Міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі ў сваім праграмным выступленні ў Сейме звярнуў увагу на неабходнасць актывізацыі высілак па супрацьдзеянні дэзінфармацыі як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні. Польскі рад лічыць маніпуляванні інфармацыяй ды дэзінфармацыю – пагрозай для нацыянальнай бяспекі ды інтарэсаў Польшчы. У звязку з чым у рамках Міністэрства замежных спраў прызначаны паўнамоцны прадстаўнік па супрацьдзеянні міжнароднай дэзінфармацыі. Яго задачай з’яўляецца рэалізацыя стратэгіі і каардынацыя дзейнасці ў галіне выяўлення, маніторынгу і барацьбы з замежнай дэзінфармацыяй у супрацоўніцтве з міжнароднымі партнёрамі, а таксама ў каардынацыі з нацыянальнымі ведамствамі і ўстановамі, і таксама няўрадавымі арганізацыямі. Гэтую пасаду заняў вопытны дыпламат, былы Амбасадар Польшчы ў Эстоніі і Славакіі, былі кіраўнік Інфармацыйнага бюро НАТА ў Маскве Томаш Хлонь.
Польскае радыё паразмаўляла з амбасадарам пра тое, як можна супрацьдзейнічаць дэзінфармацыі. У першую чаргу дэзінфармацыя цяпер у асноўным распаўсюджваецца ў Інтэрнэце. Што гэтаму спрыяе?
- У першую чаргу тое, што ў інтэрнэце ёсць ананімнасць. Людзі хаваюцца за псеўданімамі, лічбамі. Гэта праблема, якой мы павінны актыўна цяпер заняцца. Пра гэта казаў і прэм'ер-міністр і міністр замежных спраў. Раней журналісты, асабліва ў друкаваных выданнях, бралі адказнасці за словы, а ў Інтэрнэце – гэтага няма. Для дзяржавы – гэта праблема, адсюль рашэнне міністра пра прызначэнне прадстаўніка па супрацьдзеянні дэзінфармацыі.
Ці палякі лёгка паддаюцца дэзінфармацыі, ці яны вераць ва ўсё, што прачытаюць у Сеціве?
- Мы больш паддаёмся, чым павінны быць. Ёсць прыклады з суседніх краін, што можна інакш, што можна змяніць сітуацыю, але тут патрэбны цэласны падыход. Урад павінен падыходзіць стратэгічна да дадзенага пытання, і патрэбна ўцягнутасць грамадства, грамадзянскай супольнасці, няўрадавых арганізацый. Маёй задачай з’яўляецца паспрыяць дыялогу паміж уладамі ды НДА, каб мы не толькі размаўлялі пра праблему, але і заняліся пошукам вырашэння. Нават супольнай барацьбой, бо гэта выключная пагроза ў звязку з важнасцю інфармацыйнай сферы. Тым больш, што тут няма адзінага вырашэння для гэтай праблемы. Патрэбныя сістэмныя дзеянні: юрыдычныя і медыйныя, асабліва адукацыя ды медыйная пісьменнасць.
Як вы сабе такую адукацыю ўяўляеце?
- Ёсць прыклады ў Скандынавіі, дзе медыйную пісьменнасць і крытычнае мысленне ўводзяць у школьную праграму. Але не як адзін прадмет, але дадаюць у розныя заняткі. Напрыклад, на матэматыцы вучаць, як выкрываць падман у статыстыцы. На занятках з рысавання вучаць як выкрываць фальшывыя ці падробленыя выявы. Гэта робіцца з малых гадоў, але там яшчэ ёсць давер да публічных медыяў. Напрыклад, у суседзяў немцаў, СМІ карыстаюцца вялізарным даверам. Без гэтага супрацьдзеяння дэзінфармацыі немагчымае. Але адзінага метаду тут няма. Да розных сацыяльных груп трэба розныя падыходы. Ключавое – наяўнасць палітычнай волі, што гэта трэба рабіць. Мы не павінны абмяжоўвацца толькі бюракратычнай логікай, але аб'яднаць наяўныя рэсурсы. Шукаць партнёраў, розныя СМІ, у тым ліку лакальныя. Пакуль мы на пачатку нашага шляху.
Хто найбольш распаўсюджвае дэзінфармацыю ў Еўропе? Расія?
- Расія - адназначна, але Кітай даганяе і выдаткоўвае ўсё большыя сродкі на дэзінфармацыю. Але кітайскі падыход адрозніваецца ад расійскага. Кітайцы не настолькі агрэсіўна хлусяць, яны больш робяць прапаганду. Кітай хоча, каб яго шанавалі і бралі прыклад, прасоўваннем займаецца кітайская дыпламатыя. Расійская дэзінфармацыя – вельмі агрэсіўная і спалучаная з іншымі гібрыднымі дзеяннямі, напрыклад, кібератакамі, хакерскімі ўзломамі, аварыямі. Гэта робіцца, каб ініцыяваць пратэсты ды непарадкі ў выніку распаўсюду дэзінфармацыі праз Сеціве. Гэта можа нават кончыцца зменай улады.
Якая роля Беларусі ў інфармацыйнай вайне, якую вядзе Расія?
- З польскага пункту гледжання, Беларусь адыгрывае важную ролю. Тамтэйшы рэжым аказвае падтрымку дзеяннямі Расіі, а сваім галоўным ворагам называе Польшчу. Шмат сродкаў на гэта выдаткоўваецца, працягваецца арганізацыя штучнага наплыву нелегальных мігрантаў, у чым вялікая роля дэзінфармацыі. Гэта для нас вельмі небяспечна. Мы бачым у лукашэнкаўскай Беларусі сур’ёзную пагрозу. Мы працуем над тым, каб узмацніць нашу ўстойлівасць у дачыненні з такой агрэсіяй.
Размаўляў Ёахім Цецерскі/Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч