Беларуская Служба

«Гэта паварот», — кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы пра наступ на Курскую вобласць

09.08.2024 16:35
Расія кідае рэзервы на Курскі кірунак, у інтэрнэце прапануюць абвясціць Курскую народную рэспубліку. Што адбываецца ў Расіі і як на гэтыя надзвычайныя падзеі глядзяць эксперты?  
Аўдыё
  • Баявыя дзеянні ідуць усё бліжэй да Курчатаўскай АЭС, ад якой залежыць 90 працэнтаў прамысловых прадпрыемстваў вобласці.
Украінскія артылерысты на баявой пазіцыі фота: Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны

Расія разгортвае рэзервы цяжкай тэхнікі і авіяцыі ў дапамогу сваім войскам, якія абараняюцца ў Курскай вобласці. Украінскі наступ на расійскую тэрыторыю працягваецца чацвёрты дзень. Гэта першае ўварванне чужой арміі на тэрыторыю Расіі пасля 1945 года.

На відэа, апублікаваных у інтэрнэце, — спаленыя аўтамабілі, падбітыя танкі і бронетэхніка расійскай арміі. Расіяне не ведаюць, як сябе паводзіць, і публікуюць звароты да Уладзіміра Пуціна з просьбай аб дапамозе. Яны заяўляюць, што падтрымліваюць уварванне ва Украіну. Замест слоў суцяшэння пад іх допісамі з'явілася хваля крытычных каментароў: «вы падтрымліваеце напады на Украіну, не чакайце зараз спачування» і «Пуціну на вас пляваць, а вы ўсё роўна перад ім схіляецеся». Таксама гучаць прапановы аб абвяшчэнні стварэння Курскай народнай рэспублікі, якая ўвойдзе ў склад Украіны.

Некаторыя вайсковыя эксперты падкрэсліваюць, што сітуацыя сур’ёзная, бо ўкраінцы могуць акупаваць частку Курскай вобласці, уключна з Курскай АЭС.

Кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы Яцэк Севера ўважліва сочыць за сітуацыяй на ўкраінскім фронце. Ён мяркуе, што ва Украіне мы назіраем прадуманую і ў той жа час вельмі смелую аперацыю.

«Украінцы змаглі здзейсніць поўнамаштабную атаку, на сёння вядома, што яны зайшлі на некалькі дзясяткаў кіламетраў на сёння. Мы бачым, што аперацыя рыхтавалася доўгі час, яна добра скаардынаваная і добра прадуманая.  Аперацыя ўяўляе сабой паварот. Мы не толькі маем справу з атакай, але мы назіраем аперацыю такога маштабу, якія не праводзіліся на тэрыторыі Расіі з канца Другой сусветнай вайны», — кажа кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы.

Былы кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі генерал Станіслаў Казей мяркуе, што аперацыя ўкраінскіх войскаў у расійскай Курскай вобласці, незалежна ад стратэгічных мэтаў, ужо дасягнула прапагандысцкага поспеху, паказваючы, што Расія таксама мае свае слабыя бакі і не зможа аўтарытэтна дыктаваць умовы магчымага міру:

— Аперацыя, на мой погляд, паказвае свету, грамадскай думцы на Захадзе, што Расія не можа выйграць гэтай вайны. Не ёсць так, што Пуцін дыктуе ўмовы міру, перамоў, на ўмовах Пуціна трэба пагаджацца, бо як не, то ён выйграе. Украіна паказвае, што ёсць спосаб, магчымасць. Можа быць такая сітуацыя, што Расія ўжо не мае сілаў, каб выйграць вайну. Таму трэба Украіне дапамагаць.

Ежы Марэк Навакоўскі, былы амбасадар Польшчы ў Львове і Арменіі, гісторык і публіцыст, каментуе наступ украінцаў на расійскую тэрыторыю:

— Гэта, відавочна, спроба рэалізаваць тое, што дагэтуль рабілі расіяне, то бок прымусіць расійскую армію да змены прыярытэтаў, да перасоўвання фронту. Не думаю, што Украіна хацела б забраць Белгарад ці нешта іншае. Разам з тым уваход украінскіх войскаў на тэрыторыю Расіі змушае расіян наступальныя часткі з Данбасу перавесці на іншы кірунак. Такія правілы вайны. Важна, што гэта можа выклікаць эскалацыю з боку Расіі. Але маю надзею, што гэтага не адбудзецца, што гэта не будзе эскалацыя супраць саюзнікаў Украіны.

Уварванне рэгулярных украінскіх войскаў на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі з'яўляецца першай падобнай падзеяй у найноўшай гісторыі Расіі. Афіцыйна ні вышэйшае кіраўніцтва Кіева, ні ваеннае камандаванне пра аперацыю не паведамляюць. Толькі дарадца кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Украіны ацаніў, што наступ украінскай арміі на тэрыторыі ў РФ адпавядае прынцыпам абарончай вайны, а міжнародная рэакцыя ўзважаная — «большасць гэта проста ціха ўхваляе», — напісаў Міхаіл Падаляк.

З-за адсутнасці афіцыйных дадзеных інфармацыя аб ходзе ўкраінскай аперацыі часам адрозніваецца. Некаторыя крыніцы кажуць, што ўкраінцы прасунуліся ўжо больш чым на 25 км углыб расійскай тэрыторыі. Некаторыя ўкраінскія каментатары адзначаюць, што мэтай наступу можа быць расійская АЭС, размешчаная прыкладна ў 70 км ад мяжы.

Мэр Курчатава Курскай вобласці паведаміў аб баявых дзеяннях «за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад межаў горада», дзе размешчана Курская АЭС. Курскую АЭС таксама называюць «другім Чарнобылем», бо яна абсталявана тымі ж рэактарамі, што і ЧАЭС (РБМК-1000). Гэтыя рэактары састарэлыя і маюць мноства недахопаў, на сёння яны  лічацца аднымі з самых тэхналагічна недасканалых і «брудных» у свеце. Такіх на Курскай АЭС у працы два, і станцыю планавалі зняць з эксплуатацыі, маючы намер побач пабудаваць новую.

Расійскія ліберальныя СМІ паведамляюць, што ў Курскай вобласці адной з галоўных складанасцяў стала праблема бежанцаў. Жыхары вобласці масава перамяшчаюцца з прыгранічных раёнаў на непацярпелыя тэрыторыі. Але мясцовыя ўлады «апынуліся не гатовыя да такога». Праблемы звязаныя з тым, што ў Курскай вобласці няма досведу працы з бежанцамі, як, да прыкладу, у Белгарадскай вобласці.

IAR/вх