Інтэрнэт-партал Onet.pl са спасылкай на нямецкі Welt піша, што Захад дазволіў Кітаю сябе падмануць. Еўропа спадзяецца, што Сі не такі ірацыянальны і ваяўнічы, як Пуцін. Гэта памылка. Абодва дыктатары засвоілі і захоўваюць камуністычную дактрыну, згодна з якой вышэйшая мэта апраўдвае кожнае злачынства. Паводле гэтай жа ідэалогіі паступаў камуністычны Савецкі Саюз, а цяпер паступае дыктатар Расіі Пуцін.
Аб гэтым папярэджвае нямецкі пісьменнік і журналіст Адрыян Гейгес (Adrian Geiges), які ведае Кітай як свае пяць пальцаў, бо працаваў там замежным карэспандэнтам, у яго жонка – кітаянка, шмат сяброў з Кітая. Нядаўна ён зноў наведаў краіну і пераканаўся, наколькі яна адрозніваецца ад той ілюзіі, у якую паверыў Захад. Ён напісаў кнігу «Фронт супраць свабоды», якая, паводле яго слоў, не скіраваная супраць кітайцаў ці расіян, а супраць ідэалогіі.
Аўтар параўноўвае Кітай з Савецкім Саюзам і Расіяй Пуціна. Уладзімір Пуцін калісьці заявіў, што ён вырашыў стаць членам Камуністычнай партыі, паколькі яму вельмі падабаліся і падабаюцца камуністычныя і сацыялістычныя ідэі. Кіраўнік Кітая Сі Цзіньпін мае ступень аспіранта ў галіне марксісцкай філасофіі і ідэалагічнай адукацыі. Яго сённяшнія прамовы часам падобныя на заявы савецкіх камуністычных лідараў. Некаторыя людзі ў Еўропе па-ранейшаму лічаць, што Кітай моцна адрозніваецца ад Расіі ці былога Савецкага Саюза, што ён значна больш рацыянальны і арыентаваны на бізнес. Вядома, кожная краіна мае свае асаблівасці. Аднак у Расіі ды Кітаі тэндэнцыя ідзе ў адным кірунку – папярэджвае нямецкі журналіст.
Наведаўшы Кітай, ён размаўляў з жыхарамі дзяржавы пра будучыню. Некаторыя, як, дарэчы, і ён сам, лічаць, што цэнтр цяжару ў свеце перасоўваецца ў бок Азіі. Скажам, адзін малады чалавек сказаў: «Я хачу, каб Кітай стаў галоўнай краінай у свеце». Але, калі гэта будзе Кітай пры Сі Цзіньпіне, гэта будзе катастрофа для свету – цытуе выданне Адрыяна Гейгеса.
нг