Беларуская Служба

Алег Арлоў перакананы ў адказнасці расіян за агрэсіўнасць Крамля

12.08.2024 15:42
Вядомы расійскі праваабаронца заявіў, што «грамадзяне Расіі нясуць палітычную адказнасць за тыя злачынствы, за ўсё што робіцца ад імя Расіі пуцінскім рэжымам ва Украіне».
Аўдыё
  • Расійскі праваабаронца пра адказнасць расіян за пуцінскія злачынствы
-
Прэс-канфэрэнцыя з праваабаронцам АрловымCarsten Koall/PAP/DPA

Расійскі праваабаронца Алег Арлоў з Таварыства «Мемарыял», вызвалены ў выніку маштабнага абмену зняволенымі паміж Расіяй і Захадам, у інтэрв’ю Польскаму радыё распавёў пра сваё зняволенне і вызваленне, пра адказнасць расійскага народа за агрэсію супраць Украіны, і пра Расію будучыні.

Вы маглі з’ехаць з Расіі, але засталіся і пайшлі ў турму? Чаму Вы зрабілі такі выбар?

- Дакладней кажучы, я не хацеў ды не імкнуўся да таго, каб мяне пасадзілі. Я проста працягваў рабіць тое, што лічыў важным, улічваючы магчымасць майго арышту. Я заставаўся ў Расіі нягледзячы на рызыку, бо мая праца ў Цэнтры абароны правоў чалавека «Мемарыял» магла быць эфектыўнай толькі, калі я заставаўся з Расіі. Цяпер мяне адтуль выгналі, і эфектыўнасць маёй працы зменшылася. Апроч таго мне здавалася, што мой голас будзе пачуты больш, калі я буду выказвацца з Расіі. Цяпер ёсць час пасля нечаканага вызвалення, якое са мной не ўзгаднялі, мой голас яшчэ чуюць у Расіі. Не ведаю, як доўга гэта працягнецца.

Калі Вы апынуліся за кратамі, Вы думалі, колькі Вы будзеце сядзець?

- Я думаў, што прасяджу 2,5 гады, альбо крыху менш, беручы пад увагу тое, што я доўга знаходзіўся ў турме, а не ў лагеры. Я думаў, што прасяджу ўвесь тэрмін. Апроч таго я разумеў, што я буду ўвесь час жыць пад пагрозай новай крымінальнай справы. Заўсёды можна знайсці людзей, якія з-за ціску ці абяцання вызвалення напішуць на мяне любы данос. Напрыклад, што я заклікаў падтрымліваць Украіну і будзе новы тэрмін ужо не на 2, а на 7 год. Я думаў, што гэта абсалютна рэальна.

Якое было да Вас стаўленне за кратамі?

- Рознае было стаўленне. За ўвесь час майго знаходжання ў няволі ў мяне ані разу не было канфліктаў з іншымі вязнямі. Мне пашанцавала, ва ўсіх камерах, дзе я быў, у мяне складваліся добрыя адносіны са зняволенымі. З боку адміністрацыі было рознае стаўленне. Але я не сутыкнуўся з тым, чаго чакаў, і што здаралася з іншымі палітвязнямі. У іх былі катаванні, Кара-Мурза ўвесь час сядзеў ва ўмовах парушэння законаў ды вынішчэння яго. Са мной аж так не было, але гэта не азначае, што не было прыніжэння і здзекаў.

Ці пасля смерці Навальнага Вы адчулі пагрозу для сябе?

- Я даведаўся пра смерць Навальнага напярэдадні майго прысуду, на наступны дзень мяне пазбавілі свабоды. Я не пра сябе думаў, я адчуваў боль. Я ведаў Аляксея асабіста, і разумеў, якую ролю ён гуляе для апазіцыі і будучыні Расіі. Без Аляксея будучыня Расіі будзе больш складанай і праблемнай.

На Вашу думку, чаму Пуцін Вас пасадзіў і чаму адпусціў?

- Не думаю, што Пуцін асабіста вырашаў, што я павінен сесці, не трэба перабольшваць маё значэнне. Думаю маё зняволенне вырашалася на ўзроўні адміністрацыі прэзідэнта, а не асабіста Пуціна. Пасадзілі, таму што вядомая фігура, якая, будучы ў Маскве, не спыняла антываенных пратэстаў. З матэрыялаў справы я ведаю, што Цэнтр Э (па супрацьдзеянні экстрэмізму), то бок палітычная паліцыя, у момант маіх выхадаў з пікетамі на Чырвоную плошчу, пачаў пад мяне капаць. Яны выкарысталі адну з маіх публікацый, каб пасадзіць. Самае важнае для мяне, у тым, што першы прысуд для мяне быў даволі мяккі – вялізны штраф. Адразу пасля той самы пракурор пачаў дамагацца перагляду. Гэта азначае, што недзе ў адміністрацыі абурыліся ды запатрабавалі пасадзіць мяне. Яны не адразу хацелі мяне саджаць, а імкнуліся мяне выціснуць з краіны. Я застаўся і яны вырашылі мяне ізаляваць. Што тычыцца вызвалення, тут больш дзіўнага для мяне. Размовы ішлі пра розных людзей. Думаю, яны не хацелі, каб у турме заставаліся людзі з моцнай антываеннай пазіцыяй, каб яны сталі сімвалам змагання з рэжымам.

Ілля Яшын заявіў, што з Расіі ды расіян трэба зняць частку санкцый. На гэта міністр замежных спраў Літвы заявіў, што расіяне - саўдзельнікі ў вайне. Як вы глядзіце на гэтую справу?

-  Гэта важнае пытанне. Я не гатовы крытыкаваць каго-колечы з былых палітвязняў. У Яшына свой погляд, я магу сказаць толькі ад сябе. Нямецкі філосаф Карл Ясперс пасля канца ІІ Сусветнай вайны напісаў працу, якую я раю ўсім прачытаць, асабліва ў Расіі. Пра адказнасць і віну Германіі ды нямецкага народу і пра палітычную адказнасць. Ён сказаў, што ёсць адказнасць юрыдычная, палітычная ды маральная і ментальная перад Богам. Ментальна кожны сам вырашае пра сваю адказнасць перад Усявышнім. Юрыдычная адказнасць – гэта праз суд з доказамі. Калектыўнай юрыдычнай адказнасці не можа быць, а палітычная і маральная з боку народу ды грамадзян ёсць. На маю думку, грамадзяне Расіі нясуць палітычную адказнасць за тыя злачынствы, за ўсё што робіцца ад імя Расіі пуцінскім рэжымам ва Украіне.

Вы казалі неаднаразова, што Вы верыце ў будучыню Расіі, калі з’явіцца дэмакратычная Расія?

-  Расія была, ёсць і будзе. Адкрытым застаецца пытанне - якой яна будзе. Калі Расія стане цудоўнай і дэмакратычнай, я не ведаю. Аднак, на маю думку, максімальна праз 10 год я ды іншыя выгнаннікі зможам вярнуцца, каб яе будаваць. Магчыма гэта будзе і карацейшы час. Праз год ці 10 мы вернемся назад.

Размаўляў Віктар Корбут/Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч