Беларуская Служба

Генерал Полька: Збіванне расійскіх ракет, якія пагражаюць Польшчы, над Украінай павінна быць стандартам

03.09.2024 13:01
Паводле былога камандзіра спецпадраздзялення GROM, адсутнасць рэакцыі з боку Польшчы - гэта таксама пасыл Крамлю.
Аўдыё
  • Былы камандзір спецпадраздзялення GROM генерал Раман Полка
   GROM
Былы камандзір спецпадраздзялення GROM генерал Раман ПолькаWojciech Kusiński/Polish Radio

Польшча і іншыя краіны, якія мяжуюць з Украінай, павінны перахопліваць расійскія ракеты яшчэ да таго, як яны ўвойдуць у іх паветраную прастору, заявіў у інтэрв'ю брытанскай газеце Financial Times міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі. Кіраўнік МЗС патлумачыў, што Польшча абавязаная гарантаваць бяспеку сваіх грамадзян, нягледзячы на тое, што перахоп ракет над тэрыторыяй Украіны можа ўцягнуць НАТА ў вайну Расіі з Украінай.

«Членства ў НАТА не здымае з кожнай краіны адказнасці за абарону ўласнай паветранай прасторы – гэта наш канстытуцыйны абавязак. Асабіста я лічу, што калі варожыя ракеты нацэленыя на нашу тэрыторыю, іх перахоп зʼяўляецца апраўданым актам самаабароны, паколькі, калі яны перасякаюць нашу паветраную прастору, рызыка прычынення шкоды камусьці значна ўзрастае», – адзначыў Сікорскі.



Меркаванне Радаслава Сікорскага падтрымлівае былы кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі і былы камандзір спецпадраздзялення GROM, генерал Раман Полька(Roman Polko). У ацэнцы вайскоўца, гэта павінен быць стандарт:

- Цяжка рэагаваць толькі тады, калі аб'ект перасякае польскую мяжу. Апрача таго сам прэзідэнт Зяленскі неаднойчы заахвочваў, каб перакінуць сродкі рэагавання НАТА на тэрыторыю Украіны. Тут трэба падкрэсліць, што ўкраінскі лідар наогул імкнецца да таго, каб Заходнюю Украіну ахапіў ахоўны парасон НАТА. Аднак пра гэта пакуль зарана гаварыць. Гэта павінен быць стандарт, які ведае кожны радавы жаўнер: калі сродак паветранага нападу парушае паветраную прастору Польшчы, то ён павінен быць канчаткова знішчаны. І было б яшчэ лепш, калі б была згода зрабіць гэта за нашымі межамі.

Магчымасць збівання яшчэ над тэрыторыяй Украіны, аб’ектаў, якія пагражаюць Польшчы і іншым членам НАТА, крытычна ўспрыняў адыходзячы генеральны сакратар альянсу Енс Столтэнберг. Паводле яго, гэта яна можа прывесці да таго, што Паўночнаатлантычны альянс стане непасрэдным удзельнікам канфлікту.

Тут узнікае таксама іншая дылема - на прыкладзе паветранай абароны Украіны бачна, што таксама аскепкі збітай ракеты могуць нанесці сур’ёзныя шкоды мірнаму насельніцтву. Раман Полька пацвярджае, што такой рызыкі нельга пазбегнуць:

-  Наколькі гэта магчыма варожы аб’ект найлепш збіць над незаселенай тэрыторыяй. Хоць у такіх сітуацыях няма 100-працэнтнай гарантыі, што ніхто не пацярпіць шкоды. Тым не менш, пры мінімальнай рызыцы, лепш збіваць зброю, якая нацэлена на пэўную мэту і пагражае дзясяткам людзей, а таксама аб'ектам крытычнай інфраструктуры, чым даць яе дасягнуць мэты.  

Нагадваем, кіраўнік польскага МЗС Радаслаў Сікорскі ўзмацніў ціск на міжнароднай арэне на права Польшчы збіваць ракеты пад тэрыторыяй Украіны пасля таго, як 26 жніўня меркаваны расійскі дрон парушыў паветраную прастору краіны.

Генерал Раман Полька дадаў, што адсутнасць рэакцыі з боку Польшчы таксама з'яўляецца пасылам Крамлю:

- Гэта таксама пасыл Крамлю, калі мы не рэагуем на чарговы выпадак парушэння польскай паветранай прасторы і шукаем нейкіх апраўданняў нашай бяздзейнасці. Міністр Сікорскі, які выдатна разумее міжнародную палітыку, ужо раней гэта падкрэсліваў, што ў такіх выпадках трэба рэагаваць рашуча і рабіць адназначны пасыл. Дарэчы, такім чынам зрабіла Турцыя. Турэцкія ўлады аднaзначана паведамілі Расіі, што любы чужы аб’ект, які парушыць паветраную прастору Турцыі – самалёт, ракета, дрон - сустрэнецца з адказам.

Між тым, у польскай публічнай прасторы ўзніклі таксама меркаванні, маўляў парушэнні польскай паветранай прасторы - гэта правакацыя з мэтай паказаць эфектыўнасць польскай сістэмы супрацьпаветранай абароны.

«У мяне адзін сумнеў, наколькі праўду кажа польскае Мінабароны, запэўніваючы нас, што ўсе гэтыя выпадкі парушэння польскай паветранай прасторы былі пад кантролем», - задумоўваецца генерал Полька:

- Гэта пытанне, якое мяне хвалюе. Наколькі я ведаю, то польскія самалёты падымаюцца з мэтай сачыць за такімі аб’ектамі, паколькі нашая наземная сістэма яшчэ не да канца эфектыўная – яна знаходзіцца ў стадыі будаўніцтва. У сваю чаргу, аэрастаты, якія былі заказаныя ў амерыканцаў у рамках праграмы «Барбара», і якія здольныя сачыць за аб’ектамі на адлегласці да 300 кіламетраў,  толькі будуць пастаўленыя польскай арміі. Пакуль іх няма. Таму тут патрэбныя неадкладныя дзеянні з мэтай стварэння эфектыўнай сістэмы. Другая справа, ці F-16 наогул здольныя знішчыць настолькі невялікi аб’ект, як дрон. Для ракетаў, якія пераносяць сучасныя самалёты, гэта занадта малы і цяжкі для збіцця аб'ект. З такімі аб’ектамі павінны змагацца адмысловыя наземныя сістэмы абароны.

Дарэчы, адносна дронаў генерал Раман Полька звяртае ўвагу на значэнне беспілотных лятальных апаратаў у сучасных узброеных дзеяннях:

- На полі бою адбываецца тэхналагічная рэвалюцыя, у прыватнасці рабатызацыя. Яна праходзіць, між іншым, пры дапамозе беспілотных лятальных апаратаў. Зараз трэба будзе пісаць новыя падручнікi па ваеннай стратэгіі. Парадаксальна па гэтай справе армія можа вучыцца ў грамадзянскай авіяцыі, якая ўжо даўно павінна была справіцца з дронамі, што пагражаюць бяспецы самалётаў у ваколіцы аэрапортаў. Гэта сведчыць пра тое, што адпаведныя сістэмы на рынку ёсць. Час, каб яны былі ўкаранёныя таксама ў арміі з мэтай будавання эфектыўнай наземнай абароны, напрыклад, на мяжы. Дзеля таго не варта чакаць заканчэння будаўніцтва «Усходняга шчыта».

- пераконваў былы камандзір спецпадраздзялення GROM, генерал Раман Полька.



Нагадваем, гэтым летам Польшча падпісала з Украінай двухбаковае пагадненне аб бяспецы, у якім абедзве краіны абавязаліся вывучыць магчымасць перахопу ракет і беспілотнікаў, якія накіроўваюцца ў бок Польшчы, у паветранай прасторы Украіны ў адпаведнасці з неабходнымі працэдурамі, узгодненымі зацікаўленымі дзяржавамі і арганізацыямі.

PR1/аз

Генерал Козей: Трэба стварыць зону супрацьракетнай абароны НАТА ад расійскіх ракет

09.07.2024 16:30
Перамовы аб магчымым удзеле Польшчы і НАТА ў збіванні расійскіх ракет бярэ пад увагу заключаная ўчора дамова аб бяспецы.

Польшча абавязаная збіваць расійскія ракеты да іх траплення ў польскую паветраную прастору – Радаслаў Сікорскі

02.09.2024 15:43
Сікорскі ўзмацніў ціск на права збіваць ракеты пасля таго, як 26 жніўня меркаваны расійскі дрон парушыў паветраную прастору Польшчы.