Намеснік галоўнага рэдактара Gazeta Wyborcza Барташ Веліньскі (Bartosz Wieliński) каментуе ў выданні выбары ў Германіі, дзе ва ўсходніх федэральных землях перамагла або амаль перамагла партыя “Альтэрнатыва для Германіі”, хаця гэта не азначае, што ўлада ва ўсёй дзяржаве пяройдзе ў рукі крайне правых сіл. Аўтар лічыць, што поспех правых на выбарах выклікае мабілізацыю прыхільнікаў дэмакратыі.
“Гэта не 30-ыя гады мінулага стагоддзя, калі не было каму бараніць нямецкую дэмакратыю, а грамадства марыла аб моцнай руцэ, якая выцягне яго з крызісу, - піша Веліньскі. – Хаця, з іншага боку, неабходна задаць пытанне пра стан нямецкай дэмакратыі, калі амаль дзве трэція выбарцаў галасавалі або за крайне правых, або за крайне левых. Гэтае пытанне паяўляецца з 90-ых гадоў, калі на ўсходзе аб’яднанай Германіі пачалі гарэць першыя цэнтры для ўцекачоў. Для заходняй часткі краіны гэта быў урок, што дэмакратыю і палітычную культуру немагчыма прышчапіць, інвестуючы трыльёны марак у новыя дарогі, чыгунку ці рамонт дамоў. Пасля аб’яднання тысячы людзей з’ехалі, а для тых, хто застаўся ў былой ГДР, гэта быў горкі час беспрацоўя і галечы. Улады дзяржавы не зрабілі высноў з гэтага ўроку”.
У Германіі “карычневыя” не захопяць улады, але ў бліжэйшыя гады ў двух усходніх ландах (Цюрынгіі і Саксоніі) не будзе стабільнага ўраду. Гэта можа паўплываць і на стабільнасць усёй дзяржавы – мяркуе аўтар. І дадае, што гэта сцэнар як з расійскага падручніка.
нг