Адкрыццё супрацьракетнай базы ў Рэдзікове, узмацненне жорсткасці візавага рэжыму і аднаўленне Веймарскага трохкутніка - гэта, на думку кіраўніка МЗС Радаслава Сікорскага, адны з найважнейшых падзей за год працы МЗС пасля выбараў.
13 снежня спаўняецца год працы кааліцыйнага ўрада на чале з Дональдам Тускам. У гэтым часе пасаду міністра замежных спраў займае Радаслаў Сікорскі. Падсумоўваючы год існавання кааліцыйнага ўраду, кіраўнік МЗС пералічыў на платформе Х дзесяць, на яго думку, найважнейшых падзей у польскай замежнай палітыцы і МЗС.
У ліку найважнейшых дасягненняў міністр назваў адкрыццё супрацьракетнай базы ў Рэдзікове.
На яго думку, наступным важным крокам стала ўшчыльненне візавай сістэмы, у тым ліку: павышэнне цэн на візы, спыненне масавай выдачы студэнцкіх віз людзям без кваліфікацыі для навучання.
Сікорскі таксама падкрэсліў важнасць аднаўлення праграмнай прамовы міністра замежных спраў у Сейме, дыскусіі з парламентарамі і публічнага агучвання знешнепалітычных пазіцый.
Ён таксама звярнуў увагу на рэактывацыю Веймарскага трохкутніка і яго пашырэнне новымі формуламі, такімі як сустрэчы Вялікай пяцёркі ЕС плюс Вялікабрытанія, Украіна і Вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах.
Радаслаў Сікорскі падкрэсліў, што вельмі важна супрацьстаяць расійскай хлусні на міжнародных пляцоўках, у тым ліку ў Радзе бяспекі ААН і АБСЕ.
Да поспехаў можна аднесці таксама прафесіяналізацыю польскай замежнай службы, у тым ліку шляхам падачы заявак на прызначэнне 50 амбасадараў, пераважна прафесійных дыпламатаў.
Сярод найважнейшых падзей міністр назваў вызваленне студэнтаў у Нігерыі і польскага лекара з Чаду.
Міністр таксама звярнуў увагу на вяртанне эфектыўнай палітыкі ў дачыненні да польскай дыяспары.
Яшчэ адным важным дасягненнем Сікорскі назваў дэкларацыю Украіны аб гатоўнасці вырашаць праблемы, звязаныя з эксгумацыяй ахвяр Валынскай разні.
ав