Беларуская Служба

«Філасофскія карціны» – сыход ад рэальнасці: мінскія мастакі паказалі свае творы ў польскім Познані (ФОТА)

14.10.2023 13:03
Мінскія мастакі Марыя і Вадзім прадставілі ў Познаньскай галерэі PYRAMIDA сумесную выставу – «Філасофскія карціны».
Аўдыё
  • «Філасофскія карціны» – сыход ад рэальнасці: мінскія мастакі паказалі свае творы ў польскім Познані
Выстава «Філасофскія карціны»фота: Павел Залескі

Спачатку з гораду ў вёску

Ужо падчас адкрыцця выставы мастакі зладзілі паказ невялікай стужкі пра сябе. Аказваецца, яны абое па адукацыі архітэктары, але, як удакладняе Марыя, па прызванню – мастакі. Вадзім дадае, што акрамя, як архітэктарамі, працавалі яшчэ і дызайнерамі.
Наагул, іх жыццё – гэта пастаянны пошук. Калі абодва адчулі, што жыццё ў сталіцы не задавальняе, пераехалі ў вёску.

- Набылі кавалак зямлі і пабудавалі разам з маёй жонкай Марыяй дом з гліны, саломы і пяску. Пасадзілі сад, гарод, уладкавалі ландшафт. Марылі, каб жыць на сваёй зямлі, ствараць вакол сябе ўласны свет, у якім нам будзе ўтульна і гадаваць дзяцей.

Дарэчы, і ў доме Вадзім зрабіў усё сваімі рукамі: мэблю, кухню – дызайн, як было відаць у іх кінастужцы, цалкам нагадваў добры густ і безумоўны прафесіяналізм. Праўда, як дадае Марыя, першыя тры гады, пакуль будаваўся дом, даводзілася жыць у спартанскіх умовах.

- Мы пераехалі ў дом, калі ён яшчэ не высах і ў нас з разетак цякла вада, на сценах расла трава. У такіх умовах пачыналі там жыць і паступова даводзілі ўсё да ладу.

Вадзім, які не вельмі хацеў пераязджаць з гораду ў вёску, пазней ацаніў той здабытак.

- Выходзіш у свой сад і бачыш, як там яблыкі наліваюцца сокам, слухаеш птушак, якія раніцай спяваюць, іх шчэбет глушыць цябе. Вясёлка пасля дажджу, паветра чыстае і цішыня…

2020 год парушыў мары

Пра свой дом, гарод, сад мае суразмоўцы могуць распавядаць шмат і цікава – там укладзены іх сілы, час, ідэі. А на жыццё ў вёсцы зараблялі заказамі на афармленне інтэр’ераў, выконвалі працы па дызайну і, канешне, імкнуліся маляваць. Праўда, як згадвае Вадзім, здараліся часы, калі грошай не было нават на хлеб.

- Мы толькі-толькі дабудавалі дом, у якім можна было ўжо камфортна жыць і тут здарыўся 2020 год…

Тое, што адбывалася ў той час у Беларусі, прывяло да разумення, што яны не хочуць такой будучыні ні сваёй дачцэ, ні самім. Усе надзеі, што Беларусь здолее змяніць накірунак, паводле Вадзіма, зніклі ў іх у 2020-м. Рашэнне з’ехаць, паводле суразмоўцаў, далося ім, як і кожнаму беларусу, не проста.

- Мы палічылі, што другога шанцу ў жыцці не будзе. Я паўгода быў у дэпрэсіі, бо не мог змірыцца, што патрэбна будзе ўсё гэта пакідаць і пачынаць жыццё занава. Але неяк аднойчы раніцай прачнуўся і зразумеў, што гэта жыццё, і мы прыходзім у гэты свет з пустымі рукамі і адыходзім з пустымі, то чаго мне тады чапляцца за гэтыя дамы. Гэта я пражыў, гэта быў другі чалавек, а зараз я іншы, і ў мяне іншы погляд на жыццё.

Першыя ўражанні змяніліся рэальнасцю

Размаўляючы з Вадзімам і Марыяй пачынаю разумець, чаму іх выстава носіць такую назву – «Філасофскія карціны». Слухаючы іх разважанні і стаўленне да жыцця адчуваецца, наколькі ў іх філасофскі склад мыслення.

- Любы чалавек усё жыццё нешта пад сябе падцягвае, імкнецца ўтрымаць гэта. Але чым больш ты чапляешся за нейкія матэрыяльныя рэчы, тым менш у цябе магчымасцяў. Гэта ўсё прывязвае цябе да канкрэтнага месца і не дае вырвацца, магчыма, туды, дзе табе будзе лепей.

Першыя ўражанні ад Польшчы былі вельмі нечаканымі. Марыя кажа, што, пакідаючы Беларусь, не вельмі задумвалася дзе яна апынецца.

- Я, як архітэктар, не магла не ацаніць прыгажосць гораду, гэтых старых камяніц. Гэта, напэўна, быў самы шчаслівы дзень за вельмі доўгі час. Уражанне было несамавітае ад таго, што я зараз у самым сэрцы Еўропы і тут абсалютна іншае жыццё. І нават надвор’е цёплае. Я выязджала ў цёплай куртцы, а тут гуляю ў адной кашульцы. Тут усё выглядала больш вясёлкава, людзі ўсміхаюцца. Пасля таго стрэсу ў Беларусі ўсё здавалася спакойным.

Праўда, як абое кажуць, першыя ўражанні былі сапсаваны тым, што не ўдавалася знайсці працу па сваёй спецыяльнасці. Праблема палягала на тым, што не ведалі польскай мовы. Вадзім пайшоў працаваць на будоўлю, але хутка зразумеў, што гэта не для яго.

- Потым мы з Марыяй працавалі на складзе і гэтага нам хапіла, каб прыняць рашэнне, што трэба нешта змяняць. У гэты час мы прадалі кватэру ў Мінску і паколькі займелі грашовую падушку, можам паспрабаваць укласціся ў творчасць.

Гэтыя карціны, як тэрапія…

Першая выстава ў іх была аднадзённая, удзельнічалі ў гарадскім конкурсе і арганізатары прапанавалі правесці выставу сваіх працаў. А потым Вадзім знайшоў PYRAMIDA GALLERY, дзе яны зрабілі, як самі кажуць, паўнавартасную выставу.

- Мы яе так назвалі таму, што нашы карціны маюць пад сабою аснову філасофскага кірунку. Маюць філасофскую думку, з якой потым узнікала карціна. Пераважна гэта звязана з светаўладкаваннем, з жыццём чалавека, з яго адчуваннем сябе ў гэтым свеце…

А Вадзім дадае:

- Тут хутчэй сыход ад рэальнасці. Гэтыя карціны, як тэрапія. Марыя нейкі час знаходзілася ў дэпрэсіі ад хваляванняў, якія былі звязаны з няпростым жыццём, з адсутнасцю будучыні. 2020 год вывеў многіх беларусаў з каляі. Мы былі на раздарожжы, не разумелі, як нам быць. І праз карціны спрабавалі сябе шукаць. У першую чаргу Марыя, я імкнуўся падтрымліваць, раскрываць сэнсы. У нашай творчасці мы сябе пазіцыянуем, як творчы тандэм. Мы і па жыцці, як адзіны арганізм. Удвох складаем аднаго паўнавартаснага чалавека.

- І ў цэлым кожная карціна, хоць і на розныя тэмы – усе яны пра чалавека, светаўладкаванне і г.д., але зводзяцца да аднаго пытання – хто я?
У творчым тандэме, паводле маіх суразмоўцаў, Марыя прыдумвае ідэю, робіць эскіз, а на палатне яго ўвасабляе Вадзім. Зразумела, у той самы час дадае нешта сваё.

Заўважаю, што наведвальнікі галерэі, шукаюць у іх нешта сваё, хаця аўтары побач з карцінамі змясцілі кароткія апісанні, патлумачыўшы ідэю. Побач з адной з іх кароткі подпіс: «Сакральная лічба беларускага народу – 3». Я ў думках дапісваю – адсоткі… Карціна сапраўды напісана па матывах жніўня 20-га году.

Чаго чакае гэта заснуўшая краіна?

Намеры ў маіх суразмоўцаў сур’ёзныя і, як заўважае Марыя, яны спадзяюцца на тое, што здолеюць ствараць сапраўднае мастацтва і зарабляць гэтым на жыццё. Што датычыць Беларусі, нядаўна былі на сваёй радзіме і зразумелі, што наўрад ці туды вернуцца.

- Гэта нейкая заснуўшая краіна, якая нечага чакае. Чаго яна чакае – я не ведаю. Але яўна не мяне, не нас, бо пройдзе 5-10 гадоў і большая частка беларусаў, якія з’ехалі, не будуць сябе адчуваць там на радзіме. Пачуццё атмасферы свабоды, якое там зараджалася, знікла. Я спускаўся ў метро і заўважыў, што людзі не глядзяць адзін на аднаго. Я шукаў хоць адзін позірк, каб перасекчыся – не. Не адбылося кантакту: людзі ўсе закрытыя, заціснутыя…

Павел Залескі

слухайце аўдыёфайл

На здымках: выстава «Філасофскія карціны». Фота аўтара


Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы