Беларуская Служба

Пачобут згодны пакінуць Беларусь, запэўнівае Анжаліка Борыс

12.08.2024 09:10
Пра гэта паведаміла Анжаліка Борыс, якая ў красавіку сустрэлася з палітвязнем у наваполацкай калоніі.
Анджэй Пачобутtwitter.com/Latushka

Паводле старшыні Саюза палякаў у Беларусі Анжалікі Борыс, польскі актывіст і журналіст Анджэй Пачобут, зняволены рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, яшчэ ў красавіку пагадзіўся пакінуць Беларусь, паведамляе Rzeczpospolita.

Паводле газеты, кіраўнічка непрызнаванага мінскім рэжымам СПБ была адзіным чалавекам, які меў магчымасць асабіста сустрэцца з журналістам, прысуджаным рэжымам да васьмі гадоў зняволення.

Спатканне з палітвязнем адбылося ў красавіку ў наваполацкай калоніі і доўжылася дзве з паловай гадзіны. Аб магчымасці сустрэцца з Анджэем Пачобутам Борыс прасіла ў лісце да Аляксандра Лукашэнкі.

«Па маёй просьбе ён (Пачобут - рэд.) пагадзіўся пакінуць краіну», - сказала Борыс у размове з выданнем. Паводле яе, Анджэй выглядаў вельмі дрэнна.

«Псіхічна ў яго ўсё добра, але фізічна ён выглядаў вельмі дрэнна. Ён вельмі схуднеў, я б яго не пазнала. Пры ім я неяк трымалася, але калі я выйшла з турмы, то проста плакала», – дадае Анжаліка Борыс.



Паводле газеты, Борыс перадала інфармацыю прэзідэнту Анджэю Дудзе, з якім сустрэлася 15 красавіка.

Кіраўнічка СПБ паясніла, што вырашыла распавесці пра дэталі сустрэчы з Пачобутам у сувязі з дыскусіяй, якая працягваецца ў Польшчы, а якая была выклікана абменам палоннымі паміж Расіяй і ЗША і здагадкамі палітыкаў аб тым, што, быццам бы, зняволены актывіст польскай меншасці не хоча пакідаць Беларусі.

Жонка зняволенага журналіста Аксана Пачобут таксама сцвярджае, што гэта няпраўда, што Анджэй не пагаджаецца на вызваленне з умовай выезду з Беларусі.

«Гэта глупства, мой муж у поўнай ізаляцыі і не мае магчымасці выказацца»,- пракаментавала яна ў сваім профілі ў Facebook.

Між тым, кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы, каардынатар спецслужбаў запэўніў, што польскі бок месяцамі настойвае, просіць і ўсяляк дамагаецца вызвалення Анджэя Пачобута. Ён адзначыў, што беларускі бок ніколі ні ў якой форме гэта не прапаноўваў. Тамаш Сямоняк дадаў, што частка мераў, якія прымае польскі бок па гэтай справе засакрэчаная.

Кіраўнічка СПБ сама адседзела год у турме. Яе вызвалілі ў сакавіку 2022 года, пасля таго, як ейная маці папрасіла Аляксандра Лукашэнку аб памілаванні. З таго часу, паводле выдання, Анжаліка Борыс працягвае сваю грамадскую дзейнасць у Беларусі і выкладае польскую мову. Пра сваю красавіцкую сустрэчу з Анджэем Пачобутам у турме яна пакуль не гаварыла з журналістамі.

аз

Намеснік міністра замежных спраў Польшчы: Перамовы наконт вызвалення Анджэя Пачобута вядуцца непасрэдна з Беларуссю

04.08.2024 14:57
Ён запэўніў, што міністр замежных справаў Радаслаў Сікорскі ўздымае пытанне палітвязняў на кожнай сустрэчы кіраўніцтва міністэрства.