Беларуская Служба

Уступілі ў сілу новыя санкцыі ЕС у дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў

02.08.2024 14:14
Кампаніі ЕС, у якіх больш за 25 працэнтаў належаць беларускай фізічнай або юрыдычнай асобе, больш не змогуць ажыццяўляць аўтамабільныя перавозкі грузаў па тэрыторыі ЕС
Грузавікікрыніца: Milos Muller/Shutterstock

2 жніўня г.г у сувязі з прыняццем чарговага пакета санкцый супраць Беларусі ўступілі ў сілу новыя правілы для аўтаперавозчыкаў, паведамляе Portalspozywczy.pl

Згодна з новымі правіламі, таксама кампаніі ЕС, у якіх больш за 25 працэнтаў належаць беларускай фізічнай або юрыдычнай асобе, больш не змогуць ажыццяўляць аўтамабільныя перавозкі грузаў па тэрыторыі ЕС, у тым ліку і транзітныя, гаворыцца ў прэс-рэлізе польскага Мінфіна.

У міністэрстве дадалі, што гэтая забарона не будзе распаўсюджвацца на аўтатранспартныя арганізацыі, «якія належаць асобам з падвойным грамадзянствам або грамадзянам Беларусі, якія маюць дазвол на часовае або пастаяннае пражыванне ў дзяржаве-члене ЕС».

Міністэрства фінансаў таксама нагадала, што аўтатранспартныя кампаніі абавязаны раскрываць сваю структуру ўласнасці кампетэнтным нацыянальным органам па запыце. 

З 26 ліпеня г.г падобныя правілы ўжо дзейнічаюць для аўтатранспартных кампаній, якія як мінімум у 25% належаць расійскай фізічнай або юрыдычнай асобе.

Прадпрымальнікам, якія ажыццяўляюць транспартную дзейнасць, трэба быць падрыхтаваным на неабходнасць прад'яўлення дакументаў, якія пацвярджаюць структуру ўласнасці, як пры транспарціроўцы, так і пры праверцы на памежных пунктах, нагадаў Portalspozywczy.pl.

яс