«Факт» даведаўся, што адбываецца з мігрантамі, якіх прывезлі ў Беларусь, але не адправілі да мяжы.
Крызіс на мяжы з Беларуссю доўжыцца з 2021 года. Яшчэ да нападу Расіі на Украіну Аляксандр Лукашэнка па ўзгадненні з Крамлём пачаў звозіць у Беларусь мігрантаў з розных куткоў свету, якіх потым адпраўлялі на мяжу з Польшчы. Беларуска-расійская практыка працягваецца дагэтуль.
«Польшча прыгразіла перакрыць ключавы кітайскі чыгуначны маршрут у Еўрасаюз у рамках дыпламатычнай гульні, накіраванай на запаволенне эскалацыі міграцыйнага крызісу на сваёй усходняй мяжы», – паведамляла агенцтва Bloomberg.
У сваю чаргу кіраўнік МЗС Радаслаў Сікорскі ў чэрвені заявіў, што Польшча аналізуе поўнае закрыццё памежных пераходаў з Беларуссю. Гэта выклікала рэзананс у Мінску, бо Лукашэнка баіцца закрыцця апошніх дзеючых памежных пераходаў з Польшчай. «У нас па-ранейшаму працуюць памежныя пераходы. Цяпер мы разглядаем, якія наступствы будуць для нашай эканомікі і мясцовай супольнасці. Фіны закрылі памежныя пераходы з Расіяй і бравіраванне скончылася», – сказаў Сікорскі ў эфіры TVN24.
– Польскія ўлады знайшлі слабое месца ў рэжыме Лукашэнкі, – пракаментаваў працэсы галоўны палітычны дарадца Святланы Ціханоўскай Францішак Вячорка.
У сувязі са змякчэннем абстаноўкі на мяжы і тым, што Лукашэнка пакуль не аддае далейшых загадаў аб масавых штурмах гэтага ўчастка, як раней, «Факт» запытаўся ў Аляксандра Азарава – кіраўніка апазіцыйнай беларускай арганізацыі BYPOL (створанай былымі супрацоўнікамі беларускіх праваахоўных органаў), што адбываецца з мігрантамі, якія знаходзяцца ў Беларусі.
«На дадзены момант часова прыпыненая атака мігрантаў на польска-беларускую мяжу. Але інфармацыі аб тым, што мігрантаў адправілі назад у краіны паходжання, не было. Яны ўсе чакаюць у Беларусі. Чакаюць далейшых указанняў. Пакуль большасць з іх не выклікаліся на штурм мяжы, але дамоў яны не вяртаюцца. Іх утрымліваюць службы Лукашэнкі», – заявіў Азараў.
«Ці будуць яны масава адпраўляцца на мяжу, залежыць ад Лукашэнкі. Ён аддае загады. Масавыя штурмы мяжы пакуль забароненыя. Беларускія памежныя службы цяпер не дазваляюць гэта зрабіць», – дадае ён.
Як распавядае кіраўнік BYPOL, кожны мігрант перад тым, як дабрацца да месца прызначэння, праходзіць праз «хаб» у Маскве. «Спачатку яны ляцяць туды самалётам, а адтуль вязуць у Беларусь», – тлумачыць ён.
«Лукашэнка вельмі баіцца, што мяжа з Польшчай будзе закрытая для кітайскіх тавараў, якія ідуць у Еўрасаюз. Экспарт у ЕС праз Беларусь вельмі важны для Кітая», – кажа Азараў.
Fakt.pl/вх