Беларуская Служба

Беласток атрымаў другую крыніцу паставак газу

21.03.2023 09:15
Новы газаправод павінен забяспечыць Беласток у крызісных сітуацыях, напрыклад, падчас лютых маразоў.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Photo:Magnascan/pixabay.com/CC0 Public Domain

Ля гарадка Замбраў (Zambrów) у Падляскім ваяводстве завяршылася будаўніцтва газаправода высокага ціску, які злучае Беласток з газавым інтэрканектарам Польшча-Літва (GIPL). Інвестыцыя, якую рэалізавала кампанія PSG, каштавала 21 мільён злотых(амаль 4,5 мільёна еўра).

Дзякуючы гэтаму, жыхары Беластока атрымалі доступ да другой крыніцы паставак газу пасля таго, як Расія прыпыніла пастаўкі блакітнага паліва па газаправодзе «Ямал».

Нагадваем, раней у Беласток газ паступаў з двух напрамкаў – варшаўскага і ўсходняга, але пасля прыпынення паставак з Усходу, застаўся толькі адзін напрамак – з боку Варшавы.

Новы газаправод павінен забяспечыць Беласток у сітуацыях пікавага спажывання газу, напрыклад, у выпадку лютых маразоў або перападаў ціску ў «варшаўскім газаправодзе».

Паводле польскіх уладаў, інвестыцыя была адной з ключавых, з пункту гледжання энергетычнай бяспекі жыхароў Падляскага ваяводства. Яна дазваляе спажыўцам на Падляшшы карыстацца пастаўкамі газу, які Польшча атрымлівае праз газавы тэрмінал у Клайпедзе, або з газавых сховішчаў Літвы, Эстоніі, Латвіі і Фінляндыі.

PAP/MediaRoom/аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі