Палітычны лідар ХАМАС Ісмаіл Ханія загінуў у выніку авіяўдару па рэзідэнцыі ў Тэгеране. Напад адбыўся ўчора раніцай. Палестынец знаходзіўся ў Іране ў сувязі з інаўгурацыяй новага прэзідэнта краіны Масуда Пезешкіяна. ХАМАС абвінаваціў у забойстве Ізраіль, адзначыўшы, што гэты крок сведчыць аб сурʼёзнай эскалацыі напружанасці ў рэгіёне. Аднак здольнасць групоўкі рэагаваць на такія падзеі была моцна абмежаваная з-за працяглай вайны ў сектары Газа. Цяпер іранцы кажуць пра непазбежнасць помсты.
«Мы лічым помсту сваім абавязкам», – заявіў вярхоўны лідар Ірану аятала Алі Хамэнэі.
Інфармацыя аб гібелі палестынца зʼявілася ўсяго праз некалькі гадзін пасля таго, як Тэль-Авіў пацвердзіў, што высокапастаўлены член «Хезбалы» Фуад Шукр быў забіты ў выніку ізраільскага авіяўдару па ўскраіне Бейрута ў адплату за суботнюю атаку на акупаваныя Ізраілем Галанскія вышыні.
Эксперты кажуць, што рызыкі эскалацыі напружанасці на Блізкім Усходзе растуць. Іран і ХАМАС ужо абвясцілі аб мерах помсты Ізраілю. І Хамас, і нашмат лепш узброеная «Хезбала» зʼяўляюцца часткай восі, накіраванай на Ізраіль і ўзначаленай Тэгеранам.
Хаг Ловатт (Hugh Lovatt) з Еўрапейскай Рады па міжнародных адносінах (ECFR) кажа, што шмат што будзе залежаць ад таго, якое рашэнне прымуць улады Ірану. Паводле яго меркавання, Іран цяпер мае два варыянты: адказаць Ізраілю самастойна, або выкарыстаць для гэтага магчымасці Хезбалы.
— Другая опцыя выглядае для мяне больш праўдападобнай, бо Іран не хоча быць уцягнутым у вялікую рэгіянальную вайну, нягледзячы на тое, што атака была здзейсненая на яго тэрыторыі, — кажа Ловатт.
Амерыканцы ў сваю чаргу спрабуюць астудзіць настроі. Міністр абароны ЗША Лойд Осцін заявіў у сераду, што не верыць у тое, што вайна на Блізкім Усходзе стане «непазбежнай».
«Ізраіль не імкнецца да эскалацыі вайны, але рыхтуецца да ўсіх сцэнарыяў», — кажа міністра абароны Ізраілю Джоаў Галант.
Аналітык Хаг Ловатт звяртае ўвагу на фігуру забітага палітычнага лідара ХАМАСу Ісмаіла Ханіі.
«Ён не быў неабходны з пункту гледжання функцыянавання руху. ХАМАС хутка яго заменіць. Але яго забойства па-ранейшаму з'яўляецца моцным ударам па ХАМАС і можа яшчэ больш радыкалізаваць яго членаў, — тлумачыць Ловат.— Галоўным чынам таму, што, як сцвярджаецца, менавіта Ханія ціснуў на Ях'ю Сінвара, лідара дзейнасці ХАМАС у сектары Газа, каб ён спыніў агонь з Ізраілем. Любыя перамовы на гэты конт цяпер можна запісваць у страты».
Забойства кіраўніка палітбюро ХАМАС можа ўмацаваць маральны дух у Ізраілі, тым больш, што там амаль10 месяцаў ідуць баі. Але арміі не ўдалося ліквідаваць вышэйшае кіраўніцтва ХАМАС. Сінвар, адказны за напад 7 кастрычніка, усё яшчэ знаходзіцца на волі. Таксама незразумела, ці быў паспяховым масіраваны рэйд, праведзены раней у гэтым месяцы на ваеннага камандзіра Махамеда Дэйфа.
Тэль-Авіў пакуль не пракаментаваў забойства Ханіі. Як паведамляе Times of Israel, прэс-служба ўрада, якая дзейнічае пры канцылярыі прэм'ер-міністра, у сераду раніцай апублікавала фатаграфію Ханіі з подпісам «ліквідаваны». Аднак запіс быў хутка выдалены. Вядома, што палестынец доўгі час быў мішэнню габрэйскай дзяржавы. Пасля жорсткага нападу палестынскіх апалчэнцаў 7 кастрычніка прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху заявіў, што лідэры ХАМАС, у тым ліку за межамі сектара Газа, былі прысуджаныя да смяротнага пакарання.
Ханія не першы лідар ХАМАС, забіты Ізраілем. У 2004 годзе заснавальнік і духоўны лідар апалчэння Ахмад Ясін загінуў у выніку ракетнага абстрэлу ізраільцянамі ў сектары Газа, падчас іншай аперацыі быў забіты заснавальнік узброенага крыла ХАМАС Салах Шэхадэ.
Паводле Dziennik Gazeta Prawna/вх