Урад Эстоніі падтрымаў прапанову міністра замежных спраў Маргуса Цахкны аб спыненні дзеяння дагавора з Беларуссю аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання і прадухіленні ўхілення ад выплаты падаткаў, паведамляе «Позірк».
Паводле слоў Цахкны, якія прыводзіць прэс-служба эстонскага ўрада, дэнансацыя пагаднення – «гэта сігнал аб тым, што кампаніі і рэзідэнты краіны, якая ўдзельнічае ў агрэсіўнай вайне, не атрымаюць падатковых ільгот у Эстоніі».
«З 2022 года Беларусь удзельнічае ў агрэсіўнай вайне Расіі супраць Украіны і тым самым парушае нормы, якія з’яўляюцца асновамі міжнароднага права. Падобным дзеянням неабходна супрацьстаяць усімі спосабамі. Акрамя іншых захадаў, мы таксама зробім гэта, спыніўшы дзеянне двухбаковага дагавора аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання», – сказаў кіраўнік МЗС Эстоніі.
Цахкна нагадаў аб аналагічным рашэнні, прынятым Беларуссю ў аднабаковым парадку, адзначыўшы, што пагадненне не прадугледжвала «магчымасці прыпынення».
«Улічваючы агульную колькасць падаткаплацельшчыкаў, скасаванне пагаднення закранае адносна невялікую колькасць асоб, у першую чаргу рэзідэнтаў Беларусі, якія атрымліваюць пенсіі з Эстоніі. На сённяшні дзень у Беларусі працуе вельмі мала эстонскіх кампаній», – падкрэсліў міністр.
Паведамляецца, што ў выпадку праходжання ўсіх прававых працэдур пагадненне спыніць дзеянне ў Эстоніі з 1 студзеня 2026 года.
7 сакавіка 2024 года Савет міністраў Беларусі прыняў пастанову № 164 «Аб пытаннях падаткаабкладання», якая ў тым ліку прыпыніла да канца 2026 года «выкананне палажэнняў міжнародных пагадненняў аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання» ў дачыненні да 27 краін Захаду.
У лютым 2025 года Літва апавясціла Мінск аб дэнансацыі дагавора аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання і фіскальных парушэнняў, дакумент страціць сілу з 1 студзеня 2026 года.
У гэтым жа месяцы аб прыпыненні дзеяння аналагічнага пагаднення з Беларуссю паведаміла Вялікабрытанія.
аз