Рэжым Аляксандра Лукашэнкі ўсяляк спрабуе ўзмацніць антыпольскі наратыў у сваім прапагандысцкім пасланні, піша Gazeta Polska Codziennie. Дзеля гэтага ў Брэсце былі расклееныя спецыяльныя плакаты, якія пераконваюць пра выдуманы прыгнёт грамадзян у Польшчы. Адметнай рысай беларускага сатрапа з'яўляецца антыпольскасць, піша газета. Ён гэта робіць з самага пачатку свайго дыктатарскага кіравання і няма ніякіх прыкмет таго, што адносіны да Польшчы Лукашэнка зменіць.
Спіс абвінавачанняў супраць сваёй заходняй суседкі доўгі.
Лукашэнкаўскі рэжым вінаваціць палякаў у тым, што яны рыхтуюцца да ўварвання ў Беларусь і захопу часткі яе тэрыторый. Таксама, што Варшава рэалізуе палітыку Вашынгтона па развязванні Трэцяй сусветнай вайны і правакацыйна мілітарызуе ўсходнія рубяжы краіны. Мінскія прапагандысты на выперадкі прыдумваюць усё больш абсурдныя гісторыі пра Польшчу, напр., што палякі галадаюць, а зімой замярзаюць. Прапаганда галосіць таксама, што многія ў Польшчы ахвотна пераехалі б у Беларусь, але баяцца адкрыта пра гэта казаць.
На памежным пераходзе Брэст-Тэрэспаль з'явіліся плакаты, на якіх паведамляецца, што "пакідаючы Беларусь, едзеш у краіну, якая забыла сваю гісторыю", "у якой не паважаюць права на сходы", і што ў Польшчы "на палях замест трактароў - танкі".
Газета адзначае, што незразумела чаму, гэтыя ілжывыя словы напісалі на польскай і англійскай мовах. Побач плакаты па-беларуску нагадваюць, што Беларусь, інакш чым Польшча, праяўляе клопат пра навакольнае асяроддзе і з павагай адносіцца да свайго мінулага.
Напрыканцы Gazeta Polska Codziennie зазначае, што прапагандзе вераць толькі паклоннікі лукашэнкаўскага рэжыму.
яс