Беларускі дыктатар Аляксандр Лукашэнка ў сераду прызнаў, што калі б паўночнакарэйскія салдаты сапраўды дапамагалі Расіі ў вайне ва Украіне, гэта было б эскалацыяй канфлікту, хоць раней ён заяўляў, што не верыць гэтым паведамленням.
Лукашэнка, які з'яўляецца адным з гасцей саміту БРІКС, што праходзіць у расійскай Казані, даў інтэрв'ю брытанскаму тэлеканалу BBC. У яго, між іншым, пыталіся аб паведамленнях аб тым, што Паўночная Карэя падтрымае Уладзіміра Пуціна ў вайне супраць Украіны, адправіўшы ваяваць некалькі тысяч сваіх салдат.
«Глупства. Ведаючы яго характар, Пуцін ніколі не будзе спрабаваць пераканаць іншую краіну задзейнічаць сваё войска ў спецаперацыі Расіі ва Украіне», — адказаў ён.
На далейшае пытанне аб тым, што, калі гэтыя паведамленні пацвердзяцца, ён прызнаў: «Гэта было б крокам да эскалацыі канфлікту, калі б узброеныя сілы любой краіны, нават Беларусі, апынуліся на перадавой. Нават калі б мы ўступілі ў вайну, гэта быў бы шлях да эскалацыі. Чаму? Таму што вы, англасаксы, адразу б сказалі, што з аднаго боку далучылася іншая краіна, таму ва Украіне будуць уведзеныя войскі».
Ён запэўніў, што Пуцін ніколі не прасіў яго даць беларускія войскі для ўдзелу ў вайне ва Украіне. «Ніколі. Ні ён, ні (былы міністр абароны) Сяргей Шайгу, ні цяперашні міністр абароны Андрэй Белавусаў ніколі не ўздымалі гэтае пытанне», — сцвярджаў ён.
Лукашэнка таксама сцвярджаў, што ў лютым 2022 года, калі Расія пачала поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну, ён не даваў ёй згоды на выкарыстанне тэрыторыі Беларусі для гэтых мэт. «Былі вучэнні з удзелам некалькіх тысяч расійскіх вайскоўцаў. Пуцін пачаў выводзіць гэтыя войскі з таго месца, дзе яны былі на поўдні Беларусі, па дарозе, уздоўж мяжы з Украінай. У нейкі момант частку гэтых войскаў ён перанакіраваў на Кіеў. Я ўпэўнены, што іх справацыравалі. Гэта Пуцін вырашае, як ён будзе выводзіць войскі», — растлумачыў Лукашэнка.
На пытанне, ці гатовы Пуцін прымяніць супраць Украіны тактычную ядзерную зброю, размешчаную ў Беларусі, ён адказаў: «Пуцін ніколі не прыменіць зброю, размешчаную ў Беларусі, без згоды прэзідэнта Беларусі». Але ён падкрэсліў, што ў пэўных сітуацыях гатовы даць такую згоду. "Я цалкам гатовы, інакш навошта гэтая зброя? Але толькі ў тым выпадку, калі бот аднаго (замежнага) салдата ўвойдзе ў Беларусь. У нас няма планаў ні на каго нападаць", — запэўніў ён.
У сераду Джон Кірбі, прэс-сакратар Рады нацыянальнай бяспекі ЗША, абвясціў, што ў кастрычніку з Паўночнай Карэі ў Расію былі перавезены не менш за 3000 салдат, якія зараз праходзяць навучанне ва ўсходняй частцы гэтай краіны. Ён падкрэсліў, што ЗША і саюзнікі абмяркоўваюць спосабы рэагавання на сітуацыю.
PAP/ав