У гэтым годзе Пачатковая школа ў Гарадку ім’я Партызанаў Братоў Міхала і Аляксандра Хжаноўскіх адзначае стогадовы юбілей. Школа ўзнікла пасля абвяшчэння незалежнасці Польшчы, хаця ў той час, калі ў мястэчку большасць жыхароў гэта былі яўрэі і беларусы, няпроста было стварыць польскую школу.
Сёння ў школе ў Гарадку амаль 300 вучняў у 16-ці класах. Амаль 80 з іх вывучае беларускую мову як родную. З настаўніцай беларускай мовы ў школе ў Гарадку Алай Роман размаўляе Яраслаў Іванюк.
- У школе вельмі прыязная атмасфера, хаця б і таму, што 2/3 настаўнікаў вельмі ахвотна карыстаюцца беларускай мовай на штодзень і прапануюць мне з імі на ёй размаўляць. Я з задавальненнем гэта раблю і атрымліваю асалоду, тым больш, што чую мову не проста беларускую, жывую мову, настаўнікі кажуць »мы размаўляем па-свойму«, - распавядае Ала Роман.