Беларуская Служба

Муж Марфы Рабковай: Адкрытым суд будзе 5-10 хвілін, ілюзій не маем

08.04.2022 21:09
Муж Марфы Рабковай Вадзім Жаромскі распавёў, што вядома спра справу, у якім фізічным і эмацыйным стане Марфа цяпер.
Аўдыё
  • Судовы працэс над каардынатаркай Валанцёрскай службы "Вясны" Марфай Рабковай, валанцёрам Андрэем Чапюком і яшчэ 8 палітвязнямі пачнецца 25 красавіка ў Мінскім гарадскім судзе.
 .
Марфа Рабкова.Фота з адкрытых крыніц.

Судовы працэс над каардынатаркай Валанцёрскай службы "Вясны" Марфай Рабковай, валанцёрам Андрэем Чапюком і яшчэ 8 палітвязнямі пачнецца 25 красавіка ў Мінскім гарадскім судзе.  Справу будзе разглядаць суддзя Сяргей Хрыпач. Марфа Рабкова была затрыманая ў Мінску 17 верасня 2020 года, калі вярталася з уручэння прэстыжнай прэміі Яна Карскага. Увесь гэты час яна за кратами.

Пасля затрымання дома ў Марфы Рабковай правялі вобшук, а саму дзяўчыну затрымалі і даставілі ў ГУБАЗіК. Першапачаткова яе вінавацілі па ч. 3 арт. 293 за арганізацыю валанцёраў-назіральнікаў за выбарамі прэзідэнта. Пазней Марфе прад’явілі новыя абвінавачванні – па ч. 3 арт. 130 і ч. 2 арт. 285 КК. І толькі ў лістападзе 2021 года праваабаронца ў лісце да родных паведаміла, што судзіць яе будуць па 11 артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Слухайце далучаны файл!

Вось што расказвае муж Марфы, Вадзім Жаромскі:

– Спатканне было адзін раз за паўтара года, больш спатканняў не было. Праблем са здароўем у Марфы шмат. Крышацца зубы, піша ў лістах, што стараецца есці максімальна асцярожна, каб цалка не разваліліся зубы, адпаведны і анстрой. У Яе павялічаныя лімфавузлы, у зняволенні некалькі разоў хварэла на кавід, відавочна ідуць запаленчыя працэсы, ад таго і лімфавузлы. Выявілі вадкасць у малым тазе, гэта таксама сведчыць пра запаленчыя працэсы. Са шчытавіднай залозай праблемы. Шмат праблем у яе са здароўем, але вылечыць гэта ўсё можна будзе толькі на свабодзе.

Першапачаткова суд аб’яўлены адкрытым. Але муж Марфы Рабковай гаворыць, што аптымістычных прагнозаў няма.

— Адкрытым суд будзе 5-10 хвілін, затым працэс закрыюць, гэта 100%. Настройваем сябе на не вельмі добры вынік, ілюзій не маем.

Гэтая крымінальная справа, як і многія іншыя палітычна матываваныя справы, закрытая. Родныя не маюць інфармацыі, што дакладна ставіцца ў віну, хто сведкі і якія іх паказанні. Гэта звычайная практыка палітычнага пераследу пасля 2020 года: чалавека хапаюць і судзяць і ніхто не ведае падрабязнасцяў.

Муж расказвае, што перапіска не стабільная. Ёсць перыяды, калі нават ад мамы лісты не аддавалі. Ізаляцыя, яшчэ адзін з папулярных прыёмаў ціску і дэмаралізацыі палітычных зняволеных.

Разам з тым усім, хто хоча падтрымаць палітвязняў, варта спрабаваць прабіцца праз цэнзуру. Лісты, увага з волі моцна ўплываюць на стаўленне адміністрацый СІЗА ці калоній да палітвязняў. 

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, сумесны праект Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT) і Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH),  просіць тэрміновага ўмяшання ў сітуацыю ў Беларусі. Абсерваторыя выказвае крайнюю занепакоенасць пагаршэннем стану здароўя Марфы Рабковай у турме і заклікае ўлады Беларусі неадкладна даць ёй доступ да адэкватнага і комплекснага медыцынскага лячэння, а таксама неадкладна і безумоўна вызваліць яе, паколькі яе ўтрыманне пад вартай з'яўляецца адвольным і толькі падвяргае яе жыццё небяспецы.

А мы ж заклікаем пісаць лісты ўсім палітвязням. Адрасы для карэспандэнцыі можна знайсці на сайце праваабрончага цэнтра «Вясна».

Палітзняволеных Марфу Рабкову, Андрэя Чапюка, Акіхіра Гаеўскага-Ханаду, Аляксандра Францкевіча, Аляксея Галаўко, Аляксандра Казлянку, Паўла Шпетнага, Мікіту Дранца, Андрэя Марача, Данілу Чуля абвінавачваюць у арганізацыі, кіраўніцтве ці ўдзеле ў анархісцкіх групах – «Революционное действие», «Народная самооборона», «Революцiйна дiя», і будуць судзіць за падзеі перыяду 2016-2020 гадоў. Матэрыялы справы складаюцца з 160 тамоў.

10 палітзняволеных у залежнасці ад ролі абвінавачваюць па 10 артыкулах Крымінальнага кодэкса:

  • ч. 1, 2 і 3 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў);
  • ч. 1. арт. 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак);
  • ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай камп'ютарнай сеткі Інтэрнэт);
  • ч. 1 і 3 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і ўдзел у ім);
  • ч. 1 і 2 арт. 285 (стварэнне злачыннай арганізацыі і ўдзел у ёй);
  • ч. 1 і арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці);
  • ч. 2 і 3 арт. 339 (злоснае хуліганства);
  • арт. 341 (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці);
  • ч. 3 арт. 218 (наўмысныя знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці, здзейсненыя арганізаванай групай);
  • ч. 2. арт. 295-3 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў, учыненыя групай асоб).

Траіх палітзняволеных, у тым ліку Марфу Рабкову, Следчы камітэт характарызуе як арганізатараў і кіраўнікоў шэрага арганізаваных злачынных групаў, што мелі аўтаномныя ячэйкі ў рэгіёнах Беларусі са сваімі лідарамі.

Падтрымайце палітвязяняў лістамі салідарнасці!

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

вх