Чым далей на поўдзень Еўропы, тым больш еўрапейцаў выказваецца за заключэнне перамір’я паміж Украінай і Расіяй. Між тым, імідж Расіі ў Балгарыі, традыцыйна дружалюбнай ёй краіне, рэзка ўпаў. Такія высновы з нядаўна праведзеных апытанняў, публікуе выданне Gazeta Wyborcza.
Паводле польска-нямецкага апытання Barometer, на пачатку вайны 87 працэнтаў палякаў падтрымлівалі як гуманітарную, так і ваенную падтрымку Украіны. Супраць было толькі 5 працэнтаў апытаных. Цяпер 63 працэнты выказваецца за дапамогу, а супраць - 20 працэнтаў.
Падтрымка Украіны знізілася таксама ў Германіі - з 58 да 49 працэнтаў. Супраць дапамогі Украіне выступае 31 працэнт апытаных немцаў.
Яшчэ летам, напярэдадні саміту НАТА, Еўрапейская рада па знешняй палітыцы (ECFR) правяла даследаванне, вынікі якога дазволілі падзяліць Еўропу на тры лагеры. У лагер «справядлівасці» ўваходзяць краіны, якія патрабуюць большай ваеннай дапамогі для Украіны, такія як Эстонія (68 працэнтаў апытаных), Швецыя (54 працэнты), Польшча (50 працэнтаў) і Вялікабрытанія (46 працэнтаў). Другая група - гэта краіны, у якіх грамадская думка вагаецца паміж працягам падтрымкі Украіны і заключэннем перамір’я з Расіяй. Сярод іх Францыя (36 працэнтаў рэспандэнтаў хочуць міру і 30 працэнтаў падтрымліваюць працяг паставак зброі), Іспанія (32 працэнтаў да 31 працэнта), Германія (31 працэнт да 41 працэнта) і Швейцарыя (29 працэнтаў да 42 працэнтаў). У апошнюю групу ўваходзяць таксама краіны, якія хочуць безумоўнага міру. Гэта Балгарыя (61 працэнт), Грэцыя (59 працэнтаў) і Італія (57 працэнтаў).
У лагеры тых, хто вагаецца, знаходзіцца суседняя з Польшчай Чэхія. Хаця надалей 40 працэнтаў рэспандэнтаў апытання STEM выказваецца за падтрымку Украіны, то адначасова 35 працэнтаў хоча ўзмацніць ціск на мірныя перамовы з Расіяй. Аднак, калі запыталіся ў чэхаў, ці перамір’е варта заключыць толькі тады, калі Украіна верне акупаваныя Расіяй тэрыторыі, то ажно 65 працэнтаў чэхаў адказалi адмоўна, а толькі 35 працэнтаў падтрымaлі далейшую барацьбу і дапамогу ўкраінцам.
70 працэнтаў чэшскіх рэспандэнтаў не хочуць прамога ўмяшання НАТА ва Украіне. У згаданай краіне таксама падае падтрымка гуманітарнай дапамогі ўкраінцам, хоць і не так рэзка, як у Польшчы.
У Чэхіі і Польшчы цяпер 53 працэнты рэспандэнтаў падтрымліваюць прыём украінскіх уцекачоў, але на пачатку вайны ў Польшчы іх было значна больш - ажно 94 працэнты, у Чэхіі толькі 56 працэнтаў.
Чэхі найбольш падзеленыя, калі гаворка ідзе пра меркаванні адносна ваеннай падтрымкі Украіны - 43 працэнты выказваецца за такую форму дапамогі, а 42 працэнты – супраць.
Між тым, сваё стаўленне да Расіі пачалі мяняць грамадзяне Балгарыі, сярод якіх значна ўзрасла падтрымка для прысутнасці краіны ў НАТА (з 28 працэнтаў да 40 працэнтаў), якая раней была адной з самых нізкіх у параўнанні з іншымі краінамі-членамі. Балгарыя, якая гадамі лічылася адной з найбольш прарасійскіх краінаў, пасля пачатку вайны рэзка змяніла сваё меркаванне пра Расію. У 2018 годзе, паводле апытанні інстытута Alpha Research з Сафіі, больш за 60 працэнтаў балгараў мелі станоўчыя асацыяцыі з Расіяй. Сёлета - толькі менш за 32 працэнты. Кожны трэці апытаны мае негатыўнае меркаванне аб Расіі, а кожны другі – аб Пуціне.
аз