Беларуская Служба

МЗС Польшчы: Праца Камісіі па расійскім уплыве не перашкодзіць выбарам

31.05.2023 15:21
«Праца камісіі не будзе абмяжоўваць магчымасць выбаршчыкаў галасаваць за сваіх кандыдатаў на выбарах. Наадварот, яны забяспечаць грамадству лепшы доступ да інфармацыі па пытаннях, жыццёва важных для нацыянальнай бяспекі», – гаворыцца ў афіцыйнай заяве МЗС Польшчы..
Аўдыё
  • МЗС Польшчы: Праца Камісіі па расійскім уплыве не перашкодзіць выбарам
  ()
МЗС Польшчы (ілюстрацыя)Крыніца: gov.pl

29 траўня прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда аб'явіў аб сваім рашэнні падпісаць закон аб стварэнні Дзяржаўнай камісіі па расследаванні расійскага ўплыву на ўнутраную бяспеку Польшчы ў перыяд з 2007 па 2022 гады. Гэты закон будзе накіраваны ў Канстытуцыйны суд для дадатковага аналізу на прадемт адпаведнасці дзейснаму заканадаўству. Мэтай працы камісіі зʼяўляецца высвятленне наступстваў расійскага ўплыву на Польшчу.

Прэзідэнт Польшчы падкрэсліў неабходнасць яснасці ў адносінах да расійскага ўплыву, асабліва ў святле абмеркавання гэтых пытанняў у ЗША, Францыі і Германіі. Ён таксама зазначыў, што пытанні расійскага ўплыву і фінансавых маніпуляцый павінны быць разгледжаны на еўрапейскім узроўні. У сувязі з гэтым ён звярнуўся да прэмʼер-міністра Польшчы Матэвуша Маравецкага з просьбай вынесці гэтае пытанне на разгляд Еўрапейскай рады, дзе сустракаюцца вышэйшыя кіраўнікі еўрапейскіх краін і прымаюцца важныя палітычныя рашэнні, якія тычацца Еўрапейскага саюза.

Законапраект, у прыватнасці, прадугледжвае, што наваствораная камісія зможа адмяняць адміністрацыйныя рашэнні, выдадзеныя ў выніку ўплыву Расіі, забараняць выкананне функцый, звязаных з распараджэннем дзяржаўнымі сродкамі, на тэрмін да 10 гадоў. Кіраўніка камісіі будзе прызначаць прэмʼер-міністр Матэвуш Маравецкі.

Крытыкі ўрадавай ініцыятывы, у тым ліку, апазіцыйныя партыі і юрыдычнае асяроддзе лічаць, што новаўвядзенні могуць быць выкарыстаны для палітычнай барацьбы. Стварэнне такой камісіі выклікала занепакоенасць і заходніх хаўруснікаў Польшчы, у тым ЗША.

У адказ на заклапочанасць амерыканцаў з нагоды падпісання прэзідэнтам дакументу аб стварэнні камісіі польскае міністэрства замежных спраў выступіла з заявай. У інтэрвʼю тэлеканалу TVP Info намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Павал Яблоньскі заявіў, што польскі бок у любы момант можа развеяць сумневы саюзнікаў:

-У той жа час мы ясна даем зразумець, што гэта пытанне нацыянальнай кампетэнцыі. Польскае заканадаўства – кампэтэнцыя Польшчы, амэрыканскае – кампэтэнцыя ЗША. Гэта ўсё нармальныя рэчы, але ў той жа час мы гатовыя тлумачыць, калі ёсць памылкі, няправільныя інтэрпрэтацыі.

Павел Яблонскі таксама адзначыў, што абвінавачванні і нападкі на адрас камісія, якая будзе створана, зʼяўляюцца вынікам няведання прынятага акта. Да іх адносіцца магчымасць апеляцыі.

«Польшча паважае меркаванні і заўвагі сваіх саюзнікаў адносна нацыянальнага заканадаўства. Падкрэсліваючы, што прыняцце гэтых пастаноў зʼяўляецца суверэннай нацыянальнай кампетэнцыяй польскага парламента, мы заўсёды гатовыя растлумачыць любыя магчымыя памылковыя інтэрпрэтацыі і сумненні», – гаворыцца ў афіцыйнай заяве МЗС Польшчы.

Варшава адказала на асцярогі саюзнікаў адносна Закона аб камісіі па расследаванні расійскага ўплыву.

Дзярждэпартамент ЗША выступіў з заявай з нагоды законапраекту аб стварэнні Камісіі па расійскаму ўплыву. Дзярждэпартамент ЗША выказаў занепакоенасць тым, што прынятыя правілы могуць быць выкарыстаныя для ўмяшання ў свабодныя выбары ў Польшчы. Злучаныя Штаты падзяляюць занепакоенасць многіх назіральнікаў, што законапраект аб стварэнні камісіі па расследаванні ўплыву Расіі можа быць выкарыстаны для блакіроўкі кандыдатур апазіцыйных палітыкаў без адпаведных юрыдычных працэдур.

«Уплыў Расіі на ўнутраную бяспеку Польшчы павінен быць старанна расследаваны і падвергнуты грамадскаму кантролю. Нядаўна прыняты Закон аб Дзяржаўнай камісіі па вывучэнні расійскага ўплыву на ўнутраную бяспеку Рэспублікі Польшча ў 2007-2022 гадах гарантуе, што такое расследаванне будзе праводзіцца з максімальна магчымай празрыстасцю для грамадскасці і з захаваннем належнага прававога працэсу. Для забеспячэння бесстароннасці камісія будзе складацца з членаў, прызначаных усімі прысутнымі ў парламенце палітычнымі групамі», – гаворыцца ў паведамленні МЗС Польшчы на ​​афіцыйным сайце ведамства.

Крытыка амерыканцаў камісіі адносна расійскага ўплыву на Польшчу зʼяўляецца вынікам непаразумення. Такое меркаванне ў эфіры Польскага радыё выказаў намеснік міністра культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы Яраслаў Селін:

-Нічога антыканстытуцыйнага там няма. Тыя асобы, якія будуць пазначаны гэтым камітэтам як тыя, хто не павінен мець пэўных паўнамоцтваў, маюць права звярнуцца ў суд.

«Праца камісіі не будзе абмяжоўваць магчымасць выбаршчыкаў галасаваць за сваіх кандыдатаў на выбарах. Наадварот, яны забяспечаць грамадству лепшы доступ да інфармацыі па пытаннях, жыццёва важных для нацыянальнай бяспекі. Польшча высока цэніць саюз з ЗША і адкрытая да далейшага дыялогу па дыпламатычных каналах», – гаворыцца ў афіцыйнай заяве МЗС Польшчы.

iar/pr/gov.pl/эж