Беларуская Служба

Журналісту-палітвязню Ігару Карнею дадалі яшчэ 8 месяцаў пазбаўлення волі

13.12.2024 16:12
13 снежня суд Шклоўскага раёна прызнаў палітзняволенага журналіста Ігара Карнея вінаватым у злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі ПК-17 паводле часткі 1 артыкула 411 Крымінальнага кодэкса.
 .
Ігар Карней. Ілюстрацыйны здымакРадыё Свабода

У якасці пакарання суддзя Аляксандр Тараканаў дадаў Карнею каля 8 месяцаў зняволення. З улікам новага прысуду журналіст выйдзе на волю не на пачатку лютага, а толькі ў кастрычніку 2026 года.

Паколькі гэта ўжо другая судзімасць па крымінальнай справе, існуе верагоднасць, што Ігара Карнея перавядуць на больш строгі рэжым утрымання за кратамі.

У шклоўскую калонію ён быў накіраваны адбываць прысуд зняволеннем за нібыта «ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні» (паводле часткі 3 артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса РБ).

22 сакавіка 2024 года суддзя Мінскага гарадскога суда Сяргей Кацэр прызначыў журналісту тры гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму і штраф памерам 20 тысяч рублёў.

Дзяржаўныя СМІ падчас суду над Ігарам Карнеем пісалі, што ён нібыта па матывах ідэалагічнай і палітычнай варожасці супрацоўнічаў з «экстрэмісцкай» арганізацыяй «Беларуская асацыяцыя журналістаў», якую ў лютым 2023 года КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем».

Агулам у няволі Ігар Карней знаходзіцца ўжо амаль паўтара года. Яго затрымалі 17 ліпеня 2023 года. Спачатку арыштавалі ў межах  адміністрацыйнай справы на 10 сутак. Потым прад’явілі крымінальнае абвінавачанне і перавялі ў СІЗА. Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала журналіста палітычным вязнем.

Крыніца: Беларуская асацыяцыя журналістаў