Беларуская Служба

У Польшчы заключылі пагадненне аб узнаўленні паездак ізраільскіх школьнікаў

21.03.2023 12:14
У рамках школьнай праграмы ізраільскія вучні наведваюць былыя нямецкія канцлагеры. 
Аўдыё
  • Пагадненне паміж Польшчай ды Ізраілем
    .
Былы нямецкі канцлагер у Асвенцыме. Там цяпер музей фота: Pixabay.com

У Міністэрстве замежных спраў Польшчы адбылася сустрэча з прадстаўнікамі дзяржавы Ізраіль, падчас якой было заключана пагадненне аб узнаўленні паездак школьнікаў у Польшчу, якія ладзіць Міністэрства адукацыі Ізраілю. Прыпыненне гэтых экскурсіяў было вынікам пагаршэння стасункаў паміж Польшчай і Ізраілем. Акрамя таго, канфліктнай тэмай стала таксама ахова вучняў узброенымі агентамі ізраільскіх службаў.  

У Ізраільскай дзяржаве, створанай пасля завяршэння другой сусветнай вайны, склалася традыцыя, што ізраільская моладзь летам прыязджае ў Польшчу, каб наведаць былыя нямецкія нацысцкія канцлагеры, пераважна Аўшвіц-Біркенаў. Гэты лагер смерці быў заснаваны ў часы вайны нямецкімі нацыстамі на поўдні Польшчы, у гарадку Асвенцім. Антысемітызм ляжаў у аснове ідэалогіі нямецкага нацыянал-сацыялізму. Нацысты знішчылі ў захопленых краінах каля 6 мільёнаў габрэяў. У Аўшвіц-Біркенаў за час існавання лагера было забіта па розных падліках ад 1 да 4 мільёнаў людзей, абсалютная большасць з якіх былі габрэямі, але загінулі таксама тысячы палякаў.

Гістарычная памяць – даволі нетрывалая рэч, таму кіраўніцтва габрэйскай дзяржавы вырашыла, што ў рамках школьнай праграмы ізраільскія вучні павінны наведваць былыя нямецкія канцлагеры. Падчас гэтых паездак школьнікі маюць магчымасць даведацца пра Галакост і ўшанаваць памяць забітых. Аднак у сярэдзіне 2021 года ўрад Ізраілю вырашыў адмяніць усе школьныя паездкі ў Польшчу. Калі праз год ізраільскія ўлады заявілі аб гатоўнасці зноў арганізаваць туры, польскі ўрад адмовіўся даць згоду.

Афіцыйнай прычынай сталі рознагалоссі наконт таго, ці могуць супрацоўнікі службы бяспекі, якія суправаджалі ізраільцянаў, мець пры сабе зброю. Прэс-сакратар МЗС пацвердзіў тады, што польскі ўрад не пагаджаецца на вяртанне ранейшых прынцыпаў, то бок, паездак габрэйскай моладзі з удзелам узброеных ізраільскіх войскаў. Гаворыць віцэ-міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы Яраслаў Сэлін.

- [Патрабаванне ізраільскага боку аб прысутнасці ўзброенай аховы] будавала непрыемную для нас сітуацыю, паколькі стваралася ўражанне, што Польшча з’яўляецца вельмі небяспечнай краінай і таму неабходна нейкім асаблівым чынам ахоўваць гэтую моладзь. Тым часам Польшча з’яўляецца, бадай, самай бяспечнай краінай для такіх экскурсій у Еўропе, у параўнанні з тым, што адбываецца ў Вялікабрытаніі, Францыі або Германіі, дзе часам назіраюцца вельмі агрэсіўныя напады. Мы таксама хацелі б схіліць арганізатараў гэтых паездак, каб іх удзельнікі наведвалі не толькі канцлагер, але таксама знаёміліся з жыццём людзей у Польшчы і жыццём габрэяў у Польшчы.

Паездкі ізраільскай моладзі ў мемарыялы Галакосту былі прыпыненыя з-за развіцця пандэміі Covid-19, а таксама ў сувязі з прыняццем і падпісаннем прэзідэнтам Польшчы закона аб рэпрыватызацыі маёмасці, што было ўспрынята дзяржавай Ізраіль і габрэямі па ўсім свеце як недружалюбны акт з боку польскай дзяржавы. Цяпер жа паездкі ізраільскіх школьнікаў могуць вярнуцца, але на новых умовах. Польскія ўлады не бачыць падстаў для таго, каб школьнікаў, як раней, суправаджалі ўзброеныя прадстаўнікі ізраільскіх службаў. Польскі ўрад мяркуе, што ў Польшчы ёсць кампетэнтныя службы, добра падрыхтаваныя, добра аснашчаныя і здольныя гарантаваць бяспеку як польскіх грамадзян, так і ўсіх тых, хто прыязджае ў Польшчу ў турыстычных ці іншых мэтах.

Надоечы ўрадам дзвюх краін удалося дамовіцца аб вяртанні экскурсій, але, па словах віцэ-міністра Яраслава Сэліна, пакуль што нельга казаць пра дэталі дамоўленасці, паколькі яе павінны адобрыць урады Польшчы ды Ізраілю.

Абодва бакі зацікаўленыя ў тым, каб заключыць дамоўленасць на працягу бліжэйшых тыдняў, да 19 красавіка, паколькі 19 красавіка мы ў Польшчы адзначаем гадавіну пачатку паўстання ў Варшаўскім гета. Гэта круглая, 80-ая гадавіна, вельмі важная для нас. На ўрачыстасці адзначэння гэтай даты прыедзе прэзідэнт Ізраілю, а таксама прэзідэнт Германіі. Да гэтага часу мы імкнемся закрыць тэму паездак школьнікаў, падпісаць адпаведнае пагадненне, абодва бакі ў гэтым зацікаўленыя.

Падчас перамоваў, якія вяліся ў апошнія дні па дыпламатычных каналах, былі збліжаны пазіцыі, што дае надзею, што пагадненне, якое акрэслівае дэталі паездак арганізаваных груп ізраільскай моладзі ў Польшчу, будзе падпісана ў бліжэйшы час. Як было адзначана ў афіцыйным паведамленні польскага МЗС, Польшча захоўвае гатоўнасць прымаць на сваёй тэрыторыі ізраільскіх грамадзян, як асобных, так і ў складзе арганізаваных груп, на падставе існуючых паміж дзвюма краінамі пагадненняў, у тым ліку, у рамках бязвізавага рэжыму.

IAR/нг