Беларуская Служба

«Мы выкарысталі ўсе магчымыя міжнародныя прававыя метады» — у Варшаве гаварылі пра знікненні людзей у беларускіх турмах

09.05.2024 15:15
У Варшаве адбылася сустрэча з прадстаўнікамі працоўнай групы ААН па гвалтоўных знікненнях людзей. Гэтая праблема цяпер тычыцца Беларусі найперш у разрэзе тэмы палітзняволеных. 
Аўдыё
  • У Беларусі ўсе магчымыя парушэнні правоў чалавека ёсць. І разам з тым ніхто з прадстаўнікоў рабой групы ААН не можа прыехаць у краіну.
           .
Сустрэча з экспертамі ААН з Рабочай групы па гвалтоўных і недобраахвотных знікненнях.Radyjo.net

Рабочая група па гвалтоўных або не добраахвотных знікненнях з'яўляецца адной з тэматычных спецыяльных працэдур, якія кантралююцца Саветам ААН па правах чалавека. Яе галоўная мэта — дапамагчы сваякам зніклых асобаў высветліць месцазнаходжанне іх зьніклых родных.

Рабочая група кантактуе з урадамі наконт асобных выпадкаў і просіць, каб дзяржава правяла расследаванне і паінфармавала Рабочую групу аб выніках. Дзейнічаючы ў якасці канала сувязі паміж сем'ямі зніклых людзей і ўрадамі, Рабочая група змагла наладзіць дыялог з многімі ўрадамі, незалежна ад таго, ратыфікавалі яны якія-небудзь прававыя дакументы, якія прадугледжваюць працэдуру падачы індывідуальных скаргаў у галіне правоў чалавека. Але не з уладамі Беларусі.

— На сёння ў Беларусі 1375 чалавек прызнаныя палітзняволенымі. Але мы ўсе разумеем, што гэтая лічба – малая частка тых людзей, якія знаходзяцца ў зняволенні па палітычных матывах. Часта здараецца так, што чалавек, калі трапляе ў месцы зняволення, проста знікае. Пра яго невядома месяцамі, а часам і на працягу года невядома — дзе чалавек, што з ім і ці жывы ён увогуле. У Беларусі сітуацыя выглядае так, што ўсе магчымыя парушэнні (правоў чалавека, — рэд.) ёсць. І разам з тым ніхто з прадстаўнікоў рабочай групы ААН, пра якую мы сёння гаворым, не можа прыехаць, Беларусь нікога не будзе запрашаць, Беларусь не прызнае паўнамоцтвы адмысловага дакладчыка ў ААН па справах Беларусі, улады Беларусі не мяркуюць, што сітуацыя ў краіне патрабуе ўвагі ААН, — гаворыць Вольга Саламатава, прадстаўніца Хельсінкскага фонда па правах чалавека ў Варшаве.

Вольга Саламатава таксама падкрэслівае, што дзейнасць працоўнай групы ААН па гвалтоўных або недобраахвотных знікненнях людзей важная і па прычыне таго, што Беларусь дэнансавала факультатыўны пратакол да пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, таму грамадзяне Беларусі не могуць больш падаваць індывідуальныя скаргі на парушэнне правоў чалавека.

Індывідуальнае паведамленне ў Камітэт па правах чалавека, магчымасць якога якраз прадугледжана Факультатыўным пратаколам — гэта найбольш універсальная магчымасць для асобнага чалавека заявіць на міжнародным узроўні аб парушэнні ўладамі Беларусі грамадзянскіх і палітычных правоў.  Адсутнасць такой магчымасці —  гэта страта важнага інструмента зрабіць бачнымі маштабы рэпрэсій супраць беларускага грамадства.

«Утрыманне палітычных вязняў ва ўмовах інкамунікада закранае маё сэрца, бо я ведаю некалькі з гэтых людзей асабіста, — гаворыць Анаіс Марын, спецыяльны дакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. — Мой мандат не прызнаны ўладамі Беларусі і я не маю магчымасці супрацы з урадам дзяржавы. Тым не менш, рэзалюцыі, якія мы прынялі раней, патрабуюць маніторынгавага дакладу, распаўсюджу рэкамендацый для суб’ектаў, якія прымаюць рашэнні, уключна з урадам і грамадзянскай супольнасцю. Я таксама прымаю заявы, якія тычацца парушэння правоў чалавека. І ў гэтай частцы я супрацоўнічаю з працоўнай групай. Гэты мандат абсалютна неабходны, бо, калі мы шлем лісты з прэтэнзіямі, урад не адказвае».

Наталля Мацкевіч была адвакатам Віктара Бабарыкі і Сяргея Ціханоўскага, яна пазбаўленая ліцэнзіі на працу ў Беларусі.

«Гэта вялікі боль, калі я не ведаю, пра лёс сваіх падабаронных больш, чым чатырыста дзён. І кожны дзень прачынаешся са страхам, што могуць быць кепскія навіны, як гэта было пра іншых палітзняволеных. Дакладна вядома пра рэжым інкамунікада для шасці палітзняволеных  — Мікалая Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага, Максіма Знака, Марыі Калеснікавай, Віктара Бабарыкі, Ігара Лосіка. Але мы не ведаем пра непублічныя выпадкі, бо родныя часта апасаюцца пра гэта гаварыць», — гаворыць Наталля Мацкевіч.

Яна падкрэслівае, што ў 2020-ым у Беларусі хапала адвакатаў, якія прымянялі міжнародныя стандарты ў сваёй працы. 8 верасня 2020-га, калі Марыю Калеснікаву спецслужбы Беларусі затрымалі, адвакаты акурат звярнуліся ў міжнародную групу ААН па гвалтоўных або недобраахвотных знікненнях людзей.

«Мы, здаецца, выкарысталі ўжо ўсе магчымыя міжнародныя прававыя метады, — гаворыць Наталля Мацкевіч. — Але адказаў не маем, і здаецца, нам застаецца толькі магчымасць выходзіць на пікеты, але не ў Беларусі, бо мы ўсе былі вымушаныя з’ехаць. Хаця б даведацца, што гэтыя людзі жывыя і з іх здароўем цярпіма».

«Калі б выконваліся правы адвакатаў на сустрэчу з кліентамі, калі б адвакаты палітзняволеных сёння не сутыкаліся з рэпрэсіямі, мы б не гаварылі пра рэжым інкамунікада, калі адвакаты не могуць увайсці ў турмы. А тых, каго я пералічыла, наўмысна пазбавілі прававой дапамогі. Мы добра памятаем, як у сакавіку 2023-га года ў адзін момант затрымалі адвакатаў усіх гэтых людзей, у іх прайшлі вобшукі, некаторыя былі арыштаваныя. У выніку гэтыя адвакаты былі пазбаўленыя права на прафесію і вымушана пакінулі краіну. І з таго моманту стала зразумела, што адвакатаў у гэтых людзей не будзе. Гэта і наўпростае і прэвентыўнае пазбаўленне. І сёння амаль кожны месяц шэрагі адвакатаў Беларусі змяншаюцца на некалькі чалавек», — гаворыць Наталля Мацкевіч.

Патлумачым для чаго важныя звароты ў міжнародныя структуры: па-першае, гэта дазваляе захоўваць фокус увагі на праблемах у Беларусі, па другое, дае магчымасць дакументаваць парушэнні, якія ў далейшым будуць скарыстаныя ў судах супраць прадстаўнікоў рэжыма Лукашэнкі.

Іна Кавалёнак, прадстаўніца ініцыятывы Politzek.me, кажа, што трэба сыходзіць з уласнай бяспекі, але важна заяўляць пра праблемы ў міжнародныя структуры. Гэта дазволіць трымаць праблему ізаляцыі беларускіх палітзняволеных у цэнтры ўвагі, а таксама праз пэўны час гэтыя дакументы будуць нагодаю для рэабілітацыі, кампенсацыі, пакарання вінаватых праз нацыянальныя юрыдычныя інструменты.

Сустрэча ў Варшаве была арганізаваная працоўнай групай ААН па гвалтоўных знікненнях людзей і Хельсінкскім фондам па правах чалавека ў Польшчы.

вх