Беларуская кніга перажывае цяпер складаныя часы. У самой Беларусі зачыняюць дзяржаўныя беларускамоўныя выдавецтвы, незалежныя выдаўцы былі вымушаныя з’ехаць з краіны. Кантакт паміж чытачамі ды аўтарамі і выдаўцамі парушаны ды абцяжараны межамі, адлегласцю, эміграцыяй. У гэтых умовах вось ужо другі год працуе новае выдавецтва «Скарына», якое было заснаванае беларускім і брытанскім выдаўцом, гісторыкам, бібліятэкарам Ігарам Івановым і яго аднадумцамі.
Выдавецтва выдае мастацкую літаратуру, навуковыя даследаванні, кнігі для дзяцей. Пра тое, як пачынаць беларускае выдавецтва за мяжой, ці можна на гэтым зарабіць, мы паразмаўлялі з адным з заснавальнікаў Ігарам Івановым.
- Фактараў шмат, якія дапамагалі ды заахвочвалі. Першы – гэта інтарэс да выдавецкай справы. Другі – наяўнасць у Лондане моцнай беларускай супольнасці. Там ёсць установы ды арганізацыі, якія дзейнічаюць ужо 80 год, ёсць вельмі інтэлектуальныя людзі, ёсць сувязі з іншымі беларускімі асяродкамі ў свеце. Таму там пастаянна штосьці адбываецца і ствараецца. Пішуцца кнігі ды артыкулы, ладзяцца сустрэчы. У гэтым асяроддзі выдавецтву было прасцей з'явіцца.
Скарына гэта адлюстраванне сувязі са Скарынаўскай бібліятэкай?
- Мы не з’яўляемся часткай бібліятэкі ды фармальных залежнасцяў няма, але скарынаўская традыцыя ў Лондане вельмі моцная. У свой час лонданская бібліятэка была адзінай, якая насіла імя Скарыны ў свеце, і таму, калі паўстала пытанне як назвацца, асаблівых сумневаў не было.
Рэальна беларускаму выдавецтву за мяжой выжыць ды зарабіць на беларускіх кнігах?
- Выдавецтва трымаецца на энтузіязме каманды. Гэта група людзей у Брытаніі, Літве ды Нямеччыне. Без іх гэта было б немагчыма.
Ці вы пралічвалі, што праз год ці два выйдзеце са страт?
- Не, мы не пралічвалі. Мае чаканні аказаліся памылковымі. Я не разлічваў наколькі складана выдаваць беларускія кнігі ў Брытаніі, якая знаходзіцца па-за Еўрасаюзам. Гэта адразу адсякае рынак ЕС у плане распаўсюду кніг поштай. Таму першай задачай стала стварэнне базы ў ЕС, каб гандляваць.
Вы актыўна ездзіце, сустракаецеся з дыяспарай у розных краінах: у Грузіі, Літве, Польшчы, не складана жыць на валізках, быць сучасным кніганошам?
- Мне падабаецца быць кніганошам, гэта рамантычна ды эмацыйна, бо сустракаешся з людзьмі. Гэта забірае шмат часу, і таму хацелася б больш паездак, але гэта немагчыма з пункту гледжання выдавецтва. Паездкі патрэбныя, бо людзі любяць узяць кнігу ў рукі, перад тым як купіць. Зацікаўленасць кнігамі ёсць сярод беларусаў.
Вы не адзінае беларускае выдавецтва, якую нішу для сябе Вы бачыце?
- Паколькі мы ў Брытаніі, у краіне, дзе мала кантролю над тым, што людзі робяць і думаюць, мы можам выдаваць тых, каго ніхто іншы не выдае. Так мы выдалі анталогію беларускага гей-пісьменства, выдаём забытыя творы, некамерцыйную літаратуру.
Якія навінкі Вы рыхтуеце да друку цяпер?
- У наступным месяцы ў нас выходзіць альбом з экспедыцыі Вацлава Ластоўскага 1928 года. Я спадзяюся, што гэта будзе пачаткам супрацы са скарынаўскай бібліятэкай, якая проста скарб беларускіх рарытэтаў. Рыхтуем публікацыю пра беларускія маркі, пра спорт. Будзе шмат цікавага.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч