Беларуская Служба

Жнівень – у Каталіцкім касцёле Польшчы традыцыйна з'яўляецца месяцам пілігрымак у санктуарый Ясна Гура

13.08.2023 09:17
Большасць пілігрымак на Ясную Гуру адбываецца менавіта ў жніўні.
Аўдыё
  • Жнівень – у Каталіцкім касцёле Польшчы традыцыйна з'яўляецца месяцам пілігрымак у санктуарый Ясна Гура
Санктуарый Ясна ГураMlynekBarbara/pixabay.com/CC0

Жнівень – у Каталіцкім касцёле Польшчы традыцыйна з'яўляецца месяцам пілігрымак у санктуарый Ясна Гура ў горадзе Чэнстахова, да цудатворнага абраза Маці Божай Чэнстахоўскай.

Большасць пілігрымак на Ясную Гуру адбываецца менавіта ў жніўні. Толькі ў гэтым месяцы штогод туды праходзіць больш за 40 пешых пілігрымак, а колькасць пілігрымаў большая за 250 тысяч чалавек. Яны праходзяць больш за 15 тысяч кіламетраў трас, якія перасякаюць усю Польшчу.
Пілігрымкі прыбываюць у Чэнстахову ў раёне свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, таксама вядомае як свята Маці Божай Зельнай, якое адзначаецца 15 жніўня – у гэты дзень асвяшчаюцца кветкі і зёлкі.

Найстарэйшая пілігрымка ў Чэнстахову, зафіксаваная ў хроніках, вырушыла ў верасні 1626 году з Глівіц. Гэта быў праяў удзячнасці за выратаванне горада ад дацкіх войскаў падчас Трыццацігадовай вайны. Згодна з гарадскімі легендамі, Марыя раскінула свой плашч над горадам, абараняючы яго і прымушаючы ворагаў бегчы. Выратаваўшыся цудам 80 гараджан выправіліся ў пілігрымку ў Чэнстахову, дзе 29 верасня 1626 году размясцілі харугву з выявай Марыі. Жыхары Глівіц далі ў парафіяльным касцёле абяцанне штогод пілігрымаваць.

У 42-й пешай пілігрымцы з Вісліцы ў Чэнстахову ўдзельнічала амаль тысяча пілігрымаў, малодшаму з якіх 2 месяцы. Як адзначыў біскуп Ян Пятроўскі, такая вялікая колькасць пілігрымаў паказвае, што вера ў Бога моцная:

-Гэта сапраўды вялікі букет удзячнасці Пану Богу праз Марыю за ласку Святога хросту. За тое, што мы можым быць Касцёлам, які вандруе, шукае лепшага. Мы молімся за ўсіх без выключэння. Таксама бачна, якія ў чалавека ёсць духоўныя патрэбы.

Спадарыня Вяслава з Маслава ўдзельнічае ў пілігрымцы ўжо 23-ці раз:

-Дае мне сілу і энергію. Гэта матывацыя, каб хацелася жыць. У гэтым ёсць сіла і моц. Шчыра кажучы, я настолькі расчулілася, што няма слоў.

Прымас Польшчы арцыбіскуп Войцех Поляк, які ўзначаліў Святую імшу для 41-й Пешай гнезненскай пілігрымкі (у пілігрымцы ўдзельнічала каля тысячы чалавек), падкрэсліў, што пілігрымка – гэта заўсёды дар, але таксама пакліканне і місія:

-Каб цяпер мы, тое, што перажылі за час гэтай пілігрымкі, досвед, які разам атрымалі, што памянялася ў нас пад уплывам божай ласкі і божага слова, каб цяпер стала дарам для іншых. Пілігрымка, якая з’яўляецца дарам, але таксама і выклікам, але перш за ўсё з’яўляецца заклікам. Заклікам, каб мы цяпер пайшлі не за прыдуманым мітам, але за Езусам Хрыстом, які кажа: «Ідзіце, я вас пасылаю».

Пілігрымка з Гнезненскай архідыяцэзіі праходзіла пад лозунгам «Кім з’яўляецца Тая?». Падчас рэкалекцый пілігрымы шукалі адказу на пытанне, кім з’яўляецца Марыя і супольнасць Касцёла.
У Чэнстахову прыйшла таксама пілігрымка наваградчан. Сваім паломніцтвам яны ўшаноўвалі памяць 11 гераічных сясцёр назарэтанак, якія аддалі жыццё за жыхароў Навагрудка падчас Другой сусветнай вайны. Яны загінулі 1 жніўня 1943 года – нагадаў апякун супольнасці наваградчан ксёндз Ян Адамарчук:

-Падчас вайны і акупацыі яны шчыра служылі жыхарам Навагрудка. Актыўна ўключыліся ў працу душпастырства, школьніцтва, рэалізоўвалі шматлікія справы міласэрнасці. Іх любоў да тых, сярод каго яны выконвалі сваю місію, атрымала асаблівае значэнне падчас жорсткасці гітлераўскага акупанта. Яны адзінагалосна ахвяравалі Богу сваё жыццё, просячы, каб узамен было захавана жыццё маці і бацькаў, а таксама святара, мясцовага душпастыра.

Манахіні, якія аддалі жыццё за іншых жыхароў, былі беатыфікаваны Янам Паўлам ІІ у 2000 годзе.
Ініцыятарам пілігрымкі наваградчан у пачатку 1970-х гадоў стаў ксёндз Аляксандр Зянкевіч, капелан гераічных сясцёр назарэтанак, цяпер Слуга Божы, беатыфікацыйны працэс якога ідзе:

-Як штогод мы прыязджаем, каб запытацца: што нам хочуць перадаць сёстры-пакутніцы. Аб чым яны хочуць нам расказаць сёння, праз столькі гадоў. Сярод нас ёсць тыя, хто сёстрам-назарэтанкам абавязаныя жыццём. Яны даюць сведчанне таго, на колькі важнай была служба сёстраў, іх пакутніцтва. Каб мы былі верныя Пану Богу.

Пілігрымкі на Ясную Гуру адбываюцца і ў іншы час, але гэта ўжо не пешыя пілігрымкі; яны звычайна арганізуюцца пэўнымі прафесійнымі і грамадскімі групамі – гэта паломніцтвы працоўных, медсясцёр, парламентарыяў, маракоў.

У Касцёле пілігрымкі да святых месцаў здзяйсняліся з ІІ стагоддзя ў Палестыне (Іерусалім), а з ІІІ стагоддзя – да магіл апосталаў-пакутнікаў (Рым) і месцаў захоўвання мошчаў. З позняга сярэднявечча пілігрымкі сталі масавай практыкай, якія здзяйсняліся індывідуальна або групамі.

ав

слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Багацце веры