Беларуская Служба

«Мама, я спадзяюся, ты не памерла і мы хутка пабачымся» — пра што расказваюць экспанаты выставы пра палітзняволеных

15.05.2024 13:26
Яўгенія Доўгая распавядае пра выставы рэчаў былых палітзняволеных беларусак.
Аўдыё
    .
Выстава рэчаў былых палітзняволеных жанчын.Фота: Яўгенія Доўгая

У Музеі Берлінскага муру будзе знаходзіцца выстава артэфактаў беларускіх палітзняволеных жанчын. Куратары абяцаюць, што экспазіцыя будзе працаваць да моманту, пакуль у Беларусі не зменіцца рэжым — то бок пакуль яна неакрэсленая ў часе.

Паразмаўлялі з заснавальніцай ініцыятывы «Палітвязынка» Яўгеніяй Доўгай пра рэчы з беларускіх СІЗА і калоніі, якія сталі музейнымі экспанатамі.

Яўгенія Доўгая кажа, што ад пачатку не надта спадзявалася, што атрымаецца сабраць рэчы для выставы — не так проста нешта вынесці з калоніі, не так проста гэта вывезці з Беларусі. Але на заклікі адгукнулася шмат жанчын. І для выставы атрымалася сабраць каля трох дзясяткаў экспанатаў: ад турэмнай формы да лістоў і касметыкі, сродкаў догляду, якімі жанчыны маглі карыстацца ў зняволенні. Ёсць сукенка з суда — белая з чырвонымі гузікамі — былой палітзняволенай, супрацоўніцы музея Рэгіны Лавор. Яе асудзілі да хатняй хіміі, але сын жанчын працуе ў міліцыі,  гэта складаная сямейная гісторыя.

— Пачалі казаць, што нехта можа перадаць свой асабісты дзённік з СІЗА, нехта вынес форму з калоніі — ружовую сукенку і хустку да яе, ватнік з калоніі. Ёсць шкарпэткі, якія маці перадавала дачцэ ў СІЗА, ёсць паштоўкі малюнкі. Напрыклад, шасцігадовы хлопчык пісаў маці: «Мама, я спадзяюся, што ты не памерла і мы хутка пабачымся». Ёсць кіпяцільнік — важная рэч турэмнага побыту. Чорныя жаночыя майткі з вышытым на іх імем палітзняволенай — такія правілы. Мне таксама дасылалі фотаздымкі з жаночых маршаў, яны ёсць на выставе, але твары на іх заблюраныя.

На пытанне, якія рэчы найбольш уразілі Яўгенію, яна кажа пра вопратку з калоніі.

На год жанчыне ў калоніі дазволена перадаць шэсць майткоў — трое чорных і трое белых

«Калі шчыра, то гэта сукенка ружовая з хусткай, была цэлая спецаперацыя, каб яе вывезці. Яна з тонкай тканіны – паркалёвая, а жанчыны ў гэтых сукенках круглы год — і ў спёку, і ў холад, і ў дождж. Сукенка і хустка ўжо ў дзірках, выцвілыя, па ім бачна, як шмат яны перажылі разам са зняволенай. Яшчэ чорныя турэмныя майткі з вышытым імем. На год жанчыне ў калоніі дазволена перадаць шэсць майткоў — трое чорных і трое белых. Гэта вельмі мала. Дзяўчына, якая перадала  гэтую рэч, праходзіла па справе студэнтаў, ёй было 19 гадоў на момант суда, яна адбыла 2,5 гады зняволення ні за што. Гэтыя майткі моцна заношаныя і на іх старанна вышытае імя «Кася». Гэта ўражвае: маладая жанчына   мусіла б насіць прыгожую бялізну, насалоджвацца жыццём, а не праходзіць гэтыя жахі», — разважае Яўгенія.

Яўгенія Доўгая кажа, што было б добра, каб пра выставу казалі беларусы, якія цяпер выступаюць ад імя Беларусі, бо гэта матэрыяльная гісторыя чалавечых лёсаў, па якіх праехаў рэпрэсіўны каток.

«Гэта не проста «бабы прыслалі свае рэчы». Не! За кожнай рэччу стаіць паламанае жыццё».

Паводле дадзеных ад праваабаронцаў цэнтра «Вясна», з 2020-га года не менш за восем тысяч жанчын прайшлі праз палітычны пераслед — гэта і крымінальныя, і адміністрацыйныя справы. Цяпер у зняволенні паводле палітычных абвінавачванняў знаходзяцца 195 жанчын (з вядомай праваабаронцам інфармацыі, а яна няпоўная), гэтая лічба можа крыху змяняцца – нехта выходзіць, некага садзяць, але агулам яна трымаецца на такім узроўні ўжо некалькі год.


вх