- Беларускае тэлебачанне запісала прапагандысцкі фільм пра тое, як мяне вязуць з Польшчы ў Беларусь у багажніку. У цёмным сеціве з'явіўся заказ на мяне. Я магу баяцца піць ваду ці каву ў грамадскіх месцах. Гэта сведчыць пра вялікую актыўнасць рэжымных службаў у гэтай частцы Еўропы, – гаворыць кіраўнік НАУ Павал Латушка ў інтэрвʼю парталу Onet.
Паводле яго інфармацыі, у 2020 годзе ў Беларусі была створана група, задачай якой было «ліквідаваць лідараў дэмакратычных сіл за межамі краіны».
- Я таксама ведаю, што ў Галоўным разведвальным упраўленні КДБ было створана спецпадраздзяленне для дзейнасці ў Польшчы і Літве і барацьбы з беларускай апазіцыяй у гэтых краінах, – распавядае Павал Латушка.
У інтэрвʼю Onet палітык таксама згадвае той факт, што ў канцы лютага бягучага году Лукашэнка правёў публічную сустрэчу з міністрам абароны, міністрам унутраных спраў і міністрам-каардынатарам спецслужбаў, падчас якой паведаміў, што ў бліжэйшыя месяцы ў Польшчы будуць праводзіцца дыверсійныя аперацыі пад сцягамі Расіі і Беларусі.
– Безумоўна, на ягоную думку, гэта будуць ілжывыя дзеянні, да якіх Беларусь не будзе мець дачынення, але ўсе мы ведаем, што пастаянна назіраем спробы дыверсій у Польшчы і Літве. Нядаўна таксама зʼявілася інфармацыя, што група з 5-7 спецыяльна падрыхтаваных снайпераў павінна была дабрацца да Польшчы і Літвы, – распавядае ён.
Латушка кажа, што сам стаў абʼектам нападаў. Раней нават былі загады яго забіць.
ав/Onet