Беларуская Служба

Польскі прадстаўнік па супрацьдзеянні дэзінфармацыі: Мы бачым у лукашэнкаўскай Беларусі сур’ёзную пагрозу

26.08.2024 15:30
Польскае радыё паразмаўляла з паўнамоцным прадстаўніком міністра замежных спраў Польшчы па супрацьдзеянні міжнароднай дэзінфармацыі амбасадарам Томашам Хлонем пра тое, хто з'яўляецца цяпер найбольшай крыніцай дэзінфармацыі (сярод лідараў Расія ды Беларусь), пра тое як можна супрацьдзейнічаць дэзінфармацыі.
Аўдыё
  • Амбасадар Томаш Хлонь пра пагрозу дэзінфармацыі з Расіі ды Беларусі
Ілюстрацыйны здымакScreenshot z Youtube

Міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі ў сваім праграмным выступленні ў Сейме звярнуў увагу на неабходнасць актывізацыі высілак па супрацьдзеянні дэзінфармацыі як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні. Польскі рад лічыць маніпуляванні інфармацыяй ды дэзінфармацыю – пагрозай для нацыянальнай бяспекі ды інтарэсаў Польшчы. У звязку з чым у рамках Міністэрства замежных спраў прызначаны паўнамоцны прадстаўнік па супрацьдзеянні міжнароднай дэзінфармацыі. Яго задачай з’яўляецца рэалізацыя стратэгіі і каардынацыя дзейнасці ў галіне выяўлення, маніторынгу і барацьбы з замежнай дэзінфармацыяй у супрацоўніцтве з міжнароднымі партнёрамі, а таксама ў каардынацыі з нацыянальнымі ведамствамі і ўстановамі, і таксама няўрадавымі арганізацыямі. Гэтую пасаду заняў вопытны дыпламат, былы Амбасадар Польшчы ў Эстоніі і Славакіі, былі кіраўнік Інфармацыйнага бюро НАТА ў Маскве Томаш Хлонь.

Польскае радыё паразмаўляла з амбасадарам пра тое, як можна супрацьдзейнічаць дэзінфармацыі. У першую чаргу дэзінфармацыя цяпер у асноўным распаўсюджваецца ў Інтэрнэце. Што гэтаму спрыяе?

- У першую чаргу тое, што ў інтэрнэце ёсць ананімнасць. Людзі хаваюцца за псеўданімамі, лічбамі. Гэта праблема, якой мы павінны актыўна цяпер заняцца. Пра гэта казаў і прэм'ер-міністр і міністр замежных спраў. Раней журналісты, асабліва ў друкаваных выданнях, бралі адказнасці за словы, а ў Інтэрнэце – гэтага няма. Для дзяржавы – гэта праблема, адсюль рашэнне міністра пра прызначэнне прадстаўніка па супрацьдзеянні дэзінфармацыі.

Ці палякі лёгка паддаюцца дэзінфармацыі, ці яны вераць ва ўсё, што прачытаюць у Сеціве?

- Мы больш паддаёмся, чым павінны быць. Ёсць прыклады з суседніх краін, што можна інакш, што можна змяніць сітуацыю, але тут патрэбны цэласны падыход. Урад павінен падыходзіць стратэгічна да дадзенага пытання, і патрэбна ўцягнутасць грамадства, грамадзянскай супольнасці, няўрадавых арганізацый. Маёй задачай з’яўляецца паспрыяць дыялогу паміж уладамі ды НДА, каб мы не толькі размаўлялі пра праблему, але і заняліся пошукам вырашэння. Нават супольнай барацьбой, бо гэта выключная пагроза ў звязку з важнасцю інфармацыйнай сферы. Тым больш, што тут няма адзінага вырашэння для гэтай праблемы. Патрэбныя сістэмныя дзеянні: юрыдычныя і медыйныя, асабліва адукацыя ды медыйная пісьменнасць.

Як вы сабе такую адукацыю ўяўляеце?

- Ёсць прыклады ў Скандынавіі, дзе медыйную пісьменнасць і крытычнае мысленне ўводзяць у школьную праграму. Але не як адзін прадмет, але дадаюць у розныя заняткі. Напрыклад, на матэматыцы вучаць, як выкрываць падман у статыстыцы. На занятках з рысавання вучаць як выкрываць фальшывыя ці падробленыя выявы. Гэта робіцца з малых гадоў, але там яшчэ ёсць давер да публічных медыяў. Напрыклад, у суседзяў немцаў, СМІ карыстаюцца вялізарным даверам. Без гэтага супрацьдзеяння дэзінфармацыі немагчымае. Але адзінага метаду тут няма. Да розных сацыяльных груп трэба розныя падыходы. Ключавое – наяўнасць палітычнай волі, што гэта трэба рабіць. Мы не павінны абмяжоўвацца толькі бюракратычнай логікай, але аб'яднаць наяўныя рэсурсы. Шукаць партнёраў, розныя СМІ, у тым ліку лакальныя. Пакуль мы на пачатку нашага шляху.

Хто найбольш распаўсюджвае дэзінфармацыю ў Еўропе? Расія?

- Расія - адназначна, але Кітай даганяе і выдаткоўвае ўсё большыя сродкі на дэзінфармацыю. Але кітайскі падыход адрозніваецца ад расійскага. Кітайцы не настолькі агрэсіўна хлусяць, яны больш робяць прапаганду. Кітай хоча, каб яго шанавалі і бралі прыклад, прасоўваннем займаецца кітайская дыпламатыя. Расійская дэзінфармацыя – вельмі агрэсіўная і спалучаная з іншымі гібрыднымі дзеяннямі, напрыклад, кібератакамі, хакерскімі ўзломамі, аварыямі. Гэта робіцца, каб ініцыяваць пратэсты ды непарадкі ў выніку распаўсюду дэзінфармацыі праз Сеціве. Гэта можа нават кончыцца зменай улады.

Якая роля Беларусі ў інфармацыйнай вайне, якую вядзе Расія?

- З польскага пункту гледжання, Беларусь адыгрывае важную ролю. Тамтэйшы рэжым аказвае падтрымку дзеяннямі Расіі, а сваім галоўным ворагам называе Польшчу. Шмат сродкаў на гэта выдаткоўваецца, працягваецца арганізацыя штучнага наплыву нелегальных мігрантаў, у чым вялікая роля дэзінфармацыі. Гэта для нас вельмі небяспечна. Мы бачым у лукашэнкаўскай Беларусі сур’ёзную пагрозу. Мы працуем над тым, каб узмацніць нашу ўстойлівасць у дачыненні з такой агрэсіяй.

Размаўляў Ёахім Цецерскі/Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч