Адносна перахопу польскага самалёта над Чорным морам Польшча прыменіць адпаведныя дыпламатычныя працэдуры, заявіў прэс-сакратар польскага ўрада. Нагадваем, у пятніцу расійскі знішчальнік Су-35 часова перахапіў польскі самалёт L410 Turbolet, які выконваў місію ў рамках агенцтва Еўрапейскага Саюза Frontex.
Самалёт польскай Памежнай службы разам з румынскай Памежнай службай праводзіў патруляванне ў міжнароднай паветранай прасторы над Чорным морам. Інцыдэнт адбыўся за 60 кіламетраў на ўсход ад паветранай прасторы Румыніі.
Прэс-сакратар Памежнай службы Польшчы Анна Міхальска(Anna Michalska) паведаміла, што расійскі знішчальнік без ніякай радыёсувязі заляцеў у аператыўны раён, вызначаны Румыніяй і пачаў небяспечныя манеўры:
- Між іншым, ён тры разы небяспечна наблізіўся да польскага самалёта без захавання бяспечнай адлегласці. У выніку згаданых манеўраў расійскі самалёт выклікаў высокі ўзровень турбулентнасці, а экіпаж польскага самалёта на нейкі час страціў магчымасць кіравання машынай, якая рашуча страціла вышыню. Канчаткова польскі самалёт здолеў выраўняцца і прызямліцца ў аэрапорце. Расійскі самалёт, між іншым, праляцеў прама перад самалётам польскай Памежнай службы, перасякаючы яго траекторыю палёту на небяспечнай адлегласці каля пяці метраў.
Анна Міхальска заявіла, што пра інцыдэнт былі паведамленыя адпаведныя ўстановы:
- Пра інцыдэнт, у адпаведнасці з працэдурамі, была паінфармаваная Камісія па расследаванні авіякатастрофаў, якая павінна ацаніць згаданую падзею.
Прэс-сакратар польскага ўрада запэўніў, што Польшча прадпрыме адпаведныя крокі па гэтай справе, але Пётр Мюлер(Piotr Müller) нагадаў, што Расія не выконвае міжнароднага права:
- Мы прыменім стандартныя дыпламатычныя дзеянні. Гаворка ідзе пра дыпламатычныя ноты і гэтак далей. Аднак, не будзем падманвацца, Расія не выконвае прынцыпаў міжнароднага права. Дарэчы, мы гэта пастаянна тлумачым нашым заходнім партнёрам: З Расіяй не магчыма размаўляць пра сітуацыю, паколькі яна будзе хлусіць і адмаўляць усё.
Упаўнаважаны польскага ўрада па бяспецы інфармацыйнай прасторы Станіслаў Жарын(Stanisław Żaryn) лічыць, што інцыдэнт над Чорным морам – чарговая правакацыя Расіі:
- Інцыдэнт з польскім самалётам я ўспрымаю, як сур’ёзную расійскую правакацыю, якая паказвае, што Расія зацікаўленая ростам напружанасці ў адносінах з Захадам. Цягам апошніх дзён гэтыя дзеянні асабліва накіраваныя супраць Польшчы. Нагадваю, надоечы ў расійскіх прапагандысцкіх каналах прагучалі пагрозы супраць польскага амбасадара.
Літаральна напярэдадні інцыдэнты з польскім самалётам Станіслаў Жарын перасцерагаў, што апошнім часам дзейнасць расійскай прапаганды супраць Польшчы характарызуецца беспрэцэдэнтнай агрэсіўнасцю, у тым ліку: адкрытымі пагрозамі, грубай лексікай і пагардлівым тонам. Паводле Жарына, у гэтай кампаніі актыўна ўдзельнічае амбасадар Расіі ў Польшчы Сяргей Андрэеў.
«Акрамя ўзмацнення псіхалагічнага ціску на Польшчу, гэтыя, здавалася б, празмерна рэзкія прапагандысцкія дзеянні Расіі маюць яшчэ адну мэту – узмацніць мэсыдж, што Польшча – гэта авантурыст і агрэсар», – падкрэсліў Станіслаў Жарын.
Ён дадаў, што інцыдэнт, які адбыўся ў апошнюю пятніцу, меў палітычна-дзяржаўны характар і павінен быць афіцыйна асуджаная міжнароднай супольнасцю:
- Місія праходзіла ў рамках агенцтва Frontex, таму я думаю, што згаданая арганізацыю зробіць адпаведныя высновы і ажыццявіць адпаведныя дзеянні на міжнародным узроўні.
Намеснік міністра замежных справаў Польшчы Аркадыюш Мулярчык(Arkadiusz Mularczyk) падкрэсліў, што адказам на расійскія правакацыі павінна быць рашучая падтрымка Украіны:
- Мы павінны разумець, з кім маем справу. Таму і дзеянні польскага ўраду, які ад самага пачатку рашуча падтрымлівае Украіну. Польшча таксама з’яўляецца лідарам, калі гаворка ідзе пра ініцыяванне санкцыяў супраць Расіі. Расія гэта бачыць. Інцыдэнт з польскім самалётам – элемент гібрыднай вайны, накіраванай не толькі супраць Польшчы, але таксама супраць транспамежнай супольнасці.
Аркадыюш Мулярчык адзначыў, што дзеянні Расіі, якія пагражалі жыццю польскіх пілотаў, непрымальныя.
Амбасадар Польшчы ў НАТА Томаш Шаткоўскі падкрэсліў у Твітэры, што правакацыя расійскіх ВПС была накіраваная супраць самалёта, які не з'яўляецца вайсковай машынай. Ён нагадаў, што самалёт удзельнічаў у звычайнай місіі патрулявання ў супрацоўніцтве з румынскай Памежнай службай у аператыўнай зоне, вызначанай гэтай краінай.
У сувязі з дзеяннямі расійскіх пілотаў Аб’яднаны цэнтр паветраных аперацый НАТА ў Тарэхоне прывёў у стан трывогі два баявыя самалёты вайскова-паветраных сіл Румыніі і два самалёты ВПС Ісшпаніі, але іх умяшанне не спатрэбілася.
У Бухарэсце адзначылі, што «гэты інцыдэнт з’яўляецца яшчэ адным сведчаннем правакацыйнага стаўлення Расійскай Федэрацыі».
IAR/аз