Намеснік дырэктара Праграмы для замежжа Польскага радыё Пётр Пагажэльскі (Piotr Pogorzelski) вяртаецца да выбараў у Малдове. Яны сталі іспытам, які праеўрапейскія сілы ў Кішынёве ледзьве здалі. Перамога Маі Санду з невялікай большасцю галасоў і вынікі еўрапейскага рэферэндуму павінны прымусіць Брусель сур'ёзна задумацца над тым, якую палітыку праводзіць у краінах, дзе празаходні выбар яшчэ не вызначаны.
За Маю Санду прагаласавалі 55,33% малдаван, за яе апанента Аляксандра Стаянагла - 44,67%. Розніца даволі вялікая, але неабходна памятаць, што дзейны прэзідэнт мае падтрымку пераважна ў цэнтры Малдовы, а яе перамога была магчымай дзякуючы шматлікай малдаўскай дыяспары, пераважна на Захадзе. У сваю чаргу рэферэндум завяршыўся з вынікам 50,35% у карысць еўраінтэграцыі. Тут таксама ключавую ролю адыгралі малдаване, якія пражываюць у краінах Еўрасаюза, ЗША і Канадзе. Якія трэба зрабіць высновы?
На мой погляд, еўраінтэграцыя больш не павінна быць прывязаная да канкрэтнай палітыкі - піша аўтар. Так было ў Малдове, куды лідары Еўрасаюза ахвотна ездзілі, каб выказаць сваю падтрымку дзейнаму прэзідэнту і яе празаходняму курсу. Аднак ідэя Маі Санду сумясціць прэзідэнцкія выбары з рэферэндумам аб еўраінтэграцыі аказалася абсалютна правальнай. Вялікі негатыўны электарат дзейнага кіраўніка дзяржавы знізіў падтрымку празаходняга вектару на рэферэндуме. Напрыклад, павышэнне коштаў на газ і электраэнергію малдаване звязваюць з Маяй Санду, імідж якой папсавала стварэнне ланцужка асацыяцыі: рост цэн - прэзідэнт – еўраінтэграцыя.
Па-другое, Еўрасаюз павінен змяніць сваю інфармацыйную палітыку ў Малдове і Грузіі. Дзеянні Бруселя павінны быць больш распіяраныя. Парадаксальна, але адным з найбольш прарасійскіх рэгіёнаў Малдовы з'яўляецца Гагаузія, дзе Еўрасаюз выдаткоўвае велізарныя грошы. Гэта ніяк не ўплывае на вынікі выбараў. Рэгіён таксама арыентаваны на экспарт у ЕС. Нягледзячы на гэта, ён упарта галасуе за прарасійскіх палітыкаў. Многія малдаўскія эксперты адзначаюць уплыў расійскіх СМІ, за якімі ахвотна сочаць гагаузы. Расіяне таксама ўмела карыстаюцца гістарычным кантэкстам, каб прадставіць сябе абаронцамі праваслаўнай Гагаузіі.
Трэцяя выснова: Брусель дагэтуль не знайшоў адказу на абсурдныя расійскія прапагандысцкія выдумкі кшталту «гейропы», то бок веры ў тое, што пасля ўступлення ў Еўрасаюз у кожным горадзе Малдовы пачнуцца гей-парады, а мужыкі пачнуць ператварацца ў геяў. Гэтыя меседжы па-ранейшаму добра «прадаюцца» у праваслаўным асяроддзі, паўтараюцца духавенствам у праваслаўных храмах. ЕС тлумачыць, што спрабуе абараніць правы ўсіх меншасцяў, у тым ліку нацыянальных, але Масква імкнецца навязаць наратыў, што гаворка ідзе толькі пра адну меншасць - сексуальную. Пры гэтым не кажуць, што правы, тых жа гагаузаў былі б лепш абароненыя ў Еўрасаюзе, чым у Расіі.
Чарговая выснова выбараў: Расія не такая слабая, як думаюць на Захадзе. Пасля лютага 2022 года можна было прачытаць дзясяткі аналізаў, якія сцвярджалі, што расіяне насамрэч занятыя толькі вайной ва Украіне і не маюць сілы праводзіць аперацыі ў такіх краінах, як Малдова ці Грузія. Пабудова цэлай сеткі пакупкі галасоў (ад 130 тысяч да 300 тысяч) малдаван, прапаганда, якая перайшла з тэлебачання ў Telegram, і перавозка выбаршчыкаў з Расіі ў консульствы ў Стамбуле, Баку і Мінску - даказваюць зусім адваротнае. Ніхто не верыць, што гэта зрабіў сам Ілан Шор, малдаўскі алігарх, які жыве ў Маскве і адтуль вядзе палітычную дзейнасць у Малдове. Тут бачная рука Крамля, які, на думку заходніх аналітыкаў, павінен быць заняты толькі вайной ва Украіне.
Замест сур’ёзных разважанняў, мы бачым на Захадзе энтузіязм, што праеўрапейская Мая Санду здолела перамагчы на прэзідэнцкіх выбарах, а малдаване падтрымалі еўраінтэграцыю. Праблема ў тым, што наступным летам краіну чакаюць чарговыя выбары. Масква, безумоўна, да іх гатовая, але пытанне ў тым, ці гатовыя мы, то бок Захад.
Пераклад: Наталля Грышкевіч