Пад час затрымання былі канфіскаваны пакункі ўлётак «Малітва за Беларусь», якія ўтрымліваюць заклік маліцца за краіну і народ «у гэты няпросты час», цытаты з Евангелля і евангельскі гімн «Чакаем цябе, наш Ісус».
Аб абставінах затрымання напісала на сваё старонцы ў Фэйсбуку жонка і сястра затрыманых Вольга Барысік. Паводле яе слоў, хлопцаў трымаюць у ізалятары на Акрэсціна, дваццаць трэцяга ліпеня павінен адбыцца суд па іх справе. Вольга спадзяецца, што можа хоць на судзе высветліцца, за што затрымалі Яўгена і Максіма.
Пакуль жа прычына затрымання мужа і брата Вользе не патлумачылі. Яна выказвае меркаванне, што яе родных могуць абвінаваціць у распаўсюджванні экстрэмісцкіх матэрыялаў. «Напэўна, ужо і маліцца за Беларусь супрацьзаконна, асабліва, калі на беларускай мове», – горка дадае жанчына, якая таксама з'яўляецца евангельскай верніцай.
У Беларусі пасля 2020 года працягваюцца рэпрэсіі супраць вернікаў, якія асуджаюць гвалт лукашэнкаўскага рэжыму ў адносінах да палітычных апанентаў. Нядаўна асуджаныя Зміцер і Наста Дашкевічы таксама зʼяўляюцца евангельскімі хрысціянамі, якія асуджалі гвалтоўныя дзеянні сілавікоў да нязгодных з палітыкай лукашэнкаўскага рэжыму. За кратамі беларускіх турмаў знаходзяцца дзесяткі вязняў сумлення, многія вернікі вымушаны былі шукаць прытулку за мяжой.
Спецыяльна для Беларускай службы Польскага радыё, Казімір Шчадковіч, Мінск