Беларуская Служба

Энергетычная трансфармацыя прычыняецца да росту коштаў срэбра

12.07.2024 10:45
Чакаецца, што сёлета попыт на срэбра ў гэтай галіне вырасце на 20 працэнтаў.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.tookapic/pixabay.com/CC0 Public Domain

Здабыча і перапрацоўка не задавальняюць попыту на срэбра, асабліва з боку вытворцаў фотаэлектрычных панэляў. Для параўнання, золата, якое інтэнсіўна закупляецца нацбанкамі і курс якога застаецца на самым высокім узроўні за ўсю гісторыю, а таксама медзь падаражэлі на 15-18 працэнтаў. У гэтым годзе больш за курс срэбра выраслі толькі цэны на некалькі сельскагаспадарчых прадуктаў, такіх як: какава (+96%), кава (+63%) і апельсінавы сок (+43%), пастаўкі якіх былі абмежаваныя складанымі ўмовамі надворʼя, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.

У траўні кошт унцыі срэбра на рынку ўпершыню за 12 гадоў перавысіў 32 долары. Пастаўкі срэбра на рынак стабільныя на працягу многіх гадоў. Яны складаюць, прыкладна, 1 мільярд унцый са здабычы і перапрацоўкі адходаў.

Між тым, паводле прагнозаў The Silver Institute, сусветны попыт на срэбра ў гэтым годзе перавысіць 1,2 мільярда ўнцый, што азначае, што ў пяты раз запар ён перавысіць пастаўкі. У першую чаргу гэта звязана з попытам сектараў, якія выкарыстоўваюць срэбра. У асноўным гэта тычыцца галін, звязаных з энергетычнай трансфармацыяй, у прыватнасці вытворчасцю фотаэлектрычных панэляў.

Чакаецца, што сёлета попыт на срэбра ў гэтай галіне вырасце на 20 працэнтаў да 232 мільёнаў унцый. Дзесяць гадоў таму галіна складала менш за 6 працэнтаў сусветнага попыту на срэбра, у цяперашні час – гэта амаль 20 працэнтаў глабальных патрэбаў.

Сярэбраныя шахты не ў стане павялічыць здабычу, каб задаволіць патрэбы рынку. Між тым, сітуацыя на ім паляпшае стаўленне да срэбра як інвестыцыі.

аз