Напачатку развучылі некалькі песень
Валачобнікамі называлі групу мужчын, якія ў першы дзень Вялікадня абыходзілі двары і спявалі пад вокнамі валачобныя песні. Узначальваў дружыну «запявала», які кіраваў усім ходам абраду, падбіраў песенны рэпертуар, сам пачынаў спевы, прымаў узнагароду ад гаспадароў. Яму дапамагалі музыканты і «мехоноша», у абавязкі якога ўваходзіла нашэнне мяшка з атрыманымі за спевы прадуктамі.
Спадар Ілля, які выступае ў ролі «запявалы», распавядае аб тым, як у іх узнікла ідэя аднаўлення забытай традыцыі:
— Гэта з’явілася з таго, што прыйшоў Вялікдзень, і ва ўніверсітэце з’явілася магчымасць прэзентаваць нашу беларускую традыцыю гэтага свята. Спадарыня Святлана, выкладчыца, прапанавала нам, мужчынам, праспяваць некалькі валачобных песень. А валачобныя песні спявалі акурат выключна мужчыны. Мы сабраліся, вывучылі пару песень і выступілі.
Добра, што традыцыю паспелі захаваць у інтэрнэце
Праўда, спадар Ілля згадвае, што напачатку давялося такія песні адшукаць і пачытаць пра саму забытую традыцыю. Дапамагло тое, што ў інтэрнэце цяпер можна шмат чаго пабачыць.
— У Беларусі ўсё ў такім паўжывым стане і ўсё жыве ў духу рэканструкцыі. Усё ёсць у адкрытым доступе дзякуючы сайтам, дзе сабраны вялікі збор валачобных песень, а таксама інфармацыя пра тое, як іх спяваць, калі і ў якім складзе. Там насамрэч ёсць усё.
Спрабуем рабіць акцэнт на Вялікадні
Першая спроба са спевамі валачобных песень, як згадвае суразмоўца, аказалася ўдалай. Больш за тое, песні і страчаная традыцыя зацікавілі тых, хто паспрабаваў узяць у ёй удзел.
— Атрымалася значна болей, чым планавалася. Я думаў, што гэта будзе адзінкавы выступ на валачэнне, але з часам неяк усё замацавалася: мы пачалі сустракацца даволі перыядычна і развучваць не толькі валачобныя, але і лірычныя песні. Агулам у беларускай народнай песеннай творчасці не так шмат песень, якія маглі б спяваць мужчыны, бо каля 90% гэтага ўсяго належыць жанчынам — увесь абрадавы цыкл. А нам застаюцца лірыка, Каляды і валачобныя песні. Ну вось мы і спрабуем рабіць акцэнт на Вялікадні.
Людзям падабаецца
Спадар Ілля кажа, што іх калектыў пакуль толькі на самым пачатку творчага шляху. Але галоўнае, паводле яго, — што ўсе ўдзельнікі зацікаўленыя ў аднаўленні гэтай традыцыі.
— Мы пакуль малады гурт і асабліва не працуем на публіку. 90% усёй нашай дзейнасці — гэта пакуль ціхае рэпетыцыі, калі, канешне, так можна сказаць. Але мы ўжо выступалі на Дні незалежнасці Украіны, выступалі ў Бялкаве, палескай вёсцы на мяжы з Нямеччынай, спяваем пасля беларускіх танцаў, якія ладзяцца ў Познані. Людзям падабаецца, і нас запрашаюць.
— А якія планы наогул?
— Працягваць спяваць і добра падрыхтавацца да Вялікадня, бо мы павінны апраўдаць нашу назву. Пра Каляды людзі чулі і гатовыя да іх, а да валачэння — не гатовыя і не ведаюць, што гэта такое.
Гэта эпічная паэтыка беларускага народу
Яшчэ на адну важную дэталь звяртае ўвагу мой суразмоўца: на самі валачобныя песні і іх асаблівасць.
— Першая асаблівасць, якая кідаецца ў вочы, — што гэтыя песні спявалі толькі мужчыны. Больш у нашай традыцыі няма такога абраду, у якім бы бралі ўдзел толькі мужчыны. Але яшчэ ў валачобных песнях вельмі цікавыя тэксты. Яны заўсёды пазітыўныя, што, з аднаго боку, можна патлумачыць меркантыльна, бо людзі падчас абраду збіралі грошы і ежу. Але яны пазітыўныя яшчэ і таму, што хваляць гаспадароў, дзяўчат, хлопцаў. І больш за тое — яны вельмі паэтычныя. У іх схавана сапраўдная паэтычнасць. Гэта паэтычнасць, якая ёсць і ў лірычных песнях. І да ўсяго яна эпічная: тэксты доўгія, на некалькі старонак, і спяваюцца па дзесяць хвілін. Гэта эпічная паэтыка беларускага народу, і мала хто пра гэта ведае, а мы спрабуем гэта пашырыць.
Досвед вельмі цікавы
Спадар Анатоль, адзін з валачобнікаў, прызнаецца, што ў Беларусі ніколі не чуў пра гэтую традыцыю, але песні яму вельмі падабаюцца. Кажа, што задаволены тым, што тут з’явілася магчымасць далучыцца да такога мужчынскага гурта.
— У мяне ў Заходняй Беларусі была свая традыцыя. На Вялікдзень я заўсёды, яшчэ малым, прыязджаў у вёску, і мы там хадзілі па хатах, расказвалі вершыкі, і нам за гэта давалі яйкі. У мяне пра гэтую традыцыю засталіся самыя цёплыя ўспаміны. Гэта было адно з маіх самых любімых святаў, калі я назбіраў кошык рознакаляровых яек. Але вось спевамі мы там не займаліся. А валачобіць таксама хораша, мне падабаецца. Праўда, мы пакуль мала дзе былі, нас яшчэ мала дзе ведаюць. Але досвед вельмі цікавы.
Магчыма мы апошнія, хто падтрымлівае гэтую традыцыю
Яшчэ адзін удзельнік гурта, спадар Стэфан, прызнаецца, што валачобныя песні для яго — гэта сапраўдная калектыўная тэрапія.
— Гэта вельмі цікава і нават парадаксальна, што мы тут, у эміграцыі, пачалі аднаўляць такую традыцыю. Яна вельмі ўнікальная для нашага рэгіёна. Я чуў, што ў Польшчы некалі было нешта падобнае, але гэтая традыцыя тут знікла, а ў Беларусі яшчэ жывая, нягледзячы на тое, што большасць людзей пераехалі жыць у гарады. І, магчыма, мы ва Усходняй Еўропе адзіныя, хто яе падтрымлівае.
Дарэчы, валачобнікі пачыналі хадзіць па хатах у велікодную нядзелю пасля вячэрні і працягвалі абрад усю ноч. На досвітку хаджэнне спынялася, нават калі за ноч не паспявалі абысці ўсе двары.
Павел ЗАЛЕСКІ
Слухайцее аўдыё!