Беларуская Служба

«Адважны і верны» - дэвіз самай маленькай арміі ў свеце (ФОТА)

12.05.2024 09:17
6 мая сваё свята адзначала швейцарская гвардыя, якая ўжо 518 гадоў ахоўвае Папу і Ватыкан.
Аўдыё
  • «Адважны і верны» - дэвіз самай маленькай арміі ў свеце
Швейцарская гвардыя PAP/EPA/FABIO FRUSTACI

Швейцарская гвардыя, якую называюць «самай маленькай арміяй у свеце», сёння налічвае 135 салдат. Яна была заснавана 22 студзеня 1506 года папам Юліем II.

Гвардыя з'яўляецца асабістай аховай Папы і суправаджае Святога Айца ў яго замежных паездках. Яна таксама нясе ганаровую варту падчас цырымоній з удзелам біскупа Рыма. Гвардзейцы ахоўваюць Апостальскі палац і, часткова з ватыканскай жандармерыяй, Дом Святой Марты, дзе жыве Папа Францішак. У 2013 годзе, падчас вакантнасці Апостальскай Сталіцы, яны кіравалі ходам канклаву.

Падчас цырымоніі прысягі гвардзейцы апранутыя ў парадную форму з цёмна-сінімі, чырвонымі і жоўтымі палосамі і даспехі, якія яны апранаюць у асаблівых выпадках, гэта значыць падчас папскага благаслаўлення «Urbi et Orbi», на Каляды і Вялікдзень.

Дзень гвардыі, які адзначаецца 6 мая, у памяць аб падзеях 1527 года, калі падчас бітвы за Рым, атакаваны войскамі імператара Карла V, загінула шмат салдат, абараняючы папу Клімента VII.

Пра гэта ў эфіры Польскага радыё распавядаў гісторык, айцец Генрык Малецкі:

-Папа стаў на бок караля Францыі. У выніку імператарскія войскі ўварваліся ў Рым, разграмілі яго, дабраліся ў Ватыкан. І тады з 189 гвардзейцаў засталіся толькі 42. Яны настолькі адважна змагаліся за Папу, даючы яму магчымасць уцячы.

Швейцарская гвардыя Швейцарская гвардыя

Прыналежнасць да гвардыі — гэта не толькі вайсковая служба, але і сведчанне ўсяго жыцця, што часта падкрэсліваў Папа Ян Павел ІІ (памёр у 2005 г.). У 2004 годзе падчас сустрэчы з былымі гвардзейцамі ў Швейцарыі ён сказаў, што кожны з іх карыстаецца яго асабістым прызнаннем:

-Шчыра дзякую вам за ўсё, што вы зрабілі і будзеце рабіць. У той жа час заахвочваю вас працягваць сваю руплівасць сведчання аб Хрысце і вашай вернасці Касцёлу ў зменлівым свеце. Благаслаўляю вам ад душы. Няхай Дзева Марыя заўсёды ахоўвае вас і вашы сем’і.

У гвардыі служаць толькі швейцарцы, католікі з бездакорнай рэпутацыяй, якія прайшлі тэрміновую вайсковую службу ў сваёй краіне. Акрамя адукацыі, кандыдат у гвардзейцы павінен быць халастым, ва ўзросце 19-30 гадоў і адпаведнага росту - не менш за 174 сантыметры. Базавая служба ў гвардыі доўжыцца два гады з магчымасцю падаўжэння.

Трэба мець пакліканне да гэтай патрабавальнай службы, расказваў Польскаму радыё былы гвардзеец Дамінік Ландэрт, які служыў у гвардыі ў 2001-2003 гадах:

-Я нарадзіўся ў Швейцарыі, мая мама паходзіць з Варшавы, тата - швейцарац. Я служыў у гвардыі за часоў папы Яна Паўла ІІ. Кожны прымае рашэнне па-свойму. Я быў у Рыме, на ўласныя вочы пабачыў гвардзейцаў. Для некаторых гэта традыцыя. Але напэўна для кожнага гэта пакліканне. Служба цяжкая, таму пакліканне напэўна трэба мець.


Швейцарская гвардыя Швейцарская гвардыя

Гвардзейцы нясуць варту ў розных частках Ватыкана, у асноўным ля ўваходных варот і вакол папскіх апартаментаў. Тыповая зброя салдата - алебарда і меч. Афіцэры таксама маюць пісталеты, якімі яны экіпіруюцца падчас начнога дзяжурства. Сваёй выдатнай падрыхтоўкай яны абавязаны рэгулярным практыкаванням. У гвардзейцаў ёсць свой капелан і харугва. Іх дэвіз - «Адважны і верны».

Імі камандуе камандзір у званні палкоўніка, які па пасадзе з'яўляецца членам Папскай сям'і і носіць тытул шляхціца Яго Святасці. Цяперашні, 35-ы камандуючы — Крыстаф Граф.

Колеры гала-мундзіраў — жоўты, цёмна-сіні і чырвоны — адсылаюць да герба роду Медычаў, з якога паходзіў выратаваны швейцарцамі Папа Клімент VII. Уніформа не была распрацавана - як часам кажуць - Мікеланджэла, яе знешні выгляд мяняўся на працягу стагоддзяў з адыходам эпох, а цяперашнія ўборы былі створаны Жулем Рэпонам, камандзірам гвардыі ў 1910-1925 гадах.

Пра фізічны стан гвардзейцаў клапоціцца не толькі навучальны калектыў, але і пяць сясцёр-альбертынак з Польшчы, якія працуюць у казарменнай сталовай. Акрамя традыцыйнай італьянскай кухні ў меню ёсць і швейцарскія стравы.

ав

слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Багацце веры