Беларуская Служба

15 сутак арышту прысудзілі жыхару Наваполацка, які патэлефанаваў у міліцыю і сказаў «Слава Украіне»

22.01.2024 11:25
Парушэнне палягала ў тым, што мужчына набраў нумар 102 і сказаў дзяжурнаму, які ўзяў слухаўку, «Слава Украіне».
Здымак мае ілюстрацыйны характарPexels/pixabay.com/CC0 Public Domain

Справу Барыса Казельскага 12 студзеня разбірала суддзя наваполацкага гарсуда Зінаіда Балаболава. Паводле судовай пастановы, 22 снежня мінулага года жыхар Наваполацка парушыў заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Парушэнне палягала ў тым, што мужчына набраў нумар 102 і сказаў дзяжурнаму, які ўзяў слухаўку, «Слава Украіне».

Суддзя вырашыла, што шляхам «публічнага ажыццяўлення званка» Казельскі «правёў несанкцыянаванае пікетаванне без дазволу Наваполацкага гарвыканкама, выказваючы свае грамадска-палітычныя, асабістыя і іншыя інтарэсы». І, паводле арт. 24.23 КаАП, мае быць арыштаваным на 15 сутак.

Зрэшты, выглядае, што тэлефонны зварот у міліцыю складаўся не толькі са згаданых вышэй двух словаў. Паводле міліцэйскага рапарта, згаданага ў судовай пастанове, у Наваполацкім ГАУС праводзілі праверку па факце абразы, якую Казельскі нібыта нанёс «пасадовай асобе дзяржаўнага органа пры выкананні службовых паўнамоцтваў». Ці пацвердзіўся гэты факт і ці была распачатая з гэтай нагоды адміністрацыйная або крымінальная справа, пакуль не вядома. Агучаны лозунг «Слава Украіне» стаў падставай для асобнага пратакола і наступнага судовага разбіральніцтва.

У судзе Барыс Казельскі не аспрэчваў, што гэтая фраза насамрэч была сказана, а памкненне патэлефанаваць у міліцыю патлумачыў тым, што ў той дзень быў нападпітку. Барыса Казельскага затрымалі праз 4 дні пасля тэлефанавання і праз суткі адпусцілі. Гэты тэрмін суд залічыў у час 15-суткавага арышту.

Незразумелай застаецца фармулёўка ў рашэнні суддзі Зінаіды Балаболавай наконт «публічнага ажыццяўлення званка» – хіба што Казельскі тэлефанаваў на нумар 102 у прысутнасці іншых людзей, якія маглі чуць змест размовы. Толькі пры такіх акалічнасцях можна ўбачыць у асабістай размове двух чалавек прыкметы несанкцыянаванага пікетавання. Але пра наяўнасць нейкіх «прысутных на пікеце» у судовай пастанове нічога не сказана.

Не выключана, што «публічнасць» стварылі самі міліцыянты – калі давалі праслухоўваць запіс тэлефоннай размовы трэцім асобам падчас праверкі па факце абразы. Толькі ў гэтым Барыс Казельскі аніяк не вінаваты.

ав/Віцебская Вясна