Кіраўнік польскай дыпламатыі Радаслаў Сікорскі падкрэсліў, што абедзве краіны аднолькава ўспрымаюць пагрозы і жадаюць супрацьстаяць ім разам.
Цяпер ключавымі супольнымі дзеяннямі з'яўляюцца падтрымка Украіны і супрацьстаянне дзеянням Расіі.
— Як Захад мы павінны працягваць пастаўляць зброю Украіне, сістэм супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны. Таксама мяркуем, што трэба прыбраць абмежаванні на прымяненне зброі далёкага радыусу дзеяння, — адзначыў Сікорскі.
Кіраўнік амерыканскай дыпламатыі падкрэсліў важнасць намаганняў Польшчы, ЗША і іншых краінаў-сазнікаў у падтрымцы Украіны, якая пакутуе ад агрэсіі Расіі.
Аднак унутры НАТА працягваюцца дыскусіі аб магчымасці збіваць расійскія аб'екты да таго, як яны парушаць паветраную прастору Польшчы - заявіў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен.
Пасля сустрэчы з міністрам Радаславам Сікорскім у Варшаве Энтані Блінкен падкрэсліў, што ЗША «стаяць на баку Польшчы, якая мае права на самаабарону»:
— Калі размова ідзе пра парушэнне паветранай прасторы і суверэнітэту Польшчы і іншых саюзнікаў і партнёраў, перш за ўсё, мы, вядома, падтрымліваем права Польшчы на абарону. Падобна таму, як мы падтрымліваем права кожнага з нашых саюзнікаў абараняць сябе. У нас ёсць жалезная прыхільнасць пятаму артыкулу. Прэзідэнт Байдэн, калі ён быў тут, у Польшчы, сказаў, што Злучаныя Штаты адданыя абароне кожнага квадратнага сантыметра тэрыторыі НАТА.
У пачатку верасня кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў у інтэрв'ю Financial Times, што Польшча і іншыя краіны, якія мяжуюць з Украінай, абавязаны збіваць расійскія ракеты, перш чым яны ўвойдуць у іх паветраную прастору. Паводле міністра Сікорскага, Польшча абавязаная гарантаваць бяспеку сваім грамадзянам, нягледзячы на асцярогі ўцягвання НАТА ў вайну Расіі з Украінай.
У Варшаве дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен і міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі сумесна заявілі аб далейшай падтрымцы Украіны ў абароне ад расійскай агрэсіі.
Аднак доктар Войцех Масцібродскі (Dr Wojciech Mościbrodzki) з Універсітэту WSB Merito ў Гданьску, мяркуе што амерыканцы не хочуць, каб Украіна атрымала такую перамогу, якая прывяла б да падзення Расіі і распаду гэтай краіны, а таксама да пераходу ядзернай зброі ў рукі нейкіх военачальнікаў. Як ён сказаў у эфіры Польскага радыё 24, Польшча павінна зразумець, што дзеянні ЗША ніколі не будуць цалкам адпавядаць яе інтарэсам:
— Добрая польская замежная палітыка, маю надзею, што мы яе адбудуем, павінна палягаць на тым, што мы разумеем, на чым палягае палітыка амерыканская. Спрабуем на яе ўплываць з боку, які карысны для нас, але адначасова не крыўдуем, калі амерыканцы не рэалізуюць польскіх нацыянальных інтарэсаў. Бо гэта Вашынгтон, а не Варшава. Не будзем чакаць, што наш вялікі саюзнік будзе рэалізоўваць тое, пра што марыць Польшча.
Доктар Войцех Масцібродскі падкрэслівае, што хоць Польшча спрабуе пераканаць сваіх саюзнікаў павялічыць падтрымку Украіны і яе голас чуюць, на закліках заканчваюцца магчымасці ціску, які могуць аказваць польскія ўлады.
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен таксама адзначыў важнасць супрацоўніцтва ў сферы энергетычнай бяспекі, кібертэхналогій.
— Я таксама хачу падкрэсліць вельмі важнае супрацоўніцтва, якое мы маем, калі справа даходзіць да энергетычнай бяспекі. З 22 лютага Польшча дасягнула прагрэсу ў павышэнні сваёй энергетычнай бяспекі. Мы бачым гэта ў кантэксце прагрэсу па ўсёй Еўропе ў справе незалежнасці ад расійскай энергіі і развіцці розных крыніц і самазабеспячэння. Міністр Сікорскі і я абмеркавалі спосабы далейшай падтрымкі Злучанымі Штатамі адыходу Польшчы ад расійскай энергетыкі, спрыяючы вытворчасці бяспечнай, чыстай і надзейнай ядзернай энергіі.
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен адзначыў, што Злучаныя Штаты таксама ўдзельнічаюць у выдатках на абарону Польшчы.
Ён нагадаў, што Амерыка выдзеліла Польшчы крэдыт на 11 мільярдаў долараў на мадэрнізацыю арміі. Гаворачы пра інвестыцыі ў знішчальнікі F-35, верталёты Apache і супрацьракетныя сістэмы Patriot, Блінкен падкрэсліў, што яны важныя для бяспекі Польшчы, абароназдольнасці НАТА і ЗША.
IAR/PAP/вх