Беларуская Служба

Крэмль прапануе расіянам словы замест сацыяльнай падтрымкі

09.09.2024 15:23
З высокіх трыбун у Расіі ўсё часцей гаворыцца пра дэмаграфічную катастрофу для нацыі. Пуцін загадаў павысіць нараджальнасць, чыноўнікі спаборнічаюць у прапановах, як гэта хутка зрабіць.
Аўдыё
  • Эксперт пра сацыяльную палітыку Крамля
Ілюстрацыйны здымакEPA/EKATERINA SHTUKINA / Dostawca: PAP/EPA.

У чым прычына такога аўралу: 20 год Крэмль ігнараваў дэфаграфію, а цяпер занепакоіўся. Расійскаму кіраўніцтву патрэбна больш «дарагіх расіян», каб праводзіць агрэсіўную ды экспансіянісцкую палітыку, тлумачыць прычыны эксперт.

У Расіі назіраецца падзенне ўзроўню нараджальнасці. На дадзены момант сярэдні каэфіцыент нараджальнасці ў гэтай краіне складае 1,4 дзіцяці на жанчыну. У выніку за мінулы год, паводле падлікаў ААН, у Расіі нарадзілася 1,3 мільёны дзяцей, тады як у ЗША , ЗША - 3 ,7 мільёнаў, у Еўропе - 4,4 мільёны, у Кітаі - 8,9 мільёнаў, у афрыканскіх краінах  - 42 мільёны.

Гэта адзін з самых нізкіх вынікаў у Расіі, да таго ж ён увесь час скарачаецца. Так па выніках першага паўгоддзя ў РФ з'явіліся на свет 599 тысяч  немаўлят – на 16,6 тысячы менш, чым за той жа перыяд 2023 года, вынікае са справаздачы Расійскага статыстычнага камітэта. Гэта рэкордна нізкі ўзровень. Паводле прагнозаў, гэтае зніжэнне будзе працягвацца аж да 2046 года. Прэсавы сакратар Крамля Пяскоў, назваў гэта катастофай.

- Мы жывём у самай вялікай краіне свету. А нас кожны год робіцца менш. А справіцца з гэтым можна толькі павелічэннем сярэдняга каэфіцыента нараджальнасці. Ён у нас зараз знаходзіцца на страшна нізкім узроўні - 1,4. Гэта параўнальна з еўрапейскімі краінамі, з Японіяй і гэтак далей. Але гэта катастрафічна для будучыні нацыі.

У адказ на гэта Пуін запатрабаваў павысіць каэфіцыент нараджальнасці да 1,8, “расіянам варта не рабіць аборты, а нараджаць як мага больш - «па 7, па 10» заяўвіў на днях дыктатар, выступаючы на Усходнім эканамічным форуме. Чынавенства, як цывільнае, так і царкоўнае кінулася выконваць дадзены загад. У першую чаргу яны патрабуць забараніць заходнія ідэалагічныя ўплывы. Так мітрапаліт Екацярынбургскі і Вярхатурскі Яўген загадаў казаць дзецям з нараджэння пра "традыцыйныя каштоўнасці", забараніць аборты ды Інтэрнэт, каб дзеці не начыталіся пра ЛГБТ і чайлдфры.

-  Калі гэтага не рабіць - а мы гэта не рабілі на працягу 30 гадоў, у нас сёння нараджальнасць ужо ў такім мінусе, што праз 30 гадоў на нашых землях могуць жыць зусім іншыя народы, якія памнажаюцца.

Памнажаюцца ў Расіі толькі чычэнцы ды тувінцы. У дакладзе «Дэмаграфічнае самаадчуванне рэгіёнаў Расіі-2022» найбольшы каэфіцыент нараджальнасці зафіксаваны ў Чачэнскай Рэспубліцы (3,115) ды Рэспубліцы Тува (2,861). Па-другое, расійскае чынавенства збіраецца павышаць нараджальнасць кантролем ды грашыма. Так дэпутат Дзярждумы Жана Рабцава, заклікала дзяўчат «нараджаць, нараджаць і яшчэ раз нараджаць" у 19 гадоў, бо «лепшыя сем'і - студэнцкія». Намеснік міністра юстыцыі Усевалад Вукалоў распавёў  аб планах заканадаўча забараніць «разбуральную ідэалогію чайлдфры» у Расіі. Першая намесніца старшыні камітэта Дзярждумы па пытаннях сям'і Таццяна Буцкая заявіла, што за нараджальнасцю ў сем'ях супрацоўнікаў павінен сачыць кожны працоўны кіраўнік.

Найдалей з радамі зайшоў дырэктар ЦЭМІ РАН Альберт Бахцізін, прапанаваўшы правесці «адмысловую дэмаграфічную аперацыю», то бок рассяліць расіянак па вёсках для павелічэння нараджальнасці.

Апроч гэтага чыноўнікі абяцаюць расіянам грошы за дзяцей. Улады Чэлябінскай вобласці на днях прынялі законапраект, паводле якога студэнткам будуць выплачваць мільён рублёў (каля 10 тысяч долараў), калі яны паспеюць нарадзіць першынца да 24 гадоў. У Расіі пачнуць выплачваць грошы за нараджэнне дзяцей ад удзельнікаў СВА. Першым такую ​​заахвочвальную праграму ўвёў Пермскі край. Памер аднаразовай выплаты складзе 128 тысяч рублёў пры нараджэнні аднаго дзіцяці.

Пры гэтым чынавенства маўчыць пра тое, што насельніцтва Расіі скарачаецца даўно і рэгулярна. У апошнія гады расіяне адчуваюць вялікую трывожнасць і таму адкладаюць нараджэнне дзяцей. Напрыклад, за першыя шэсць месяцаў 2024 года расіяне патрацілі на кантрацэптывы 19,3 мільярда рублёў. Гэта максімум за апошнія пяць гадоў.  Свой унёсак мае і СВА ды звязаныя з вайной хвалі эміграцыі моладзі з Расіі.

Расійскія ўлады імітуюць клопат пра грамадзян. Насамрэч Крэмль клапоціцца толькі пра кантроль за грамадствам, перакананы палітолаг Паўлам Усавым.

- Пасля развал Савецкага Саюза Расія сутыкнулася з сур’ёзным дэмаграфічным крызісам. Гэта вынік ліквідацыі ўсіх дзяржаўных сацыяльных праграм, якія забяспечвалі ўстойлівы жыццёвы ўзровень. Пуцін з самага пачатку не быў зацікаўлены ў развіцці сацыяльных праграм. Сённяшняя Расія па-за буйнымі градамі ёсць тэрыторыяй, што дэградуе. Крэмль раскрадае рэшту краіны. На гэтым фоне кіраўніцтва намагаецца сацыяльныя праблемы замясціць гучнымі лозунгамі пра неабходнасць нараджэння, вялікай сям’і. Да гэтага ж дадаецца мілітарысцкую палітыку. Праз вонкавую імперскасць Крэмль імкнецца замяніць выміранне Расіі.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч