Наступ Украіны ў Курскай вобласці не зрабіў асаблівага ўражання на грамадзян Расіі. Расійскі апазіцыянер пракаментаваў настроі, якія пануюць у імперыі Пуціна, заявіўшы, што для іх «важна змесціва халадзільніка».
Rzeczpospolita паведамляе, што толькі палова расіян (51%) «уважліва сочыць» за падзеямі ў Курскай вобласці, дзе ўжо больш за месяц ідуць баі. Астатнія, аднак, «нешта чулі, але падрабязнасцяў не ведаюць» або ўвогуле нічога пра гэта не ведаюць.
Расійскія сацыёлагі лічаць, што расіяне гэтую тэму ўжо «пераварылі». Як і частковую мабілізацыю ў 2022 годзе, безвыніковы мяцеж Яўгена Прыгожына ці сакавіцкі напад на падмаскоўны Крокус Сіці Хол.
Больш за тое, цікавасць да вайны, якую ў Расіі так і вайной не называюць, планамерна зніжаецца. Сёлета ў сакавіку — ажно 70 працэнтаў расіян заявілі, што назіраюць за падзеямі на Дняпры. Сёння пра гэта заяўляюць толькі 52 працэнты рэспандэнтаў адзначае Rzeczpospolita.
Таксама было адзначана, што большасць маладых расіян (18-39 гадоў) практычна зусім не цікавяцца вайной, якая доўжыцца ўжо больш за два гады. Больш за ўсё за канфліктам, які пачаў Пуцін, сочыць старэйшае пакаленне (55+). Гэтыя дадзеныя паходзяць з апошняга даследавання незалежнага расійскага цэнтра «Левада-цэнтр», які быў прызнаны «замежным агентам» у пуцінскай краіне.
Вынікі даследаванняў у інтэрв'ю выданню Rzeczpospolitа пракаментаваў праф. Уладзімір Панамароў, які прадстаўляе расійскую апазіцыю.
— Важна тое, што ў халадзільніку. Расіяне ніколі асабліва не цікавіліся тым, што адбываецца вакол іх. Яны пасіўна глыталі тое, што гаварылі па тэлевізары. Так было дзесяцігоддзямі. Ужо няма такой цікавасці да вайны, як на пачатку. Расіяне ўбачылі, што кардынальна нічога не мяняецца. Санкцыі таксама для 90% апытаных нічога не памянялі, бо расіяне і да 2022 году не ездзілі ў Заходнюю Еўропу і не трымалі там грошай на рахунках.
Панамароў звяртае таксама ўвагу на тое, што санкцыі супраць алігархаў далі такі вынік, што іхныя грошы не выцякаюць за мяжу, а вымушана застаюцца ў Расіі.
яс