Беларуская Служба

ISW распавёў, што стаіць за атакамі рэжыму Лукашэнкі на Літву

02.12.2025 12:47
Магчыма, што Мінск і Крэмль рыхтуюцца такім чынам да вайны.
   -   .
Пуцін і Лукашэнка - у адной камандзе. East News/ Laski Diffusion

Літва пакуль не ўскладала адказнасці за апошнія парушэнні сваёй паветранай прасторы аэрастатамі на кагосьці канкрэтнага, «хоць раней літоўскія чыноўнікі прыпісвалі аналагічныя ўварванні Беларусі», звярнуў увагу амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Аналітыкі нагадалі, што апошні раз улады Літвы былі вымушаныя прыпыніць працу аэрапорта Вільні з-за аэрастатаў, якія ляцелі ў яго бок, увечары 30 лістапада — у ноч на 1 снежня.

«Начныя назіранні аэрастатаў адбываюцца на фоне неаднаразовых падобных перасячэнняў з беларускай паветранай прасторы (апошні выпадак — у ноч на 29 лістапада), якія прыводзілі да закрыцця аэрапорта Вільні», — гаворыцца ў паведамленні.

Канстатуючы, што Расія «ўсё больш актыўна звяртаецца да тайных і адкрытых атак супраць Еўропы», ISW па-ранейшаму лічыць, што «працяглыя парушэнні паветранай прасторы, якія здзяйсняе РФ, верагодна, з’яўляюцца часткай яе намаганняў у межах “нулявой фазы” — больш шырокіх інфармацыйных і псіхалагічных дзеянняў па падрыхтоўцы ўмоў для магчымай будучай вайны паміж НАТА і Расіяй».

«ISW таксама працягвае лічыць, што Беларусь з’яўляецца фактычным саўдзельнікам РФ у вайне супраць Украіны, таму меркаваныя і пацверджаныя ўварванні ў паветраную прастору НАТА з беларускай паветранай прасторы з высокай верагоднасцю з’яўляюцца часткай больш шырокай “нулявой фазы” Расіі», — адзначылі эксперты.

Крыніца: Хартыя'97

нг