Як выглядае пратэставы рух у Беларусі з Польшчы? Чаму так мала было палітычных лозунгаў на шматтысячных маршах у гарадах летам 2020 года? Пра гэта размаўляем з прафесарам Ганнай Энгелькінг, якая шмат гадоў даследавала беларускае нацыяўтварэнне і беларускую вёску. І на беларускія пратэсты глядзіць з пункту гледжання каштоўнасцяў, этыкі і сімвалаў, якія важныя для нацыі.
Ганна Энгелькінг (Anna Engelking)
Прафесар Ганна Энгелькінг (Anna Engelking) кажа, што ў самавызначэнні, ідэнтычнасці беларусаў цэнтральнае месца займае прызнанне сябе не як прадстаўніка нацыі, лепшага за іншых, а як чалавека ў цэлым.
– Я этнограф, антраполаг. І ведаю Беларусь з боку вёскі, вясковага жыцця. Бо праводзіла даследаванні шмат гадоў у розных рэгіёнах – на ўсходзе, на поўдні і на поўначы Беларусі. Таксама ведаю адрозненні ў беларускай вёсцы і правінцыі. Шмат размаўляла з людзі, і што мяне цікавіла – гэта спосаб мыслення, спосаб канструявання ўласнай ідэнтычнасці, напрыклад, найважнейшыя каштоўнасці, найважнейшыя сімвалы, якія паказваюць на датычнасць людзей да нейкай супольнасці. І мне нязвыкла было, калі пачалася выбарчая кампанія мінулага году, да якой ступені тыя каштоўнасці, якія важныя для вясковай супольнасці, прысутнічалі у агульнанацыянальным дыскурсе.
Даследчыца звяртае ўвагу на лозунгі, візуальныя знакі, якія былі падчас пратэстаў у 2020 годзе. На іх амаль не было палітычных заклікаў. Найперш гэта былі ключы, якія апелявалі да чалавека і чалавечнасці.
Беларуская рэвалюцыя базуецца на трох падставовых каштоўнасцях: чалавек, жыццё, павага. Гэта неабходныя каштоўнасці, каб чалавек як асобная персона і як частка супольнасці мог пражыць годнае жыццё.
– А чаму я кажу пра розніцу? У польскай культуры фундаментальнай каштоўнасцю з’яўляецца паляк. А ў культуры беларускай – чалавек. І ўжо па-другое той чалавек ёсць беларусам. Але найперш ён лічыць сябе чалавекам, які хоча жыць. Хоча жыць, як чалавек – добра, нармальна, з павагаю, забяспечыць жыццё сваіх блізкіх, сям’і. Не хоча, каб яго нехта біў, катаваў, пераследаваў, ненавідзеў. І тут мы даходзім да трэцяга ключавога панятку – чалавечая годнасць. І таму беларуская рэвалюцыя базуецца на трох элементарных каштоўнасцях: чалавек, жыццё, павага. Гэта неабходныя каштоўнасці, каб чалавек як асобная персона і як частка супольнасці мог пражыць годнае жыццё.
Прафесар Ганна Энгелькінг падкрэслівае, што гэта быў менавіта каштоўнасны пратэст, які падтрымала ўся Беларусь. Пратэсты былі масавымі ў гарадах, па меркаванню даследчыцы, найперш з дэмаграфічных прычын – у вёсках засталося не так шмат актыўных маладых людзей. Уплываў і той факт, што ў малых населеных пунктах улада вельмі блізка да людзей, таму актыўныя грамадзяне ехалі ў гарады на акцыі пратэсту.
– У вёсках улада вельмі блізка да чалавека, ёсць сельсавет, нейкі цэнтр калгасу, супрацоўнік міліцыі. Усе пра ўсіх ведаюць, людзі пад наглядам. З таго, што ведаю, людзі, якія падтрымлівалі пратэст, ездзілі ў гарады. Бо гэта не цяжка - паехаць у Гродна ці Мінск.
А як у Польшчы ставяцца да беларускіх пратэстаў? Прафесар Ганна Энгелькінг кажа, што Лукашэнку часта параўноўваюць з Качыньскім, з працэсамі ў Польшчы другой паловы 20-га стагоддзя.
– Увесь час ёсць размова пра тое, што рэжым нарастае ў Польшчы да аўтарытарызму. Качыньскі глядзіць на Лукашэнку і хутка ў нас так будзе. Але гэта параўнанне працэсаў ва ўладзе. Звычайны паляк не сочыць за падзеямі ў Беларусі. У нашых медыя не так шмат інфармацыі пра гэта цяпер. Так, ёсць інфармацыя пра рэпрэсіі, пра палітычных вязняў, пра пераслед медыя.
А другі момант – гэта параўнанне з рухам Салідарнасці ў Польшчы, такі польскі водгук. Гэты быў вялікі грамадскі рух, Салідарнасць адваявала тут свабоду. І тое, што робяць беларусы – традыцыя Салідарнасці. Можна дыскутаваць, ці так гэта. Але гэта погляд праз польскія акуляры.
Спадарыня Ганна Энгелькінг адзначае, што найперш падзеямі ў Беларусі цікавяцця заангажаваныя ў тэму жыхары Польшчы, тыя, хто мае асабістыя кантакты, працу, звязаную з Беларуссю. Але глабальна людзі салідарныя з беларусамі і падтрымліваюць спадзевы на тое, што аднойчы «мур рухне».
***
Ганна Энгелькінг (нар. 1959), этнограф і этналінгвіст, працуе ў Інстытуце славістыкі Польскай акадэміі навук. Займаецца антрапалогіяй беларускай вёскі і гісторыяй польскай этналогіі. З пачатку дзевяностых вядзе палявыя даследаванні ў Беларусі. Аўтар і суаўтар міждысцыплінарных даследаванняў Беларусі і яе памежжа.
вх