Беларуская чыгунка дапамагла завезці ў Расію ў абыход санкцыяў каля 90 новых люксавых аўтамабіляў, сцвярджае «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі», спасылаючыся на дакументы, якія пацвярджаюць гэта і якія аказаліся ў распараджэнні супольнасці.
Яе прадстаўнікі пішуць, што дакументы, якія трапілі да іх, дазваляюць ім упэўнена заявіць, што «Беларускай чыгунцы на ўсіх узроўнях выдатна вядомыя гэтыя шэрыя схемы, і хтосьці з яе кіраўнікоў гэтаму патурае, а «верныя« супрацоўнікі свядома ўдзельнічаюць».
Паводле інфармацыі «Супольнасці», аўтамабілі ў Расію праз Беларусь везлі ў 18 вагонах. У іх, сярод іншага, былі такія маркі аўтамабіляў як Lamborghini, Mercedes-Benz, BMW, Porsche, Ferrari, Bentley, Rolls-Royce.
Паводле ацэнак чыгуначнікаў, сума ўсіх новых паставак можа перавышаць 18 мільёнаў долараў ЗША.
Яны таксама расказалі пра розныя схемы паставак, у якіх удзельнічаюць кампаніі з Расіі, Літвы, Латвіі, Беларусі і Казахстану. Везлі аўтамабілі ў цягніках у асноўным праз Латвію, а з нядаўніх часоў – і праз Казахстан, а стаіць за ўсімі схемамі «вядомы памагаты рэжыму і «кашалёк« Лукашэнкі, уладальнік «Табакерак« Аляксей Алексін», сцвярджае супольнасць.
«Здаецца, вагоны для такіх перавозак «збіралі« па чыгуначных адміністрацыях і ўласніках (ёсць і літоўскія, і расійскія, і ўзбекскія). Гэтым займаецца літоўская кампанія «Авторайл Карго» у супрацы з расійскім ТАА «Транспартна-экспедыцыйная кампанія «ТрансАльянс-Цэнтр»», якая прадстаўляе як уласныя, так і ўзятыя ў арэнду / карыстанне вагоны іншых аператараў», – сцвярджаюць прадстаўнікі супольнасці.
Паводле іх, ва ўсіх выпадках адпраўнікам грузу з'яўляецца латвійская кампанія «Алпік Карга». На станцыі Ворша-Заходняя атрымальнікам пазначаная кампанія Алексіна «Энерга-Оіл».
Чыгуначнікі выявілі і вельмі хітрыя схемы праз Казахстан, дзе атрымальнік грузу – фізічная асоба. Адтуль машыны потым адпраўляюць у Беларусь.
У сакавіку 2022 году Еўрасаюз забараніў продаж прадметаў раскошы ў Расію або для выкарыстання ў Расіі. У пераліку забароненай прадукцыі, сярод іншага, аўтамабілі коштам больш за 50 тысяч еўра і запчасткі да іх.
Нядаўна Польшча, Літва і Латвія перасталі прапускаць праз межы з Беларуссю люксавыя аўтамабілі, на гандаль якімі з Расіяй наклалі санкцыі.
Журналісты-расследнікі высветлілі, што сетка беларускіх, расійскіх і еўрапейскіх кампаній у абыход санкцыяў увозіць з Еўропы ў Расію праз Беларусь люксавыя, а таксама грузавыя аўтамабілі.
Радыё Свабода
нг