У правядзенні сумесных расійска-беларускіх вучэнняў «няма нічога новага». Гэта «рэчы, якія ўвесь час паўтараюцца». Пра гэта, паводле інфармацыі літоўскіх СМІ, заявіў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа падчас наведвання Віленскага кніжнага кірмашу 27 лютага, - паведамляе выданне «Позірк».
«Гэтыя вучэнні ўвесь час арганізуюцца для дэманстрацыі іх сілы. Мы не баімся гэтай сілы. У нас ёсць свае вучэнні, мы іх арганізуем разам з нашымі саюзнікамі - як сумесныя, так і двухбаковыя, - заявіў літоўскі лідар.
«Нам не трэба турбавацца аб тым, што думаюць гэтыя агрэсары за ўсходняй мяжы. Мы не будзем залазіць да іх у галовы і сэрцы, калі яны ў іх наогул ёсць. Мы павінны засяродзіцца на тым, што мы можам зрабіць самі і што мы можам зрабіць разам з нашымі саюзнікамі. Менавіта гэта мы зараз і робім», - падкрэсліў прэзідэнт Літвы.
Восенню 2025 года на беларускай тэрыторыі пройдуць сумесныя з Расіяй стратэгічныя вучэнні «Захад».
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі неаднаразова заяўляў аб планаваным нарошчванні расійскай ваеннай моцы і магчымасці ўзброенага ўварвання арміі РФ на тэрыторыю Польшчы, Літвы і Латвіі з тэрыторыі Беларусі па аналогіі з падзеямі 24 лютага 2022 года.
эж