Беларуская Служба

Прэс-сакратарка Ціханоўскай: Апаненты таксама атрымалі запрашэнне на канферэнцыю «Новая Беларусь», у тым ліку Цапкалы

01.08.2024 06:02
У пятніцу ў Вільні стартуе трэцяя Канферэнцыя «Новая Беларусь». Задалі некалькі пытанняў прэс-сакратарцы Офісу Святланы Ціханоўскай Ганне Красулінай пра мэты мерапрыемства ці гатовыя арганізатары да правакацый.
Аўдыё
  • "І калі Байдэн у сваіх дэбатах згадаў Беларусь без паперкі, то можна зразумець, як мы прасунуліся за гэты час: пра нас ведаюць у свеце, ведаюць, што беларусы змагаюцца з рэжымам".
 .
Святлана Ціханоўская.flickr.com

– Якія мэты ставяць перад сабой арганізатары канферэнцыі? Для чаго ўвогуле праводзіць гэтае не самае таннае мерапрыемства, збіраць столькі людзей?

– Гэтая канферэнцыя распачынае наступны год працы беларусаў усяго свету. Вы кажаце «не танная», але яна і не дарагая, бо праводзіцца ў Вільні, дзе жыве большасць удзельнікаў, многія едуць на мерапрыемства за свой кошт, за выключэннем некалькіх удзельнікаў панэляў. Гэта беларусы, якія хочуць збірацца разам, каб быць на адной хвалі, падвесці вынікі зробленага, зверыць гадзіннікі, разумець адзін аднаго, разумець, як разам нам рухацца далей. Трэба рабіць, бо і энергетыка, настрой, натхненне, сінергія працуюць на тое, каб прыйсці да эфектыўных рашэнняў, мэтаў, якія мы ставім перад сабой, як перад народам, як перад беларусамі.

– Ці можна сказаць, што гэта мерапрыемства для эміграцыі, бо прыняць рашэнняў, якія б уплывалі непасрэдна на беларусаў у Беларусі, немагчыма?

– Я бачу гэта як праграму, якую трэба прыняць для беларусаў І Беларусі. Тое, што мы робім, гэта не для дыяспары. Хто жыве як дыяспара, ужо выбудоўвае свае бізнесы, кватэры. А збіраюцца тыя, хто працуе для Беларусі. Будзе панэль пра эканоміку, пра рэформы, якія павінны быць зробленыя. Канешне, ёсць і пункты першачарговыя, гэта – вызваленне палітзняволеных, як гэта зрабіць хутка і зараз. Але ўсё, пра што мы будзем размаўляць, гэта выбудова новых дэмакратычных інстытуцый, каштоўнасцяў. Гэта датычыць і беларусаў унутры краіны. Так, яны, магчыма, не могуць цяпер даехаць да нас.

Але ў іх будзе магчымасць глядзець праз пляцоўку «Новая Беларусь», будзе магчымасць бяспечна задаваць пытанні. Калі на анлайн-сустрэчы са Святланай (Ціханоўскай, – рэд.) прыходзяць беларусы, яны кажуць: «Працягвайце, працягвайце гэта рабіць, мы разумеем, што гэта важна, істотна для будучыні Беларусі».

І калі Байдэн у сваіх дэбатах згадаў Беларусь без паперкі, то можна зразумець, як мы прасунуліся за гэты час: пра нас ведаюць у свеце, ведаюць, што беларусы змагаюцца з рэжымам.

– Ці гатовыя вы да крытыкі? Можа быць, былі запрошаныя, так бы мовіць, галоўныя крытыкі Офісу Ціханоўскай палітолаг Павел Усаў, палітык Зянон Пазняк?

– Канешне, мы зацікаўленыя, бо хочам мець шчырую размову і разумець, усе экспертныя меркаванні павінны быць улічаныя. Мы заўсёды ўважліва глядзім і чытаем, што яны гавораць і пішуць. Мы запрашалі ўсіх, запрашалі і асабіста, у тым ліку Цэпкалаў.


– Ці чакаць кадравых абвяшчэнняў падчас канферэнцыі ў Офісе Ціханоўскай, у Кабінеце?

– Давайце пачакаем і ўбачым, што адбудзецца падчас канферэнцыі.

– Нешта планавалі?

– Канешне, але не будзем забягаць наперад. Усё можна будзе пабачыць у рэжыме рэальнага часу падчас трансляцыі.

– Ці гатовыя вы да правакацый, напрыклад, як летась, калі быў званок пра мініраванне?

– Калі такое адбываецца, гэта ўжо праца паліцыі, адмысловых службаў. Канешне, разумеем, што нешта такое можа быць. Ужо ёсць спробы пасварыць, расказаць колькі паўсюль агентаў. Але мы заўсёды працуем у такіх умовах.

– Ці звярталіся за паслугамі да ахоўнай структуры, каб праверыць будынак, арганізаваць дагляд гасцей?

– Гэта робіцца заўсёды перад такімі мерапрыемствамі. Ну, перарвёмся, выйдзем падыхаем свежым паветрам і зноў вернемся. Тое, што адбылося з крамаю «Кропка» нікога не застрашыла. Наадварот, мы паказваем, што гэта правакацыя асобаў, якія не маюць нічога агульнага з рэальнасцю. Усё больш дыпламатаў кажуць, што хочуць паглядзець на метады барацьбы мінулага стагоддзя.


вх