Беларуская Служба

Маладыя палякі негатыўна ацэньваюць працу польскага ўраду

13.12.2024 12:30
Паводле даследаванняў, сярод выбаршчыкаў кіруючай кааліцыі дамінуюць расчараванне, страчаная надзея, паныласць.
-
Прэм’ер-міністр Дональд ТускPAP/Marcin Obara

Расчараванне, страчаная надзея, паныласць - такія эмоцыі зараз дамінуюць сярод выбаршчыкаў кіруючай кааліцыі. Прафесар Пшэмыслаў Садура з Факультэта сацыялогіі Варшаўскага ўніверсітэта, якога Dziennik Gazeta Prawna папрасіла ацаніць грамадскія настроі пасля года ўлады ўраду Дональда Туска, паставіў адзнаку 3 і плюс «для заахвочвання». Як кажа навуковец, паводле розных даследаванняў грамадскай думкі, праводжаных адпошнім часам, як сярод прыхільнікаў цяперашняй улады, так і ейных праціўнікаў дамінуюць негатыўныя настроі.



Сярод станоўчых зменаў, якія заўважаюць рэспандэнты – перш за ўсё, адносіны з Еўрасаюзам і змены ў СМІ. Аднак, калі гаворка ідзе пра судовую сістэму, то пераважае перакананне аб хаосе.

Выбаршчыкаў кіруючай «кааліцыі 15 кастрычніка» раз'ядноўвае пытанне прыцягнення да адказнасці прадстаўнікоў папярэдняй улады.

«Вакол гэтага пытання ўзнікла вельмі моцная база прыхільнікаў «Грамадзянскай кааліцыі» і, магчыма, нават самога Дональда Туска. Гэта фанатычны электарат, большы, чым фанатычны электарат «Права і справядлівасці», таму што ён складае палову выбаршчыкаў «Грамадзянскай кааліцыі»», - пераконвае прафесар Садура.

Сацыёлаг адзначыў, што даследаванне паказала, што дзве траціны палякаў - у тым ліку шмат выбаршчыкаў ПіС - «жадалі б бачыць у турме палітыкаў, адказных за скандалы папярэдняга ўрада».

У сваю чаргу цікавыя вынікі даследаванняў, праведзеных выдавецтвам More in Common Polska і фондам «Важныя справы»  публікуе Rzeczpospolita. Паводле іх, ад кіруючай кааліцыі адварочваюцца маладыя палякі. Сярод моладзі ва ўзросце 18-29 гадоў самай папулярнай партыяй з’яўляецца крайне правая «Канфедэрацыя» ( з вынікам 26 працэнтаў). Падтрымка «Грамадзянскай кааліцыі» ў гэтай групе складае усяго 15 працэнтаў.

Штодзёнка нагадвае, маладыя выбаршчыкі былі важным элементам дэмаграфічнай сілы, якая – у тым ліку праз высокую яўку – прывяла да перамогі ў мінулым годзе цяперашняй кіруючай кааліцыі.

У сваю чаргу апытанне Opinia24 паказвае «вялікую дэмабілізацыю сярод маладых жанчын». У гэтай групе па-ранейшаму найбольшую падтрымку мае «Грамадзянская кааліцыя», але амаль 30 працэнтаў самых маладых жанчын-выбаршчыкаў зараз не ведаюць, за каго будуць галасаваць. Паводле газеты, гэта сведчыць аб вялікім расчараванні, якое з'яўляецца вынікам невыканання перадвыбарчых абяцанняў адносна правоў жанчын.

аз

Сікорскі пра год кіравання ў МЗС: Супрацьракетная база ў Рэдзікове, узмацненне візавай сістэмы

13.12.2024 11:00
13 снежня спаўняецца год працы кааліцыйнага ўрада на чале з Дональдам Тускам.