя інтэрнэт-платформы не адпавядаюць патрабаванням па барацьбе з распаўсюджваннем хлусні і скаардынаваных замежных маніпуляцый. Калі Брусэль выявіць парушэнне заканадаўства ЕС, амерыканскай кампаніі Meta пагражаюць высокія фінансавыя штрафы.

Гэта рэакцыя Еўракамісіі на паведамленні аб узмацненні расійскай дэзінфармацыі і распаўсюдзе ў сацыяльных сетках кампаніі, якая мае на мэце паўплываць на вынікі чэрвеньскіх выбараў у Еўрапарламент.

«Гаворка ідзе аб абароне еўрапейцаў ад дэзінфармацыі і маніпуляцый. Калі мы падазраём парушэнне правілаў, мы прымаем меры», — пракаментавала прэзідэнт Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен.

У Камісіі мяркуюць, што Facebook і Instagram недастаткова абмяжоўваюць рэкламу, кампаніі па дэзінфармацыі і скаардынаваныя ботафермы, якія прасоўваюць пракрамлёўскія наратывы. Эксперты ЕС таксама заявілі, што платформы Meta могуць выкарыстоўвацца для масавага махлярства і рэкламы з дапамогай штучнага інтэлекту.

Дэзінфармацыя ў парадку дня міністраў Веймарскага трохкутніка

Тэму дэзынфармацыйных атак абмяркоўвалі і міністры па справах Еўропы краін Веймарскага трохкутніка — Францыі, Германіі і Польшчы - падчас сустрэчы ў Парыжы.

Французскае ўрадавае агенцтва Viginum выявіла 31 партал, які распаўсюджвае крамлёўскую прапаганду, створаны ў канцы сакавіка ў рамках расійскай аперацыі пад кодавай назвай «Партал Камбат».

«Гэтыя вэб-сайты арыентаваны на 19 краін-членаў Еўрасаюза, а таксама на краіны Заходніх Балкан, Афрыкі і Азіі», — заявіў міністр па еўрапейскіх справах Францыі Жан-Ноэль Баро пасля сустрэчы са сваімі калегамі Ганнай Люрман і Адамам Шлапкам.

«Я заклікаю буйныя сацыяльныя медыя-платформы прыняць адпаведныя меры для блакіроўкі тых сайтаў, якія былі прызнаныя датычнымі да замежнага ўмяшання ў выбарчы працэс», — звярнуўся французскі міністр.

Два месяцы таму краіны трохкутніка заявілі аб выяўленні сайтаў з расійскай прапагандай. Тады яны абвясцілі аб стварэнні агульнага механізму папярэджання і барацьбы з дэзінфармацыйнымі атакамі. Сустрэча міністраў у еўрапейскіх справах Францыі, Германіі і Польшчы завяршылася прыняццем сумеснай дэкларацыі, у якой — акрамя барацьбы з прапагандай — таксама гаворыцца аб абароне вяршэнства права ў ЕС і падтрымцы еўрапейскіх памкненняў Украіны і Малдовы.

Да слова, улады Францыі рыхтуюцца да такіх магчымых атак у інфармацыйнай сферы ў сувязі з Алімпійскімі гульнямі. Як паведамляла французскае выданне  Le Monde са спасылкаю на Франца Рэгула, які адказвае за бяспеку інфармацыйных сістэм у аргкамітэце Алімпіяды, найбольшая колькасць сцэнарыяў тычацца дыверсійных аперацый. Le Monde нагадвае, што вялікія падзеі — гэта магчымасць для пэўных сектараў кіберзлачыннасці.

Непасрэдна гульні могуць, напрыклад, стаць аб'ектам фішынгавых аперацый (выманьвання персанальных даных шляхам выдачы сябе за ўстанову) і масавай адпраўкі тэкставых паведамленняў або электронных лістоў гледачам або іншым людзям, зацікаўленым у мерапрыемстве. Летась паліцыя паведаміла аб выяўленні 44 несапраўдныя інтэрнэт-пляцоўкі, якія прапаноўвалі білеты на гульні.

Аргкамітэт Алімпіяды, у прыватнасці, распачаўс пастаянны маніторынг інтэрнэт-прасторы, каб прадухіліць выкарыстанне даменных імёнаў, якія імітуюць Алімпіяду. Для абароны тых, хто ўжо набыў білеты, пашыраны маніторынг звестак, якія з'яўляюцца ў аб'явах аб продажы на чорным рынку. Важным аспектам, які кантралююць улады да і падчас Гульняў, з'яўляюцца кампаніі па дэзінфармацыі ў інтэрнэце. «Le Monde» у гэтым кантэксце нагадвае, што МЗС Францыі ўсё часцей публічна гаворыць пра «аперацыі лічбавага ўплыву, якія прыпісваюцца расійскім акторам».

IAR/ PAP/вх