Беларуская Служба

Пяць гадоў таму сілавікі ўварваліся да студэнцкіх актывістаў, а таксама да выкладчыцы БДУ

12.11.2025 16:02
Усю групу абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту (ч. 1 арт. 342 КК) і летам 2021 года асудзілі ў межах адной крымінальнай справы на тэрміны ад 2 да 2,5 гадоў калоніі.
Вольга Філатчанкавафота: Беларуская служба Польскага радыё

Пяць гадоў таму раніцай 12 лістапада ў Мінску сілавікі ўварваліся дамоў да студэнцкіх актывістаў, а таксама да выкладчыцы БДУ. Усю групу абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту (ч. 1 арт. 342 КК) і летам 2021 года асудзілі ў межах адной крымінальнай справы на тэрміны ад 2 да 2,5 гадоў калоніі. Усе фігуранты справы былі прызнаныя палітзняволенымі, цалкам адбылі тэрміны зняволення, шмат хто з іх з’ехаў з краіны.

Затрыманыя студэнты і выкладчыца вучыліся і працавалі ў сямі розных сталічных вузах. Сярод рэпрэсаваных маладзёнаў былі будучыя архітэктары, мастакі, медыкі, філосафы, біёлагі і лінгвісты.

Усяго па «справе студэнтаў» затрымалі 12 чалавек: 11 студэнтаў і адну выкладчыцу. З іх дзевяць – жанчыны. Крымінальную справу разглядала суддзя Марына Фёдарава ў судзе Савецкага раёна Мінска. На абвяшчэнне прысуду 16 ліпеня 2021 года акрамя блізкіх сваякоў нікога не пусцілі. Студэнтаў прыехалі падтрымаць паслы розных еўрапейскіх краінаў, якія таксама не патрапілі ў суд. Будынак суда ахоўваў АМАП. Найменшы тэрмін далі студэнту Глебу Фіцнеру – два гады калоніі. І ён жа адзіны з фігурнатаў справы, хто прызнаў віну.

Першапачаткова фігурантаў справы абвінавачвалі ў тым ліку ў папярэдняй змове і арганізацыі 29 пратэсных акцый пратэсту паводле ч. 2 арт. 17 КК («злачынства, здзейсненае групай асоб па папярэдняй змове»), хаця большасць з іх не была паміж сабою знаёмая. У выніку ўсіх асудзілі паводле ч.1 арт. 342 («актыўны ўдзелу дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») Крымінальнага кодэкса.

У судзе незаконна агучвалі асабістае ліставанне студэнтаў, а іх відэазвароты супраць гвалту сталі рэчавымі доказамі ў судзе. Як адзначалі адвакаты падабаронных падчас спрэчак бакоў, у абвінавачваннях не было ніякай канкрэтыкі, іх не пацвердзілі фактычнымі дзеяннямі, а ўсё «будавалася на здагадках». Іншы абаронца заяўляў, што «ў абвінавачванні ёсць супярэчнасці» і яго «складана разабраць нават юрысту, не тое, што абвінавачаным».

Вясна/ав