Беларуская Служба

Палітолаг з Расіі апелюе да магчымасці нанясення ядзернага ўдару па краінах НАТА

13.09.2024 13:06
Расія павінна выразна выказаць гатоўнасць прымяніць ядзерную зброю супраць краін, якія «падтрымліваюць агрэсію НАТА ва Украіне», заявіў расійскі палітолаг Сяргей Караганаў, які ўзначальвае Раду па знешняй і абароннай палітыцы. 
        ,  , ,   2024 .
Жанчына праходзіць міма помнікаў Вялікай Айчыннай вайны ў Курчатава, Курская вобласць, Расія, верасень 2024 г.EPA/STRINGER/PAP

Караганаў часта выказвае меркаванні, якія Крэмль не жадае заяўляць публічна, адзначае Reuters.

Караганаў у штодзённай газеце «Известия» заклікае пашырыць рамкі, у якіх Расія можа - у адпаведнасці са сваёй дактрынай — прымяніць ядзерную зброю. На яго думку, Расія магла б нанесці абмежаваны ўдар з выкарыстаннем ядзернай зброі супраць краіны НАТА, не выклікаючы ядзернай вайны.

На думку Караганава, ЗША блефуюць, сцвярджаючы, што гарантуюць сваім саюзнікам ядзерны парасон. Іншымі словамі, ЗША неабавязкова будуць выкарыстоўваць ядзерную зброю супраць Расіі, калі тая здзейсніць ядзерны ўдар, напрыклад, па адной з краін НАТА. Караганаў сцвярджае, што галоўнай мэтай расійскай ядзернай дактрыны павінна быць «забяспечыць упэўненасць усіх цяперашніх і будучых ворагаў у тым, што Расія гатовая прымяніць ядзерную зброю».

«Мне здаецца, што расіяне не змогуць выгнаць украінцаў з Курскай вобласці, не задзейнічаўшы ўсе рэсурсы, якія яны маюць на паўднёвым фронце, то бок цалкам пераключыўшыся на абарончыя дзеянні на паўднёвым фронце», — кажа падпалкоўнік запасу Мацей Каравай, аналітык выданняў Defense 24 і  Swiss Military Review у інтэрв'ю выданню Rzeczpospolita.

З 6 жніўня частка Курскай вобласці Расіі акупаваная ўкраінскімі войскамі. У цяперашні час вырашаецца, ці змогуць украінцы выкарыстоўваць амерыканскія ракеты ATACMS для атакі па цэлях у глыбіні Расіі (паводле Крамля, такую ​​згоду ўжо выказалі ЗША).

Заходнія эксперты, як піша Reuters, уважліва прыслухоўваюцца да заяваў Караганава, бо яны з'яўляюцца індыкатарам таго, што расійскія ўлады думаюць пра знешнюю, абаронную і ядзерную палітыку. Больш за год Караганаў заклікаў змяніць ядзерную дактрыну Расіі.

Нядаўна Крэмль заявіў, што перагледзіць гэтую дактрыну. Цяпер Расія можа прымяніць  ядзерную зброю толькі пры пагрозе тэрытарыяльнай цэласнасці або суверэнітэту краіны, і ў такой сітуацыі Расія можа ўжыць ядзерную зброю нават у тым выпадку, калі напад на Расію ажыццяўляецца з выкарыстаннем звычайнай зброі. На думку Караганава, дактрына ў яе цяперашнім выглядзе самазабойчая і безадказная, бо недастаткова стрымлівае ворагаў Расеі. Апошнія — як сцвярджае палітолаг — перакананыя, што Расія практычна ні пры якіх абставінах не будзе выкарыстоўваць ядзерную зброю.

Палітолаг сцвярджае, што з цяперашняй дактрынай Расія ідзе да катастрофы, бо ёй пагражае «смерць ад крывацёку на полі бою і эканамічнае знясіленне», што можа прывесці нават да развалу краіны. Караганаў таксама сцвярджае, што «вера ў тое, што абмежаванае прымяненне ядзернай зброі абавязкова вядзе да ядзернага армагедону, не вытрымлівае крытыкі».

Ён дадае, што размова ідзе не пра «небяспечны шлях», а пра «выратаванне свету і Расіі».

«Альбо мы выйграем гэтую вайну, альбо прайграем. Захад можа ваяваць бясконца, яму гэтая вайна вельмі выгадная», — папярэджвае Караганаў. Ён таксама сцвярджае, што яго прапановы накіраваны на абарону свету ад Трэцяй сусветнай вайны.

На думку некаторых аналітыкаў, Крэмль выкарыстоўвае заявы Караганава, каб прадставіць погляды, закліканыя напалохаць Захад і пераканаць яго ў тым, што Уладзімір Пуцін выглядае памяркоўным палітыкам у параўнанні з «ястрабамі» ў Маскве.

Rzeczpospolita/вх